геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж.каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),
сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).
Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.
Да арт.Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв.каляг. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАВА (Opava),
горад на ПнУ Чэхіі, каля граніцы з Польшчай, на р. Опава. Каля 75 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, харч., у т. л. цукровая, тэкстыльная. Ун-т Сілезіі Чэш.АН.
Пабудаваны на землях сілезскага племя галеншанаў. Упершыню згадваецца ў 1185. Пазней заселены ням. каланістамі. У 1224 атрымаў гар. права (ням. назва Трапаў). З 1318 сталіца Опаўскага княства (з 1348 лен чэш. караля). З 1526 пад уладай Габсбургаў. У 16 ст. цэнтр рэфармацыйнага руху. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац.-вызв. руху. У О. адбыўся 2-і еўрап. кангрэс «Свяшчэннага саюза» (23.10—24.12.1820), які санкцыяніраваў інтэрвенцыю аўстр. войск у Неапаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр.Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г.каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каляс. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІЯ,
старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:
Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра I. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл.Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл.Агінскі М.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл.каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каляпаўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.