ДЗІ́КІ НІ́КАР,
балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дзёгаць, ‑гцю, м.
Цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (драўніны, торфу, каменнага вугалю і пад.). Васіль Лявончык у чым быў на калгасным двары, у тым і пайшоў, толькі забег да рымароў і добра змазаў свае ялавыя боты дзёгцем. Шахавец. Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фрэ́зерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фрэзы, фрэзера. Фрэзерная галоўка. // Забяспечаны фрэзай, з фрэзай (у 1 знач.). Фрэзерны станок. // Звязаны з выкарыстаннем фрэзы (у 1 знач.). Віташкевіч становіцца гаспадаром складанага станка, на якім выконваюцца такарныя, свідравальныя, расточныя і фрэзерныя работы. Кавалёў. // Атрыманы з дапамогай фрэзы (у 2 знач.). Надбудова тая — элеватар для фрэзернага торфу, з якога мы робім брыкет. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл. Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАВА (Галіна Васілеўна) (н. 20.11.1932, Масква),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі цвёрдага паліва. Д-р тэхн. н. (1987). Скончыла БПІ (1955). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН (у 1975—95 заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі арган. кампанентаў торфу, бурага вугалю, сапрапеляў і расл. адходаў, распрацоўцы тэхналогій атрымання з іх біялагічна актыўных прэпаратаў для раслінаводства, кармавых дабавак для жывёлагадоўлі.
Тв.:
Торф в биотехнологии. Мн., 1987;
Гуминовые вещества в биосфере. М., 1993 (у сааўт.).
т. 11, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Васілевічы 2-я (радовішча торфу, Рэчыцкі р-н) 9/280
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кандаль-Яловец-Вольхава (радовішча торфу, Лельчыцкі р-н) 6/300
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ВОДАГАСПАДА́РЧАГА І МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАГА БУДАЎНІ́ЦТВА (Белдзіправадгас) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1951 у Мінску на базе ін-та «Белмеліяпраект». Асн. кірункі дзейнасці: вышукальныя і праектныя работы па асушэнні с.-г. угоддзяў, буд-ве сажалак, вадасховішчаў, рыбагасп. комплексаў, дарог у сельскай мясцовасці, здабычы торфу і сапрапелю, правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў. Распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў у басейнах буйных і сярэдніх рэк на 80% тэр. Беларусі, праекты водаахоўных збудаванняў у зоне Чарнобыльскай АЭС, прыродаахоўнага забеспячэння ў многіх жывёлагадоўчых комплексах.
т. 2, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)