ПАТАГЕ́ННЫЯ МІКРО́БЫ,
віды мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы чалавека, жывёл і раслін. Паводле характару жыўлення — паразіты і сапратрофы. Бываюць унутрыклетачныя паразіты (напр., узбуджальнікі сыпнога тыфу), пастэрэлы развіваюцца ў крыві, халерны вібрыён і сальманелы пасяляюцца ў кішэчніку, узбуджальнікі пнеўманіі (некат. кокі) выклікаюць пашкоджанне клапанаў сэрца і інш. Паводле функцыян. значэння адрозніваюць 3 групы фактараў, якія садзейнічаюць інфіцыраванню арганізма: інвазіўныя (напр., з дапамогай варсінак бактэрыі прыліпаюць да эпітэліяльных клетак слізістых абалонак); асаблівасці будовы, што надаюць устойлівасць да ахоўных сістэм арганізма (напр., утварэнне капсул); таксічныя (напр., узбуджальнікі батулізму ці слупняку маюць экзатаксіны, якія выклікаюць інтаксікацыю арганізма з выбіральным пашкоджаннем ц. н. с. без наяўнасці адпаведных бактэрый). Умоўна П.м., якія звычайна з’яўляюцца нармальнай мікрафлорай, становяцца патагеннымі пры зніжэнні агульнай рэзістэнтнасці макраарганізма і інш. зменах яго імуналагічнага статуса. Гл. таксама Патагенез, Патагеннасць.
А.І.Ерашоў.
т. 12, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),
клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).
Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ РУХО́МАЙ ПРЫ́НЦЫП у біялогіі,
вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.
Літ.:
Pawłowski J. Róg od a do z. Kraków, 1972.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Астэ́кл ’зусім дурны’ (мсцісл., вусн. паведамл. А. А. Крывіцкага). Рус. ярасл. остекле́л ’ашалеў’, укр. зах. остеклий злосны, шалёны’, польск. wściekły ’шалёны’. Нерэгулярнасць беларускай фанетыкі можа сведчыць пра нейкія кантамінацыі ці іншамоўныя (паводле А. Я. Міхневіча, вусн. паведамл. — ідыш) уплывы. Аднак наяўнасць адпаведнікаў на зусім розных рускіх і ўкраінскіх арэалах можа ўказваць на захаванне ў беларускай мове старажытнага слова, што абазначала шалёнага. Польскае слова звязана з коранем ciek‑ ’цячы’; пра семантычнае развіццё Гуер, LF, LVII, 522–528; Слаўскі, 1, 99; Брукнер, 61. З гэтым жа коранем, відаць, звязаны і ўсходнеславянскія словы. Семантыка развівалася ці паводле ст.-рус. течи ’хутка бегчы’, ці паводле течи ’бегчы (пра вадкасць)’ у сувязі з тым, што ў шалёных жывёл цячэ сліна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тпру — вокліч, якім спыняюць запрэжанага каня (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сержп. Прык.; мсцісл., З нар. сл.), тпруць ’тс’ (ТС), тпрр ’вокліч для спынення валоў і коней’ (Бес.), сюды ж тпру ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. тпру, птру, тпр — вокліч для спынення коней і іншых жывёл, рус. тпру, тпррр ’тс’, польск. tpru, tpr ’тс’. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, мажліва, звязаны з прр, трр ’тс’. Сюды ж тпру‑буць — вокліч на валоў (ПСл). Другая частка ўтварылася ў выніку мены ы > у ва ўсходнім Палессі ад *быць — падзыўнога да быкоў, параўн. асобныя воклічы да цяляці-бычка: бысь‑бысь, быся‑быся, быська‑быська (мсцісл., З нар. сл.), усе з асновай бы‑, якая да бык, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
інадапта́цыя
(ад ін- + адаптацыя)
наяўнасць у асобных груп жывёл такіх прыстасаванняў, якія ў ходзе эвалюцыі выяўляюцца недасканалымі і вядуць да вымірання гэтых груп.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
куты́кула
(лац. cuticula = скурка)
1) шчыльнае ўтварэнне на паверхні эпітэлію жывёл і чалавека;
2) тонкая плеўка, якая пакрывае эпідэрміс лістоў і сцёблаў раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
лака́цыя
(лац. locatio)
1) вызначэнне месцазнаходжання аб’екта з дапамогай лакатара;
2) здольнасць некаторых жывёл арыентавацца і шукаць корм пры дапамозе асобых органаў пачуццяў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)