АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПАЎНОЧНААТЛАНТЫ́ЧНАГА ДАГАВО́РУ (North Atlantic Treaty Organization; НАТО),
ваенна-паліт. арганізацыя, створаная на аснове падпісанага 4.4.1949 у Вашынгтоне Паўн.-Атлантычнага дагавору. Першапачатковыя ўдзельнікі: Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, ЗША, Ісландыя, Італія, Канада, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Францыя; пазней далучыліся Грэцыя і Турцыя (1952), ФРГ (1955), Іспанія (1982). Асн. мэты арг-цыі — гарантаванне бяспекі, свабоды і міру краінам-удзельніцам.
На пачатку існавання палітыка НАТО фарміравалася ў атмасферы «халоднай вайны» і гонкі ўзбраенняў, выкліканых узбр. і паліт. процістаяннем ЗША і СССР, НАТО і арг-цыі краін Варшаўскага дагавору 1955. Пасля распаду сацыяліст. сістэмы, СССР і спынення дзейнасці Варшаўскага дагавору (1991) палітыка НАТО істотна змянілася. У 1991 прынята Рымская дэкларацыя аб міры і супрацоўніцтве. Дзеля большай бяспекі ў Еўропе створаны Савет Паўн.-Атлантычнага супрацоўніцтва. У вер. 1994 На сесіі Савета НАТО прынята праграма «Партнёрства дзеля міру», адкрытая для далучэння ўсіх краін Усх. Еўропы (Беларусь далучылася ў 1994).
Вышэйшыя органы НАТО — сесія Савета НАТО і К-т ваеннага планавання, якія збіраюцца 2 разы на год. Паміж сесіямі Савет працуе як Пастаянны Савет НАТО ў складзе пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц. Бягучую работу і падрыхтоўку сесій вядзе Міжнар. сакратарыят на чале з Ген. сакратаром НАТО. У ваен арганізацыі НАТО вышэйшы орган — К-тваен. планавання, выканаўчы — Ваенны к-т, якому падначалены Вярх. штаб аб’яднаных узбр. сіл НАТО. Штаб-кватэра арг-цыі ў Бруселі (да 1967 была ў Парыжы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),
біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.
Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.Кетле, англ. вучоных Ф.Гальтана і К.Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.Н.Бернштэйна, А.Я.Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.
Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.
У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА,
орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯу псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіхасн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.
Літ.:
Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.
Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіхтрафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙109т сухой масы і мае каля 300—500∙1021Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙109т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙106т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл.Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).
У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, у Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ.М., 1971;
Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.