тып вінтоўкі з аптычным прыцэлам для ўзбраення снайпераў. Выкарыстоўваецца для вядзення трапнай стральбы па адзіночных цэлях. Аптычны прыцэл паляпшае дакладнасць прыцэльвання, спрыяе назіранню ва ўмовах дрэннай бачнасці. Для стральбы ноччу выкарыстоўваюць прыцэлы начнога бачання або асвятленне сеткі аптычнага прыцэла.
Адрозніваюць С.в. неаўтаматычныя (магазінныя) і аўтаматычныя (самазарадныя). Найб. пашырана самазарадная С.в., напр., 7,62-міліметровая з аптычным прыцэлам 4-кратнага павелічэння канструкцыі Драгунова (Расія), прыцэльная далёкасць стральбы — да 1300 м, са звычайным адкрытым прыцэлам — 1200 м; найб. дзейсны агонь — да 800 м. Для С.в. выкарыстоўваюцца штатныя вінтовачныя патроны, а таксама снайперскія патроны, якія маюць больш стабільныя балістычныя характарыстыкі і забяспечваюць лепшую трапнасць стральбы. У камплект многіх С.в. уваходзіць штык-нож. Найб. выкарыстоўваюцца самазарадныя С.в.: 7,5-міліметровая FR—FI (Францыя), 7,62-міліметровая XM21 (ЗША), 7,62-міліметровая SSG-69 (Аўстрыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОЎН (Stone) Ірвінг (14.7.1903, г. Сан-Францыска, ЗША — 26.8.1989),
амерыканскі пісьменнік; стваральнік новага тыпу біяграфіі ў амер. л-ры. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. Аўтар раманізаваных біяграфій «Прага да жыцця» (1934, пра В. ван Гога), «Марак у сядле» (1938, пра Дж.Лондана), «Абарона Кларэнс Дэроу» (1941), «Яны таксама балаціраваліся» (1943), «Эл Уорэн» (1948), «Паходжанне. Біяграфічны раман пра Ч.Дарвіна» (1980) і біягр. раманаў «Бессмяротная жонка» (1944), «Праціўнік у доме» (1947), «Жанчына прэзідэнта» (1951), «Каханне вечнае» (1954), «Пакуты і радасці» (1961, пра Мікеланджэла), «Тыя, хто любяць» (1965), «Страсці розуму» (1971, пра З.Фрэйда), «Грэчаскі скарб» (1975) і інш., адметных гіст. і псіхал. дакладнасцю.
Тв.:
Рус.пер. — Моряк в седле. Мн., 1984;
Жажда жизни. Мн., 1987;
Страсти ума, или Жизнь Фрейда. М., 1999.
Літ.:
Комаровская Т.Е. Творчество Ирвинга Стоуна. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУД ПРЫСЯ́ЖНЫХ,
суд, у склад якога акрамя пастаянных суддзяў уваходзяць прысяжныя засядацелі; адзін з найб. дэмакратычных ін-таў судовай сістэмы і ўсёй сістэмы органаў дзярж. улады, які ўвасабляе прынцып непасрэднага ўдзелу народа ў ажыццяўленні правасуддзя. У класічным варыянце складаецца з лавы прысяжных засядацеляў — калегіі з 6, 12 або інш. колькасці грамадзян (адбіраюцца па выпадковай методыцы для дадзенай справы і вырашаюць пытанні факта злачынства) і аднаго ці некалькіх прафес. суддзяў, якія вырашалі пытанні права. Як правіла, С.п. разглядае крымін. справы ў першай інстанцыі. Узнік у Англіі ў 12—15 ст., у Еўропе і некат. інш. частках свету пашырыўся пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99. У наш час С.п. існуе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Ірландыі, Швейцарыі і інш. У Расійскай імперыі (у т. л. на Беларусі) С.п. існаваў у 1864—1917. З 1993 паэтапна ўводзіцца ў некаторых суб’ектах Рас. Федэрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ТСАН (Watson) Джон Бродэс (9 1.1878, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША — 25.9.1958),
амерыканскі псіхолаг, заснавальнік біхевіярызму. У 1908—20 праф. ун-та Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Пад уплывам эксперым. даследаванняў І.П.Паўлава, У.М.Бехцерава, Э.Л.Торндайка прадметам псіхалогіі лічыў паводзіны, а не свядомасць. Псіхічную дзейнасць разглядаў як сукупнасць сувязей «стымул — рэакцыя», а арганізм увогуле — як «самаарганізавальную машыну». Эмоцыі атаясамліваў з рэакцыямі ўнутр. органаў, мысленне — з работай галасавых мышцаў. Гал. задачай псіхалогіі лічыў даследаванне працэсаў навучання, якое, на яго думку, ажыццяўляецца шляхам «абумоўлівання» — выклікання мышачнай рэакцыі пры дапамозе пэўнага стымулу. Сцвярджаў, што законы набыцця вопыту аналагічныя ў чалавека і жывёл, а вопыт разглядаў як біял. прыстасаванне. Аўтар прац «Навучанне жывёл» (1903), «Псіхалогія з пункту гледжання біхевіярыста» (1913), «Паводзіны: уводзіны ў параўнальную псіхалогію» (1914) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Психология как наука о поведении // Бихевиоризм: [Сб.]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКО́Н (ням. Zirkon ад перс. заргун — залацісты),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, сілікат цырконію, Zr[SiO4], Мае да 67,1% ZrO2, прымесі да 24% HfO2 (альвіт); да 16% Y2O3 і Ce2O3 (хагаталіт); Ta2O5 і Hb2O5 (наэгіт); U3O8, ThO3 (малакон, цырталіт) і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае доўга- і кароткапрызматычныя або дыпірамідальныя крышталі, зросткі з інш. мінераламі, крыжападобныя двайнікі і інш.
Колер саламяна-жоўты (жаргон), пурпурна-чырвоны (гіяцынт), бясколерны (матураалмаз), ярка блакітны (штучна афарбаваны старліт), шэры, радзей зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Празрысты. Цв. 7,5. Шчыльн. 4—4,7 г/см³. Крохкі. Малаконы і цырталіты радыеактыўныя. Пашыраны акцэсорны мінерал магматычных і метамарфічных парод, трапляецца ў россыпах. Руда на цырконій, гафній і іх злучэнні. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, ліцейнай (фармовачныя пяскі) і вогнетрывалай керамічнай вытв-сцях. Радовішчы ў Расіі, Нарвегіі, Бразіліі, Аўстраліі, ЗША, Шры-Ланцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭМЕ́НТНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вырабе розных відаў цэменту, таксама азбестцэментных лістоў (шыферу) і труб, вапны для буд-ва, грануляванага мелу і інш.Найб. развіта ў ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Германіі, Францыі, Японіі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і інш.
На Беларусі Ц.п. узнікла ў 1914 з уводам у эксплуатацыю Ваўкавыскага цэментнага з-да (гл.«Ваўкавыскцэментнашыфер»; з 2001 наз. «Краснасельскбудматэрыялы», г.п. Краснасельскі, Гродзенская вобл.). З 1933 у г. Крычаў (Магілёўская вобл.) працуе цэментны з-д (гл.«Крычаўцэментнашыфер»), У 1940 выраблялася каля 200 тыс.т цэменту. У 1996 у г. Касцюковічы (Магілёўская вобл.) пабудаваны Касцюковіцкі цэментны завод. Асн. сыравіна — цэментныя карбанатныя і гліністыя пароды з Каменкаўскага радовішча мелу (Крычаўскі р-н), Камунарскага радовішча мергелю і мелу, радовішча Пушча і інш.Вытв-сць цэменту — 1,8 млн.т (2001).
П.І.Рогач.
Да арт.Цэментная прамысловасць. Беларускі цэментны завод у г. Касцюковічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАТЫРНА́ЦЦАЦЬ ПУ́НКТАЎ»,
умовы міру (14 артыкулаў), выкладзеныя прэзідэнтам ЗША Т.В.Вільсанам у канцы 1-й сусв. вайны ў пасланні да кангрэса ад 8.1.1918. Прадугледжвалі: адкрытыя мірныя перагаворы; поўную свабоду суднаходства; скасаванне мытных бар’ераў; устанаўленне гарантый, што забяспечвалі б скарачэнне ўзбраенняў; урэгуляванне калан. пытанняў; вызваленне Германіяй усіх акупіраваных тэр. Расіі, у т. л. Беларусі, і магчымасць Расіі самой вызначыць сваё паліт. развіццё; вызваленне і развіццё Бельгіі; вяртанне Эльзаса і Латарынгіі Францыі; аднаўленне акупіраваных Германіяй раёнаў Францыі; выпраўленне межаў Італіі ў адпаведнасці з нац. прыкметай; магчымасці аўт. развіцця народаў Аўстра-Венгрыі; вызваленне Германіяй акупіраваных тэр. Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, уступка Сербіі выхаду да мора; магчымасці аўт. развіцця нетурэцкіх частак Асманскай імперыі, адкрыццё праліва Дарданелы для суднаў усіх краін; стварэнне польскай дзяржавы; арганізацыя Лігі Нацый. Пасля вайны шэраг палажэнняў «Ч.п.» Вільсана рэалізаваны ў Версальскім мірным дагаворы 1919 і інш. дагаворах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці па вырабе шаўковых тканін з натуральных і сінтэтычных валокнаў (гл.Шоўк). Уключае вытв-сці: коканаматальную, шоўкапрадзільную, круцільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную. Найб. развіта ў Японіі, ЗША, Кітаі, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Індыі.
На Беларусі ткацтва шаўковых тканін пачалося ў 18 ст., калі на прывазной сыравіне працавала Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. З 1781 дзейнічалі Шклоўская шаўкаткацкая мануфактура, у канцы 19 — пач. 20 ст. — Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка і Лахазвянская шоўкакруцільная фабрыка. Сучасная Ш.п. створана пасля Вял.Айч. вайны. Найб. буйныя прадпрыемствы Ш.п. (2003): Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»; выпуск шаўковых тканін наладжаны на Магілёўскай стужкаткацкай фабрыцы, Кобрынскай прадзільна-ткацкай ф-цы, Слонімскай тэкстыльнай ф-цы і інш.Асн. сыравіна (хім. валокны) для Ш.п. вырабляецца на Беларусі. Выпушчана (2001) шаўковых тканін 36 491 тыс. пагонных метраў. Частка прадукцыі экспартуецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (паўн. падгрупа); мова шведаў. Афіц. мова Швецыі, адна з афіц. моў Фінляндыі. Пашырана таксама ў ЗША і Канадзе. Мае 7 груп дыялектаў: гаворкі свейскія, ёцкія, нарландскія, гутнійскія, паўн.-швед., усх.-швед., нарвежска-шведскія. Ш.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных і зычных гукаў, муз. націск; у марфалогіі — 4 тыпы спражэння дзеяслова, захаванне супіна, які выступае ў якасці нязменнай часткі аналіт. форм дзеяслова, агульны і ніякі род, 2 лікі і 2 склоны ў сістэме назоўніка, катэгорыя азначальнасці ў прыметніку; у сінтаксісе — цвёрды парадак слоў у сказе. Найстараж. пісьмовыя помнікі — рунічныя надпісы 9—12 ст. (каля 2500; гл.Рунічнае пісьмо). Помнікі лац. алфавітам з 13 ст. Сучасная літ. мова склалася ў 16—17 ст. на аснове свейскіх гаворак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ШНІГ (Schuschnigg) Курт фон (14.12.1897, г. Рыва, Італія — 18.11.1977),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстрыі. Юрыст. Вучыўся ў Інсбрукскім ун-це. З 1927 дэп.Нац. савета. У 1932—34 міністр юстыцыі, адначасова ў 1933—34 міністр асветы. Пасля забойства Э.Дольфуса з 30.7.1934 федэральны канцлер Аўстрыі, адначасова міністр асветы (1934—36), абароны (1934—38), замежных спраў (1936—38). З 1936 узначальваў Айч. фронт. Пад націскам А.Гітлера і ва ўмовах неспрыяльных унутр. і знешнепаліт. абставін змушаны заключыць аўстра-герм. пагадненні 1936 і 1938, якія прывялі да яго адстаўкі (11.3.1938) і аншлюсу Аўстрыі. У 1941—45 зняволены ў канцлагеры Заксенхаўзен. У 1947—67 жыў у ЗША (з 1948 праф. Каталіцкага ун-та ў г. Сент-Луіс). Аўтар твора «Рэквіем у чырвона-бела-чырвоным» (1978).
Літ.:
Hopfgartner A Kurt Schuschnigg: Ein Mann gegen Hitler. Graz, 1989.