МЯТЛІ́ЦА (Agrostis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. На Беларусі найб. вядомыя віды М.: гіганцкая, або белая (A. gigantea), кармавая расліна натуральных сенажацяў і пашаў; парасткаўтваральная (A. stolonifera); сабачая (A. canina); тонкая (A. tenuis). Трапляюцца па лугах, хмызняках, берагах вадаёмаў.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы выш. да 120 см. Лісце лінейнае, шурпатае.

Дробныя двухполыя кветкі сабраны ў раскідзістую рыхлую шматкаласковую мяцёлку. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Мятліца.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЭ́Й (Setaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.

Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.

У.​П.​Пярэднеў.

Мяшэй зялёны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ЎНІК (Echinops),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).

Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Мардоўнік звычайны.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬВА (Malva),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: выразаная (M. excisa, нар. назва палявая ружа), кучаравая (M. crispa), лясная (M. sylvestris), нізкая (M. pusilla). Трапляюцца каля жылля, у пасевах, на пустках. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. штокружавая (M. alcea).

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Лісце суцэльнае або пальчата-рассечанае. Кветкі ў пазухах лісця, белыя, ружовыя ці пурпуровыя. Плод — зборная сямянка. Харч., кармавыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Мальва лясная.

т. 10, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННІК (Glyceria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.

Маннік вялікі.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл. Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зяле́ніва, ‑а, н.

1. зб. Зялёная трава, зялёная расліннасць; зеляніна. Пахла сена, пахла зяленіва сухой травы ў аўсянай саломе. Чорны. [Жэнька] схадзіла ў гарод, назбірала зяленіва і прыйшла зноў на вуліцу. Крапіва.

2. Зялёны колер чаго‑н. Успыхнула зяленіва маладога, яшчэ клейкаватага лісця. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намя́ць, ‑мну, ‑мнеш, ‑мне; ‑мнём, ‑мняце; зак., чаго.

1. Размінаючы, прыгатаваць нейкую колькасць чаго‑н. Намяць гліны.

2. Прымяць, змяць што‑н. Намяць травы ў садзе. Намяць кулявой саломы.

3. Разм. Тое, што і нацерці (у 5 знач.).

•••

Намяць бакі — пабіць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свісту́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Невялікі свісток, зроблены з саломы, травы і пад.; пішчалка. На стале лугавіну гартаем, Ні травінкі марна не знішчылі: На свістульку прыдасца вунь тая, А вось гэтая пойдзе на пішчык. Зуёнак. // Дзіцячая цацка-свісток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)