ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав. час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).

Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).

Т.​Л.​Казакова.

Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх 432,6 482,5 163,0 272,7
1. Агароднінныя 164,8 143,9 67,6 86,1
2. Памідорныя 36,6 37,4 23,0 36,5
3. Пладовыя, у т.л. 231,2 301,2 72,4 101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы 34,7 44,4 7,4 22,2
б. Сокі 98,7 180,2 43,0 63,5
II. Сушаная садавіна, т 117 7 19 112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў 9,9 0,1 5,1 22,2
Да арт. Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНЫ́Х ФІЗІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Т імя А.​Н.​Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Засн. ў 1971 у Мінску на базе н.-д. лабараторый БДУ. Арганізатар і першы дырэктар — акад. АН Беларусі А.Н.Сеўчанка. У ін-це 4 аддзелы (27 лабараторый).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка нізкатэмпературнай плазмы, уздзеянне іанізавальнага выпрамянення на матэрыялы і прылады электроннай тэхнікі, распаўсюджванне ультрагуку ў неаднародных асяроддзях, спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных сістэм, распрацоўка і стварэнне спектральнай апаратуры, лагічных элементаў і сістэм, электронна-выліч. прылад. У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі здзейснены мэтанакіраваны сінтэз неарган. і арган. злучэнняў (вадкакрышт. матэрыялы для прылад адлюстравання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колераперадачы інфармацыі, пажаравыбуховабяспечныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біял. вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для онкатэрапіі і інш.); створаны метады і прылады экспрэс-дыягностыкі газавых патокаў, пылавых і дымавых выкідаў і інш. У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацаваны тэорыя і метады іонна-прамянёвага легіравання і выкарыстанне іх у тэхналогіі вырабаў электроннай тэхнікі, сістэма скразнога камп’ютэрнага мадэліравання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі, метады атрымання звышцвёрдых і зносастойкіх матэрыялаў; даследаваны працэсы дэфектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю; прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў. У галіне радыёфізікі і інфарматыкі створаны радыёгалаграфічныя сродкі для бескантактнага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці і інш. характарыстык дыэл. матэрыялаў; метады і прылады для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў, ультрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу, тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпрамяненняў; уведзена ў дзеянне першая нац. азонаметрычная станцыя, распрацаваны люмінесцэнтныя бескантактныя тэрмадатчыкі крыягенных т-р. Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, медыцыне і інш. Навук. дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 6 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працаваў акад. АН Беларусі Л.В.Валадзько, працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Ф.Чарняўскі, чл.-кар. Ф.Ф.Камароў.

У.​І.​Папечыц.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),

бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл. Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар. рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.​Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.​Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел. рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.​Баршчэўскага, Г.​Марцінкевіча, В.​Рэута, Ф.​Рысінскага, Т.​Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.​І.​Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;

Піятуховіч М. Рукапісы А.​Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

У.​І.​Мархель.

А.Ф.Рыпінскі.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́,

горад, сталіца Йемена; на З краіны ў міжгорнай даліне на выш. 2400 м. Больш за 1 млн. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, у т. л. да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., мэблевая, тытунёвая, кансервавая, цэм., абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытв-сці залатых, сярэбраных, медных вырабаў, тканін і інш. Ун-т. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення 1982.

Вядома з 1 ст. Ролю паліт. цэнтра пачала адыгрываць у 6 ст. У сярэднія вякі праз С. праходзілі гандл. шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор’е. З сярэдзіны 7 ст. С. — рэзідэнцыя намеснікаў араб. халіфаў, з сярэдзіны 9 ст. сталіца самаст. дзяржавы Яфурыдаў. У 11—15 ст. у складзе розных дзярж. утварэнняў Паўд. Аравіі. У 1546—1628 пад уладай туркаў. З сярэдзіны 17 ст. рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Йемена. У 1871 зноў занята туркамі. У 1911 горад захапіў імам Ях’я, які ў 1918 зрабіў С. сталіцай Йеменскага каралеўства. У 1962—90 сталіца Йеменскай Арабскай рэспублікі, з 1990 — Йемена.

Стараж. горад складаецца з 2 частак, якія ў плане ўтвараюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной выш. 9 м з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гар. тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (б. палац імама). У найб. стараж. частцы — Старым горадзе знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэдневяковыя лазні, мячэці аль-Джама аль-Кебір, ці Вял. мячэць (7—12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.) і інш. Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3—7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да аднаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У зах. частцы С. (Садовы горад), пабудаванай у 17—20 ст., пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыц. элементы з новымі тэхналогіямі і буд. матэрыяламі: Цэнтр. банк, Рэсп. палац, Акадэмія паліцыі, Клуб афіцэраў, атэль «Таж Саба», офіс авіякампаніі Эль-Йеманія і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Халед Сайф Мухамед Табет (архітэктура).

Сана. Старая частка горада.
Сана. Аздабленне фасада жылога дома.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

горад, цэнтр Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл., каля вытоку р. Свіслач (бас. р. Нёман); чыг. ст. Свіслач на лініі Ваўкавыск—Свіслач, знаходзіцца за 3 км ад гар. пасёлка. За 90 км на Пд ад Гродна. Аўтадарогамі злучана з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. 7,8 тыс. ж. (2001).

Упершыню ў пісьмовых крыніцах С. згадваецца ў канцы 15 — пач. 16 ст. як велікакняжацкая маёмасць. У сярэдзіне 16—19 ст. прыватная ўласнасць. Належала Заслаўскім (з 1542), Крышпінам (з пач. 17 ст.), Тышкевічам (2-я пал. 18 ст. — 1831). У 18 ст. граф В.​Тышкевіч заклаў парк і ў ім пабудаваў палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. На мяжы 18—19 ст. дзейнічаў Свіслацкі тэатр Тышкевічаў. У 1-й пал. 19 ст. працавала папяровая мануфактура, пабудаваны гандл. рады. У 1804 Тышкевіч заснаваў Свіслацкую гімназію. У 1851 гімназія пераўтворана ў 5-класнае дваранскае вучылішча, якое скончыў К.​Каліноўскі; з 1876 Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. У 1833 у С. 1256 ж., 146 драўляных і 1 мураваны дом, 48 крам. У 1897—3099 ж., 526 дамоў (502 драўляныя, 24 мураваныя), 6 гарбарных, піваварнае, 2 медаварныя прадпрыемствы, сельская лячэбніца. У канцы 19 ст. штогод праводзіўся кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З канца 1939 у Беластоцкай вобл. БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Свіслацкага раёна. У Вял. АЙЧ. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4859 чал. Дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. З 20.9.1944 у складзе Гродзенскай вобл.

Працуюць харчкамбінат, камбінат каап. прам-сці, з-д жалезабетонных вырабаў, сумеснае прадпрыемства «Свіда»; 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, бальніца, царква, касцёл, сінагога, мячэць, Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, К.​Каліноўскаму, Р.​Траўгуту. Помнікі архітэктуры — парк (18 ст.), будынак гімназіі (1802—03).

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВІ́ЛЬЯ (Sevilla),

горад на Пд Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобл. Андалусія і прав. Севілья. Каля 700 тыс. ж. (2001). Порт на р. Гвадалквівір, даступны для марскіх суднаў (аванпорты на Атлантычным ак. — Таблада і Муэльес-дэ-лас-Дэлісіяс). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., судна- і авіябудаванне, вытв-сць с.-г. машын), харчасмакавая (вінаробчая, тытунёвая, мукамольная і інш.), тэкст., хім. і нафтахімічная. Ун-т (з 1502). Турызм.

У старажытнасці С. (Гіспаліс) — цэнтр іберыйскага племя турдэтанаў. Пасля заваявання рымлянамі (3 ст.) сталіца рым. правінцыі Бетыка. У 411 заваявана вандаламі, у 441 — вестготамі. У 712—1248 падпарадкавана арабамі, з 1026 цэнтр аднайм. эмірата. У 1248 адваявана ў арабаў каралём Кастыліі Фердынандам III. У 14—15 ст. З С. накіроўваліся ваен. экспедыцыі супраць Гранадскага эмірата. У 15 ст. буйны цэнтр суднабудавання, гандлю, мараплаўства. З гавані С. (Палас) адправілася 1-я экспедыцыя Х.Калумба. Найб. росквіт С. прыпадае на 16—17 ст., калі яна мела манаполію каланіяльнага гандлю і па тавараабароце пераўзыходзіла ўсе еўрап. гандл. цэнтры. У 18 ст. пасля адмены гандл. манаполіі страціла б. значэнне. У 1810—12 і 1820—23 акупіравана франц. войскамі. У грамадз. вайну 1936—39 цэнтр франкістаў.

У старой частцы С. — лабірынт вузкіх звілістых вуліц, на З і ПдУ ад яго — рэгулярная забудова. Захаваліся сцены і бастыёны маўрытанскага замка Алькасар (канец 12 ст., прыбудовы 14—16 ст.), сабор (1402—1506, позняя готыка; купал 1519; у інтэр’еры багаты збор твораў ісп. мастацтва 16—18 ст.), гатычныя касцёлы 13—14 ст., саборная званіца «Ла Хіральда» (1184—16 ст., выш. 97,52 м), вежа «Торэ дэль Ора» (1220), будынкі «Каса дэ Пілатас» (15 ст. — 1553, спалучэнне стыляў мудэхар і палымянай готыкі) і «Каса Лонха» (біржа; 1583—98), касцёлы 17—18 ст. у стылі чурыгерэска. Музеі: правінцыяльны археал., Дом-музей Б.​Э.​Мурыльё. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.

Севілья. Сабор.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́К (Białystok),

горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Беластоцкага ваяводства. 275 тыс. ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.

Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст. наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн. руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач. яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел. паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦК КПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.

Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.​Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.​Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.​Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.​Сасноўскі).

У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-ва бел. школы пад кіраўніцтвам К.​Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.​Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел. т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-р муз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж. яўр. т-р БССР (1940).

У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.​Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац. т-р імя Я.​Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм. т-р (1958, 1965).

А.​П.​Госцеў (гісторыя), Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Беласток. «Дом Напалеона».
Да арт. Беласток. Ратуша.
Да арт. Беласток. Палац Браніцкіх.
Да арт. Беласток. Кафедральны касцёл.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўна-энергетычнага комплексу, якая ўключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў газаў прыродных, вытв-сць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па магістральных газаправодах, захоўванне, пастаўку розным галінам прам-сці і для камунальна-быт. гаспадаркі. Газ выкарыстоўваецца як крыніца энергіі і хім. сыравіна. Значная колькасць яго спажываецца ў хім., металургічнай, маш.-буд. прам-сці, у буд. індустрыі. На газаперапрацоўчых з-дах з прыроднага газу (у т. л. і са спадарожнага пры здабычы нафты) атрымліваюць газавы кандэнсат, які выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў (стабільны кандэнсат) і як хім. сыравіна, сухі і звадкаваны газ, сыравіну для вытв-сці азотных угнаенняў і інш.

Выкарыстанне прыродных гаручых газаў («вечных агнёў») вядома са стараж. часоў у Дагестане, Азербайджане, Іране і інш. краінах. Газавая прамысловасць пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст., калі газ сталі выкарыстоўваць для асвятлення вуліц і памяшканняў. У 1-й пал. 19 ст. з’явіліся ўстаноўкі для выпрацоўкі штучнага газу — газагенератары. Газ атрымлівалі з вугалю, асабліва пашырылася яго вытв-сць пры вырабе коксу. Здабыча прыроднага газу пачалася ў 2-й пал. 19 ст. (1870, ЗША). З сярэдзіны 19 ст. прыродныя газы выкарыстоўваюцца як тэхнал. паліва.

Асновай сучаснай газавай прамысловасці з’яўляецца прыродны газ, вытв-сць штучнага газу з вугалю і сланцаў не расце, у невял. аб’ёме газ атрымліваюць метадам падземнай газіфікацыі вугалю. У свеце здабываецца каля 2,1 трлн. м³ прыроднага газу (1993). Найб. запасы маюць: краіны б. СССР — Расія, Туркменія, Узбекістан, Азербайджан і інш. (больш за 17 трлн. м³, самыя вял. Астраханскае радовішча, Газлінскае радовішча, Урэнгойскае радовішча, Ямбургскае радовішча і інш.); Іран (10,5 трлн. м³, буйное радовішча Ахваз, Персідскага заліва нафтагазаносны басейн і інш.); ЗША (5,6 трлн. м³, Ілінойскі нафтагазаносны басейн, Каліфарнійскія нафтагазаносныя басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн і інш.); Алжыр (3,2 трлн. м³, Алжыра-Лівійскі нафтагазаносны басейн); Канада (2,6 трлн. м³, радовішча Пембіна і інш.); Мексіка (2,2 трлн. м³, Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн); Саудаўская Аравія (2 трлн. м³, Сафанія); Нідэрланды (1,6 трлн. м³, Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць, усе даныя на пач. 1980-х г.). Пра буйнейшых вытворцаў газу гл. ў табл. 1. <TABLE>

Транспарціроўка газу ад радовішча да спажыўца ажыццяўляецца па магістральных газаправодах (з дапамогай устаноўленых на іх газаперапамповачных агрэгатаў), агульная працягласць якіх у свеце 750 тыс. км (канец 1970-х г.), а водным шляхам — спец. танкерамі метанавозамі-газавозамі. Найб. агульную працягласць газатрансп. сістэм маюць ЗША (442 тыс. км), самыя працяглыя сістэмы ў краінах СНД — шматнітачная Урэнгой—Ухта—Таржок—Мінск—Івацэвічы—Даліна (11 тыс. км) і ў Паўн. Амерыцы Аляска—Канада—ЗША (7,7 тыс. км). Захоўваецца газ у наземных (газгольдэры), паверхневых падземных (участкі газаправодаў з павышаным ціскам) і падземных сховішчах. Найб. выкарыстоўваюцца падземныя сховішчы, якія ствараюць у выпрацаваных газавых ці нафтавых радовішчах (газ запампоўваюць праз свідравіны ў спустошаны прадуктыўны пласт).

На Беларусі газавая прамысловасць развіваецца з 1960-х г. на базе прывазнога прыроднага газу (пасля будаўніцтва магістральнага газаправода Дашава—Мінск). Адзінае Старасельскае радовішча прыроднага газу не распрацоўваецца. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км. Здабываецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. Дынаміку выкарыстання газу ў газавай прамысловасці Беларусі гл. ў табл. 2. <TABLE>

Прыродны газ паступае з Расіі па газаправодзе Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын. У 1995 імпартавана 14 млрд. м³ — амаль увесь спажываны газ. Прыродны газ у эканоміцы Беларусі выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна (напр., на ВА «Азот» у Гродне для выпрацоўкі азотных тукаў), спадарожны пасля перапрацоўкі ідзе на паліва на Светлагорскай ЦЭЦ і ў кватэрах Рэчыцы і Светлагорска.

С.​М.​Зайцаў.

Табліца 1
Буйнейшыя вытворцы прыроднага газу (1993)
Краіна Здабыча млрд. м³ Краіна Здабыча. млрд. м³
СНД і інш. краіны б. СССР 743,0 Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 29,6
ЗША 508,0 Нарвегія 26,5
Канада 128,0 Мексіка 26,0
Нідэрланды 84,0 Іран 25,0
Вялікабрытанія 61,0 Венесуэла 24,0
Алжыр 56,5 Аўстралія 23,5
Інданезія 56,0 Малайзія 23,0
Саудаўская Аравія 35,0 Румынія 22,0
Табліца 2
Вытворчасць і спажыванне прыроднага гаручага газу ў Беларусі (млрд. м³)
Вытворчасць і спажыванне 1990 1992 1994
1 2 3 4
Здабыча 0,297 0,292 0,294
Імпарт 18,8 18,0 14,3
Экспарт 3,1 — —
Валавое спажыванне, усяго 15,5 18,3 14,7
у т. л.
на вытв-сць электраэнергіі 10,3 13,3 11,3
у якасці сыравіны 1,8 1,8 0,9
у якасці паліва ці энергіі 2,6 2,6 2,3
Страчана 0,2 0,1 0,1
Да арт. Газавая прамысловасць. Газаразмеркавальная станцыя ў Мінскім раёне.

т. 4, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),

Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах. ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс. чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).

Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.

Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.​Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр. ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.

31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.​Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.

Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс. дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн. т (у 1970—80) да 285 тыс. т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн. кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс. т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн. дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Науру.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)