ІСТО́МІНА (Аўдоцця Ільінічна) (17.1.1799, С.-Пецярбург — 8.7.1848),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1815, педагог Ш.Дзідло і інш.). Вучаніцай дэбютавала ў партыі Галатэі («Ацыс і Галатэя» К.​Каваса). У 1816—36 салістка (да 1829 вядучая танцоўшчыца) пецярбургскага Вял. т-ра. Валодала моцным тэмпераментам, віртуознай тэхнікай, бездакорным пачуццём стылю, сцэн. абаяльнасцю. Стварыла яркія разнапланавыя вобразы (ад камічных да глыбока трагічных). Сярод лепшых партый: Флора, Чаркешанка («Зефір і Флора», «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» Каваса), княжна Людміла («Руслан і Людміла» Ф.​Шольца; паст. ўсіх Дзідло), царыца Сумбека («Сумбека, або Заваяванне Казанскага царства» Л.​Санэ).

Літ.:

Эльяш Н. Авдотья Истомина. Л., 1971.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЗІЙ,

легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г. Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН (Van),

горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.

Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДЗІ-ЭЛЬ-АРА́БА,

старажытныя медныя руднікі ў аднайм. даліне-грабене ў Зах. Азіі, на мяжы Іарданіі і Ізраіля; вядомыя таксама пад назвай «Капальні цара Саламона». Адкрыты ў 1945, археолага-геал. даследаванне праводзілася з 1959. Пл. да 400 км². Асн. тып арудзянення — медзістыя пясчанікі. Каля 3000 стараж. распрацовак. Найб. раннія з іх належаць да меднага веку (4-е тыс. да н.э.), пазнейшыя — да пачатку н.э. (перыяд рымскага ўладарніцтва). Найб. актыўна эксплуатаваліся ў перыяд Новага Царства Стараж. Егіпта (14—11 ст. да н.э.). Асн. тыпы вырабатак — ствалы, штрэкі, штольні. Макс. глыб. шахтаў 36 м, даўж. штрэкаў каля 50 м і больш. Вядомы медзеплавільні з металургічнымі горнамі і інш.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІДАС (стараж.-грэч. Abidos),

цяпер г. Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.

Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КТРЫЯ,

гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр. Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз. Тахарыстан.

Літ.:

Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;

Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),

1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.

2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторый (акваторый) на асобныя рэгіёны (царствы, вобласці, падвобласці, правінцыі, раёны) паводле звестак пра геагр. пашырэнне жывёл і іх экалагічных груповак. Вызначае сучасныя і гіст. фактары і заканамернасці гэтага пашырэння. Выкарыстоўваецца з навук. і практычнымі мэтамі, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да мерапрыемстваў па ахове жывёл. Тэр. Беларусі ўваходзіць у склад лясной зоны Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага (Арктагейскага) царства. Усе яе схемы раянавання пабудаваны з улікам найб. выражанай дыферэнцыяцыі фауны ў шыротным напрамку. Вылучаюць раёны: паўночны (азёрны), пераходны (раён змены ландшафтаў), палескі, заходні і ўсходні (М.​С.​Долбік; 1965). Удакладненая схема З.р. (Долбік; 1974) пабудавана на ландшафтным прынцыпе аналізу стану жывёльнага свету.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)