гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца ў які‑н. бок на пэўную адлегласць. Кола далёка адкацілася ад двара і, трапіўшы ў разору, бездапаможна ляжала на баку. Колас. Яблык ад яблыні далёка не адкоціцца. Прыказка.
2. перан. Адступіць, адысці пад напорам праціўніка. Змятай хваляй адкаціўся вораг, Па-над полем кружаць крумкачы. Панчанка. // Аддаліцца. Хваля адкацілася ад берага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́рка, ‑і, ДМ арцы; Р мн. арак; ж.
1. Дугападобнае перакрыцце праёма ў сцяне (акна, дзвярэй) або пралёту паміж дзвюма апорамі слупамі, устоямі моста і інш. Ля ўзбярэжжа.. [Нэля] міжвольна павярнулася ў бок чыгункі і ўбачыла сталёвыя аркі моста, што навіслі над ракою. Лупсякоў.
2. Дэкаратыўнае збудаванне ў выглядзе варот, з праездамі, завершанымі скляпеннем. Трыумфальная арка.
[Іт. arco ад лац. arcus — дуга.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́ква, ‑ы, ж.
Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каляро́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць каляровага (у 1 знач.); рознакаляровасць. Над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачамі. Чорны.
2. Наяўнасці, таго або іншага колеру ў чым‑н. Шкала каляровасці вады. Каляровасць вады. Каляровасць прамянёў сонца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. закладваць, закладаць — закласці (у 1, 2, 4 і 5 знач.). Закладка сіласу. Закладка кароўніка. Закладка саду.
2. Палоска паперы, істужка і пад., якія закладваюць у кнігу, каб адзначыць патрэбную старонку. Кніга з закладкай. □ Кудрыцкая пайшла паперадзе. Над пахай кніжка з лісцікам трыпутніку замест закладкі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здзек, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здзекавацца. Партызаны судзілі і каралі паноў за здзек і злачынства над народам. Машара.
2. Злая зневажальная насмешка; зневажальны ўчынак або паводзіны ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Уладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло́сна, прысл.
1. Са злосцю, нядобразычліва (сказаць, глянуць і пад.). Сцёпа злосна агрызнуўся: — Чуў ужо. Адчапіцеся! Курто.
2. Вельмі моцна, бязлітасна, люта. Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Лужанін. / у перан. ужыв. Злосна стагналі вятры над курганамі, Хмары насіліся чорнаю хваляй. Купала.
3. Разм. Горача, заўзята. Хлопцы працавалі ўпарта, нават злосна. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́ркнуць, ‑не; пр. змерк, ‑ла; зак.
1. безас. Тое, што і змеркнуцца. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Чарнышэвіч. Быў вечар, змеркла нядаўна. Чорны.
2. Пакрыцца змрокам; пацямнець. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўным колерам. Быкаў. // перан. Страціць сілу, значэнне; загаснуць. Слава змеркла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да зоркі (у 1 знач.), зорак. Зорная астраномія. □ Над цёмным дахам усё паварочвала свой зорны коўш Вялікая Мядзведзіца. Чыгрынаў.
2. Пакрыты, усеяны зоркамі; з мноствам зорак. Ноч цёмная, зорная, ціхая. Дамашэвіч.
3. Які ідзе з розных месц да аднаго пункта. Зорны прабег. Зорны паход.
•••
Зорны год гл. год.
Зорны дождж гл. дождж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)