лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.

1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.

2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.

1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.

2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стукаючы, дабіцца адказу. Дастукацца ў хату. Дастукацца да суседзяў. □ [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу, і ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Сабаленка. // Разм. Дасягнуць свайго настойлівымі намаганнямі. Мікалай Камароўскі два разы ездзіў у раён.., а нічога адразу дастукацца не мог. Чорны.

2. Разм. Адмоўнымі паводзінамі наклікаць на сябе бяду, непрыемнасці. — Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго ж дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак. Стой, гібей са сваёй кукушкай-свістушкай! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

духо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да духу (у 1 знач.); звязаны з унутраным, псіхічным жыццём чалавека. Духоўны свет чалавека. Духоўныя інтарэсы. Духоўная блізкасць. □ Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. Чорны. // перан. Нематэрыяльны, бесцялесны. Хлеб духоўны.

2. Звязаны з рэлігіяй, царквой; проціл. свецкі. Духоўная ўлада. Духоўная музыка. // Звязаны з кіраўніцтвам царкоўнымі справамі, падрыхтоўкай служыцеляў культу. Духоўнае ведамства. Духоўная семінарыя. // Які належыць да духавенства. Духоўная асоба. // Які прысвойваецца служыцелям царквы. Духоўны сан. Духоўнае званне.

•••

Духоўны айцец гл. айцец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жо́ўты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з сямі асноўных колераў спектра — сярэдняга паміж аранжавым і зялёным; колеру яечнага жаўтка, золата. Жоўтае лісце. □ Бягуць ручаі па разорах размытых, Выгладжваюць жоўты пясок. Колас. Жоўтыя мурашкі ўспаўзаюць на рукі. Чорны.

2. перан. Згодніцкі, рэфармісцкі; прадажны, здрадніцкі. Жоўтая буржуазная прэса. Жоўтыя прафсаюзы.

3. Як састаўная частка некаторых батанічных, медыцынскіх, мінералагічных назваў. Жоўтая лілія. Жоўтая крывяная соль.

•••

Жоўтая вада гл. вада.

Жоўтая ліхаманка гл. ліхаманка.

Жоўтая раса гл. раса.

Жоўты білет гл. білет.

Жоўты дом гл. дом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́й, ‑ю, м.

1. Зарад пораху са шротам, карцеччу або куляй для паляўнічай стрэльбы; патрон з такім зарадам. Дзед Піліп узяў сваю двухстволку, праверыў набоі і павесіў над самым ложкам. Ваданосаў. [Бацька] выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак. Караткевіч. // Зарад шроту, карцечы і пад. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набат ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі.

2. Уст. Баявы снарад, патрон і пад. — Трос акопы, ірваў целы Гарматы набой. Куляшоў. Сярод .. [нямецкіх] танкаў пачалі рвацца набоі з артылерыі, якая абазвалася з горада. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёплым ці гарачым. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі. Васілёнак. [Люба] падпаліла ў печы і пагрэла ў гаршку вады. Чорны.

2. Зрабіць цёплым памяшканне. [Сёстры:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу!.. Ракітны. // Разм. Сагрэць. Чужы кажух не нагрэе. Прымаўка.

3. перан. Разм., іран. Падмануўшы, прымусіць панесці страты; узяць больш, чым трэба. Нагрэць на дзесяць рублёў.

•••

Нагрэць месца — доўга прабыць дзе‑н.

Нагрэць (пагрэць) рукі — нажыцца за чый‑н. кошт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.

1. Даць напіцца, выпіць чаго‑н. Напаіць каня вадой. Напаіць гасцей чаем. □ [Жанчына] вельмі шпарка, вынесла малака, напаіла .. [раненых] і павяла кудысьці ў цемень поля. Чорны. І крынічка напаіла, Хлопцу сілы аднавіла. А. Александровіч.

2. Давесці да стану ап’янення. Напаіць гарэлкай. □ Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Якімовіч.

3. перан. Насыціць, напоўніць чым‑н. Напаіць стэп вадою. □ Дажджы над борам прагулі, Карэнні напаілі. Кляўко. Кволы, але непаўторны, .. [пах бэзу] напаіў паветра. Чарнышэвіч. Прыляцела вясна-чараўніца, Напаіла вадою крыніцы. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)