ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),
адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.
Літ.:
Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;
Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНТКО́ЎСКІ ((Piontkowski) Каспар) (1554—1612),
польскі драматург. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі, для якой на пачатак школьнага года напісаў п’есу «Цімон Гардзілюд» (каля 1584), куды ўвайшла першая інтэрмедыя на бел. мове. У ёй выкрываюцца псеўдавучонасць і чалавеканенавісніцтва; камічны эфект ствараецца спалучэннем ант. і мясц. элементаў. На творчасць П. паўплывалі ідэі еўрап. Адраджэння. Аўтар «Дыялогу аб міры для караля Стафана» (паст. 1582), дзе асуджаюцца захопніцкія войны, інтэрмедыі «Лікус, Скева, Секстус» (1584).
Тв.:
У кн.: Draniaty staropolskie. Warszawa, 1961. Т. 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),
у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.
П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў ўрадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫЯ СРО́ДКІ ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
прылады, інструменты і прыстасаванні для практычных вымярэнняў пры навук. даследаваннях, у вытв-сці, гандлі і інш. Падзяляюцца на меры, вымяральныя прылады, вымяральныя пераўтваральнікі, устаноўкі і сістэмы.
Вымяральныя ўстаноўкі і сістэмы — розныя спалучэнні мер, прылад і пераўтваральнікаў з дабаўленнем дапаможных прыстасаванняў для забеспячэння неабходных умоў вымярэнняў (крыніц току, пераключальных, рэгулявальных і вылічальных прыстасаванняў, стабілізатараў, тэрмастатаў, ліній сувязі і г.д.). Для паверкі Р.с.в. і інш. выкарыстоўваюцца ўзорныя сродкі вымярэнняў.
Літ.:
Тюрин Н.И. Введение в метрологию. М., 1973;
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЖСКІ (Георгій Георгіевіч) (12.2.1895, в. Ігнацьева Маскоўскай вобл. — 20.10.1952),
расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Правадз.чл.АМСССР (1949). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях (з 1912), Дзярж. свабодных маст. майстэрнях (1918—20). Чл. аб’яднанняў «Новае т-ва жывапісцаў» (1922), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1923). У 1934—52 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава. Ствараў пераважна партрэты жанчын: «Рабфакаўка» (1926), «Дэлегатка» (1927), «Старшыня» (1928), «Калгасніца-брыгадзір», «Чувашка-настаўніца» (абодва 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЧЫН-ІНСА́РАЎ (сапр.Пашэнны) Мікалай Пятровіч
(1861, Ардатаўскі р-н, Мардовія — 20.1.1899),
рускі акцёр. Бацька В.М.Пашэннай. На сцэне з 1883. У 1884—89 працаваў у Т-ры Корша ў Маскве, з 1895 — у Т-ры Салаўцова ў Кіеве. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Іванаў, Трыгорын («Іванаў», «Чайка» А.Чэхава), Барыс Гадуноў («Смерць Іаана Грознага», «Цар Барыс» А.К.Талстога) і інш.
Літ.:
Дорошевич В.М. Рошин-Инсаров // Дорошевич В.М. Рассказы и очерки. М., 1966.