тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СІ СВО́ЙСКІЯ,
вадаплаўныя птушкі сям. качыных атрада гусепадобных. Паходзяць пераважна ад дзікай шэрай гусі (Anser anser), пашыранай у Еўразіі. Гусі свойскія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, высакаякасным мясам, скараспеласцю. На Беларусі гадуюць пераважна гусей рэйнскай пароды, таксама буйных шэрых, італьянскіх, кітайскіх, кубанскіх, ландскіх, роменскіх, халмагорскіх і інш.
Тулава гусі свойскай лодкападобнае, падоўжаная шыя мае 17—18 пазванкоў. Над дзюбай у некат. парод (напр., кітайскай, халмагорскай) ёсць касцяны выраст (гуз). Апярэнне белае і шэрае рознага адцення: дзюба і плюсны аранжавыя. Пуховае покрыва шчыльнае. У прамысл. гаспадарках гусей свойскіх гадуюць 3—4 гады, у племянных — да 5 гадоў. Гуска нясецца 4—5 месяцаў, дае ў сярэднім 25—30 і больш яец; у прамысл. гаспадарках яйцаноскасць 50—80 яец і больш за год. Жывая маса дарослых гусакоў 5—8, гусак 4—7 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎЭСА ПЛАН,
план забеспячэння выплаты рэпарацый Германіяй, устаноўлены для яе дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя пасля 1-й сусв. вайны). Распрацаваны ў 1923—24 міжнар. к-там экспертаў на чале з Ч.Даўэсам (адсюль назва). Зацверджаны 16.8.1924 на спец. канферэнцыі ў Лондане. Прадугледжваў выдаткаванне Германіі пазыкі ў памеры 200 млн.дол. (у т. л. 110 млн. банкамі ЗША) для стабілізацыі яе валюты (маркі), устанаўленне кантролю саюзных дзяржаў надгерм.дзярж. бюджэтам, грашовым абарачэннем, крэдытам і чыгункамі, вызначыў памеры плацяжоў Германіяй у першыя 5 гадоў па 1—1,75 млрд. марак у год, потым па 2,5 млрд. марак у год. Прыняцце Д.п. садзейнічала паскарэнню вываду франц. і бельг. войск з Рура пасля рурскага канфлікту 1922—23, павелічэнню замежных інвестыцый у эканоміку Германіі і, як вынік, аднаўленню герм.эканам. патэнцыялу. У 1930 заменены Юнга планам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛІНСКА́ЙТЭ ((Žilinskaité) Вітаўтэ) (н. 13.12.1930, г. Каўнас, Літва),
літоўская пісьменніца. Засл. дз. культ. Літвы (1980). Скончыла Вільнюскі ун-т (1955). У кнігах апавяданняў, фельетонаў, літ. пародый «Не з першага погляду» (1962), «Анёл над горадам» (1967), «Парадоксы» (1973), «Карціна» (1981), «Дурман» (1984) і інш. высмейвае заганнасць маральна-быт. і грамадскіх з’яў жыцця, адзначае складанасць і супярэчлівасць праблем сучаснай цывілізацыі. Сатырыка-гумарыстычным творам уласцівы неверагодныя кантрасты, гіпербалы, парадоксы, іронія. За дакумент. аповесць «Мая нянавісць мацнейшая» (1964) і лепшыя творы сатыры і гумару Дзярж. прэмія Літвы 1972. Аўтар казак і п’ес для дзяцей, пабудаваных на фантастыцы і ўмоўнасцях (кн. «Робат і матылёк», 1978, Дзярж. прэмія Літвы 1979, «Ледзяная фея», 1979, «Падарожжа ў Тандадрыку», 1984, і інш.). На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі М.Базарэвіч, У.Казбярук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне наддзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РШЧЫНА (Тамара Іосіфаўна) (н. 5.1.1950, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). У 1982—86 гал. мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца выразнай пластыкай, высокім майстэрствам выканання: станковыя кампазіцыі «Няўлоўная», «Лявоніха на арбіце» (абедзве 1972), «Балельшчыкі», «Дзівакі» (абедзве 1973), «Пан» (1974); дэкар. афармленне інтэр’ераў кафэ «Арбат» (1979, з А.Кішчанкам), муз. вучылішча (1975), кампазіцыя «Дрэва жыцця» (1980) у сауне і пано (1981, з Кішчанкам) над уваходам у гасцініцы «Кастрычніцкая», пано «Белая Русь» («Песня пра Палессе») і дэкар. скульптура «Па слядах беларускага эпасу» (1986) у гасцініцы «Беларусь» — у Мінску, пано «Песня пра Радзіму» (1991) у Палацы Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.
Т.Кіршчына. Песня пра Радзіму. Керамічнае пано ў Палацы Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Фрагмент. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЭ́ЎСКІ (Мікалай Вячаслававіч) (18.12.1851, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1887),
рускі мовазнавец; прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы, педагог. Д-рфілал.н. (1883). Скончыў Варшаўскі ун-т (1875), вучань І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ. Выкладаў стараж. мовы ў навуч. установах г. Троіцка, з 1878 у Казанскім ун-це (з 1883 праф). Навук. працы ў галіне агульнага мовазнаўства, параўнальна-гіст. фанетыкі і граматыкі: «Назіранні над некаторымі фанетычнымі з’явамі, звязанымі з акцэнтуацыяй» (1879), «Да пытання аб гуне. Даследаванні ў галіне стараславянскага вакалізму» (1881), «Нарыс навукі аб мове» (1883) і інш., у якіх абгрунтоўваў сістэмны і знакавы характар мовы. Адзін з папярэднікаў сучаснай фаналогіі.
Літ.:
Черепанов М.В. Отражение принципов казанской лингвистической школы в исследованиях Н.В.Крушевского. Саратов, 1969;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),
польскі мовазнавец-славіст. Акад.АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.