адаспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; ‑спімся, ‑спіцеся; зак.

Аднавіць сілы працяглым сном пасля доўгай бяссонніцы; выспацца. [Алесь] парашыў пайсці дамоў паабедаць, ды як належыць адаспацца, але з гэтага намеру нічога не выйшла. Броўка. Толя за гэты час адаспаўся ў дзедавай будцы, адагрэўся каля жалезнай печкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абкуры́цца, ‑куруся, ‑курышся, ‑курыцца; зак.

1. Зрабіцца рудым, чорным ад дыму, зазнаць уздзеянне дыму.

2. Скурыць свой тытунь, папяросы да рэшты. Ламко з двума байцамі зайшоў ноччу ў хату папрасіць самасаду — абкурыліся за дарогу. Шахавец.

3. Стаць больш зручным, прыемным для курэння. Люлька абкурылася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́бел, ‑бла; мн. кублы, ‑оў; м.

Дзежка з вушкамі і векам, звычайна для захоўвання прадуктаў і рэчаў. [Андрэй] адчыніў кубел, выняў кавалак сала. Чарнышэвіч. Мукі.. пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана. Ракітны. За век напакаваліся, аж выпіраюць кублы палатна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́длы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Пасмы валасоў, поўсці ў жывёлы, звычайна скалмачаныя. Поп зараз прычасаў кудлы, апрануў расу, крыж начапіў на шыю ды паехаў. Якімовіч. / Пра клубы пылу, дыму, жмуты саломы, моху і пад. За акном праляталі неспакойныя, ірваныя кудлы дыму з паравоза. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іпаста́сь, ‑і, ж.

1. Царкоўны тэрмін для абазначэння адной з асоб хрысціянскай тройцы.

2. перан. Тое, што блізка, цесна далучаецца да каго‑, чаго‑н. іншага. У Таўлая не было дзвюх іпастасей. Сапраўдны паэт не можа не быць рэвалюцыянерам, калі яго народ змагаецца за вызваленне. Лужанін.

[Ад грэч. hypostasis — асоба, сутнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зазірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і заглянуць. Зазірнуць у твар. Зазірнуць у заўтрашні дзень. Зазірнуць пад лаўку. □ Хто яго ведае, па якой прычыне дзядзька не зазірнуў да нас. Дамашэвіч. Пакаштаваўшы радыску, вырваную прама з гладкі, Рыгор зазірнуў за амшанік. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змагчы́ся, змагуся, змошашся, зможацца; зак.

Выбіцца з сілы; аслабець. Вера доўга і адчайна вырывалася, драла пазногцямі твар, крычала, але сілы пакідалі яе, і яна хутка змаглася... Сачанка. Бегаў, ганяўся за конікам Кастусь, урэшце, змогся, стомлена паваліўся на світку і сам не заўважыў, як заснуў... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заўсёды, прысл.

У любы час, кожны раз, пастаянна. Заўсёды, уначы і ўдзень, на рабоце і ў часе адпачынку, кожную секунду, [Лялькевіч і Пеця] стаялі перад яе вачамі, і за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Шамякін. Палескія людзі заўсёды як героі змагаліся з усялякімі акупантамі на беларускай зямлі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дот, ‑а, М доце, м.

Збудаванне з каменю і жалезабетону для вядзення агню і ўкрыцця ад куль і асколкаў. Амбразуры дотаў, вокны ўмацаваных будынкаў выкідвалі шквал агню і металу. «Звязда». — Доты ставяць усюды, амбразуры ў дотах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Спешна і старанна пачаць рабіць што‑н.; рупна заняцца чым‑н. Дзеці палезлі за стол, а Юстына завінулася каля печы. Гартны. Паклала [бабка Параска] дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)