1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця.Колас.Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда.Дуброўскі.[Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло.Брыль.// Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам.Чарнышэвіч.Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча.Б. Стральцоў.
2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы.Хадкевіч.// Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць.Казлоў.
3.перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка.С. Александровіч.[Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі.Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.
1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы.Чорны.Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка.Брыль.Увачавідкі сохне трава ў валках.Васілевіч.// Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы.Хадкевіч.Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць.Мележ./убезас.ужыв.У горле сохне.// Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне.// Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне./ Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.
2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла...Бяганская.
3.перан.Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай.Купала.Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне.Шамякін.// Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы.Астрэйка.Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну.Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася зПн на Пд амаль на 8000 км, зЗ на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні надузр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі зПн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэмаз глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферынад Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва згеафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСТ,
горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс.ж. (1995).
Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел.Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст.Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, звер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж.рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял.кн.ВКЛГедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы збел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У час Вялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт.Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У час вайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр.стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн.Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс.ж. у 1940. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс.чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс.ж., у 1980 — 185 тыс.ж.
У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял.Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.
Брэст — буйны прамысл. і культ.цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА«Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.
У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец.навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж.ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук.б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»зБрэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музейз філіялам археалагічны музей «Бярэсце».
Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш.З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл.літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.
Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р.Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн.тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.
Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял.Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).
У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.Хегай, Л.Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.Неўмывакін, (Г.Кісялёва, А.Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх.З.Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.Боўт, Э.Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.Анікін, А.Кудзенка, П.Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд.прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.Карват, М.Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.Шпіт, Э.Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.
Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.Камінскага, Я.Хелмікоўскага, П.Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.Іконнікавай-Самаравай, П.Дзмітроўскага, П.Карніцава, М.Барысава, Северавай, С.Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Ахаліна, П.Блахіна, М.Петыпа, П.Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г.тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.
З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.Шастакоўскай, 1858) і муз. т-вы (муз.-драм.т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) змуз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз.т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і «Галька» С.Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж.муз. школа імя К.Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
свяці́цца, свячуся, свецішся, свеціцца; незак.
1. Выпраменьваць святло. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі.Колас.// Быць асветленым якой‑н. крыніцай святла. Вокны ў доме свяціліся, але ніхто на грук не выходзіў.Навуменка.
2. Зіхацець, блішчаць пад уздзеяннем святла. Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца.Карпаў.Колькі свеціцца ў ім [бару] ствалоў, Маладых, прамяністых, гонкіх, Распачаўшых у неба гонку, Колькі свеціцца ў ім ствалоў!Тармола.// Выдзяляцца сваёй белізной на іншым фоне, быць бачным з-пад чаго‑н. З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю.Шамякін.
3.перан. Іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця, радасці (пра твар, вочы). Твар [дзяўчыны] свеціцца такім цяплом і дабратой, што, здаецца, хапіла б іх на ўсю планету.Аляхновіч.Радасцю свяціліся вочы трактарыста...Бялевіч.// Адлюстроўваць нейкія пачуцці (пра вочы, твар, знешнасць чалавека). Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына.Гурскі.Амаль усе.. [вучні] былі па калена мокрыя, але на іх тварах свяціліся радасць і задаволенасць.Скрыпка.На бадзёрых тварах усіх, нават Яшы Лабуса, які аж прыгнуўся пад цяжарам свайго баяна, свяцілася адзнака шчаслівага і ганаровага абавязку.Грамовіч.// Выражаць знешнім выглядам задавальненне, шчасце, радасць. Доктар быў вясёлы, радасна свяціўся, але, пабачыўшы Олю, адразу нахмурыўся.Мележ.// Спадзявацца на што‑н. Тое, што скрашвала зараз яго незайздроснае жыццё і свяцілася нейкай жаданай надзеяй на сустрэчу з партызанамі, загінула беззваротна.Якімовіч.
4.перан. Станавіцца бачным. Перад чытачом раскрываецца далей яшчэ адна сардэчная Галіна тайна, праз якую свеціцца яе душэўная чысціня.Майхровіч.Ва ўсіх лепшых творах сучаснай беларускай лірыкі свеціцца вялікая любоў да чалавека, спагадлівасць, сардэчнасць.Гіст. бел. сав. літ.Каб ярка свяцілася.. слова, Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі, Яго шліфавалі як след, адмыслова Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі.Цвірка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак. і зак.
1.незак., што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. Спрабаваць голас. □ А вунь хлопец спрабуе па пляцы Свой гармонік — які ў яго лад?Прыходзька.Буслы збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыл[ы].Чорны.Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі.., а спрабавалі свае сілы і здольнасці.С. Александровіч.// Мацаць, кратаць, правяраючы што‑н. Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу робіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта.Колас.//каго. Рабіць выпрабаванне каму‑н., выпрабоўваць, правяраць каго‑н. Першае, што раблю, — спрабую спевакоў. Ёсць сёе-тое, ды не вельмі. Спрабую музыкантаў — граюць!Ракітны.Праўда, Язэп не спрабаваў Стракача ў плузе ці ў баране, але, відаць, ён і ў плузе пайшоў бы не горш, чым у возе.Якімовіч.
2.незак., што. Каштаваць што‑н. [Васіль і Света] стаялі пад вялізнымі чорнымі махінамі капроў, трымалі ў руках чырвона-белыя кавалкі свежага — толькі з зямлі — сільвініту, спрабавалі на смак — яны былі гаркава-салёныя.Кудравец.Сівы млынар — сярпом вусы — На зуб спрабуе зерне.Камейша.// Піць або есці што‑н. — Трохі жэрдачак насячом, а трохі і бярозавага кваску пап’ём, — казаў .. [дзед]. — Ты ў горадзе нават і не спрабаваў бярозавіка.Даніленка.
3.незак. і (радзей)зак., зінф. Рабіць (зрабіць) намаганне выканаць якія‑н. дзеянні, здзейсніць што‑н. Другое медзведзяня адышло ад маткі крокаў на дзесяць і спрабавала ўзлезці на дрэва.В. Вольскі.Драздовіч прайшоў у спальню, лез і спрабаваў заснуць, але сон не браў.Гурскі.Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні! .. Зямля ляціць насустрач шпарка... Як страшна падаць з вышыні!Кляўко.Ермакоў пачырванеў: ён сапраўды спрабаваў пісаць вершы.Даніленка.
4.незак. і (радзей)зак., што. Зведваць (зведаць) што‑н. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі .. [Юрку] надоўга, за забойства...Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́плы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам.Данілевіч.А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем.Ракітны.
2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?»Гарбук.Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы.Чарнышэвіч.Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах.Рамановіч.// Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу.Кухараў.
3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля.Шамякін.Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным.Брыль.
4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі.Бяганская.Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных.Хадкевіч.// Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая.Новікаў.// Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях.Кулакоўскі.// Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым.А. Александровіч.Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак.Брыль.
5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя.Савіцкі.Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі.«Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды зпрамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх.зГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ад, прыназ.зР.
Спалучэнне з прыназоўнікам «ад» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета, ад якіх пачынаецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н.; прыназоўнік «ад» у такім знач. процілеглы прыназоўнікам «да» і «к». Зірнуў.. спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі.Лынькоў.Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню.Кулакоўскі.// Ужываецца пры абазначэнні месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку пашыраецца, разыходзіцца, пачынаецца што‑н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц.Брыль.// У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г. д. [Сенька:] — Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню — ездзілі мы тады ад Мінска да Уладзівастока.Лынькоў.// У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках.Колас.
2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з’яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго‑н. Скіп’ёўскае Нераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавічы.Чорны.// У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адлегласці паміж чым‑н., працягласці граніц чаго‑н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі.Колас.
3. Ужываецца ў значэнні прыназоўнікаў «каля», «збоку», «непадалёку», пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны.
Часавыя адносіны
4. У спалучэнні з назоўнікам, які мае часавае значэнне, паказвае на момант, з якога пачынаецца якое‑н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі ў нас Пра Радзіму — найлепшыя думы.Панчанка.Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны.Самуйлёнак.// У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені позняй Пяе поле трактарамі Весела, пагрозы.Купала.— Будзь здарова! — кажу школе, Сам — на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай Аж да вечара ад ранку, Покуль мой атрад рагаты Не захоча зноў дахаты.Крапіва.
5. Пры паўтарэнні назоўніка з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння — перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і пад. Год ад году. □ Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі.Навуменка.
6. Ужываецца пры абазначэнні прыкметы прадмета паводле часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 чэрвеня 1977 года.
Аб’ектныя адносіны
7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, ад якіх выходзіць што‑н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы.Лынькоў.Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы.Брыль.// Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта панавала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў.Скрыган.
8. Ужываецца пры назве прадмета, ад якога аддзяляецца што‑н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі.Шамякін.Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы.Багдановіч./уперан.ужыв.Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў.Прыказка./убезас.ужыв.У Міці адлягло ад сэрца.Навуменка.// Ужываецца пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса.Брыль.
9. Ужываецца пры назвах прадметаў, з’яў і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу. □ Навокал было пуста і ціха. Нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты.Шамякін.
10. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, стану, супраць і для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што‑н. [Міхась:] — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата.Чарнышэвіч.Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на Свеце.Прыказка.
11. Ужываецца пры абазначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто‑н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву.
12. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, з якімі супастаўляюцца другія, падобныя да іх. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з’яў.
Адносіны параўнання
13.Абл. Ужываецца ў значэнні прыназоўніка «за» (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй.Купала.
Азначальныя адносіны
14. Ужываецца пры вызначэнні цэлага, асобнай часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары. □ Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў.Лынькоў.// Ужываецца пры абазначэнні прычыннай залежнасці чаго‑н. Цень ад бярозы. След ад калёс.
15. У спалучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам «да» і другім лічэбнікам ужываецца пры вызначэнні велічыні, узросту, вагі, якія абмяжоўваюць што‑н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год.// У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры абазначэнні поўнага ахопу ўсіх прадметаў, уласцівасцей і пад., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім‑н. На полі былі ўсе — ад старога да малога.
Адносіны прыналежнасці
16. Ужываецца пры вызначэнні сферы дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: Вы [кат] — ад пятлі, а я — ад пяра, А працуем над супольнай справай, Карыстаемся роўнаю славай.Крапіва.// Пры вызначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, установы, прадстаўніком якіх з’яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.
Прычынныя адносіны
17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія вырашаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Чырванець ад сораму. □ У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання.Кулакоўскі.
18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану, названага кіруючым словам. У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос.Пестрак.Радзіўся новы рупны дзень Ад рос, ад сонца яркі.Панчанка.
Адносіны спосабу дзеяння
19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад соткі. □ Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. — Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы.Шамякін.
20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні ўзаемадзеяння асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога.Гартны.
21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні прадмета, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.
•••
Ад сілыгл. сіла.
Ад цёмнага да цёмнагагл. цёмны.
Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрцагл. сэрца.
Ад душыгл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней.Кулакоўскі.// Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці.Чорны.// Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі.Якімовіч.[Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч.Даніленка.// Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры.Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном.Скрыган.
2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю.Якімовіч.Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі.Ракітны.
3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача.// Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці...Бядуля.// Просты, ясны. Лёгкі стыль.// Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык.Мікуліч.// Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце.Куляшоў./узнач.наз.лёгкае, ‑ага, н.Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці.Смагаровіч.// Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей.Панчанка.
4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок.Брыль.На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся.Чарнышэвіч.// Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон.// Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога.Крапіва.// Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну.Якімовіч.// Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць.// Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь.// Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія.Маўр.
5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі.Лынькоў.// Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць.Скрыган.Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым.Шахавец.
6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы.Шамякін.
•••
Лёгкая атлетыкагл. атлетыка.
Лёгкая кавалерыягл. кавалерыя.
Лёгкая прамысловасцьгл. прамысловасць.
З лёгкай рукігл. рука.
З лёгкаю параюгл. пара.
З лёгкім сэрцам (душой)гл. сэрца.
Лёгкая рукаўкагогл. рука.
Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.
Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.
Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.
Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).
Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.
Лёгкі хлебгл. хлеб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)