ВАЛЬЦО́ВЫ СТАНО́К,

станок для здрабнення зерня (пшаніцы, жыта і інш. збожжавых культур), прамежкавых прадуктаў, а таксама солі, мінер. угнаенняў, какава-прадуктаў і інш. матэрыялаў. Мае пару або дзве пары вальцаў, якія верцяцца насустрач адзін аднаму. Вальцовыя станкі з наразнымі вальцамі выкарыстоўваюцца для грубага здрабнення, з гладкімі — для тонкага памолу.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕНА́ТЫ,

солі ортамыш’яковай кіслаты H3AsO4. Арсенаты шчолачных металаў і аміяку раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць растварэннем аксіду мыш’яку (As2O5) у шчолачах. Арсенаты цяжкіх металаў атрымліваюць узаемадзеяннем раствораў іх соляў з арсенатаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды, антысептыкі для прамочвання драўніны, кампаненты люмінафораў, п’еза- і сегнетаэлектрыкі. Водарастваральныя арсенаты — моцныя яды.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РЭНС (Torrens),

бяссцёкавае салёнае возера на Пд Аўстраліі; 2-е па велічыні на мацерыку пасля воз. Эйр. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання, на З ад хр. Фліндэрс, на выш. 34 м. Пл. зімой да 5,7 тыс. км² (глыб. да 8 м), летам амаль перасыхае, дно ўкрываецца скарынкай солі.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).

Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль), каменная соль,

мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш. Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.

У.​Я.​Бардон.

Галіт.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІФО́ЛЬ,

цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.

Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНА́ТЫ,

солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.

К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3​−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3​−) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл. Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.

Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш. арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н.к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКАТЫ́ВЫ (ад позналац. siccativus які высушвае),

рэчывы, што паскараюць высыханне лакафарбавых матэрыялаў, якія маюць алеі (пакосты, алейныя лакі, алейныя фарбы, алкідныя і інш. смолы) Паводле механізму дзеяння з’яўляюцца каталізатарамі акісляльнай полімерызацыі астаткаў ненасычаных тлустых кіслот алею. Уплываюць таксама на якасць лакафарбавых пакрыццяў: паляпшаюць іх мех. і ахоўныя ўласцівасці, павялічваюць гідрафобнасць і каразійную ўстойлівасць.

Найб. пашыраныя С. — солі монакарбонавых кіслот (мылы) пераходных (кобальт, марганец, цынк і інш.) і непераходных (свінец, кальцый) металаў, растваральныя ў алеях і арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць мылы пераважна 2-этылгексанавай, 2-этылгептанавай, нафтэнавых і сінт. тлустых кіслот, а таксама насычаных кіслот алеяў, талавага масла (солі талаты), каніфолі (рызінаты). У прам-сці С. вырабляюць у выглядзе раствораў у уайт-спірыце, ізапрапаноле і інш. лятучых арган. растваральніках, часам у выглядзе пастаў і парашкоў. У лакафарбавыя матэрыялы звычайна дадаюць сумесі С., якія маюць іоны розных металаў; пашыраны сістэмы кобальт — свінец, кобальт — цынк, свінец — марганец — кобальт і інш.; падбор камбінацый металаў вызначаецца іх сінергетычным дзеяннем.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬФАКІСЛО́ТЫ, сульфонавыя кіслоты,

арганічныя злучэнні, якія маюць аднавалентную сульфагрупу, ці сульфонавую групу (SO2OH), злучаную з арган. радыкалам. Агульная ф-ла С. — RSO3H, дзе R — алкіл, арыл або гетэрацыклічны радыкал. Класіфікуюць паводле прыроды арган. радыкала, наяўнасці інш. замяшчальнікаў і колькасці сульфонавых груп у малекуле. Найважн. С. — алкан-, аксі- і амінасульфакіслоты, араматычныя С.

Большасць С. — крышт. гіграскапічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе. Моцныя к-ты, утвараюць солі і эфіры (сульфанаты), галагенангідрыды (сульфагалагеніды RSO2Hal), аміды (сульфаміды RSO2NH2). Араматычныя С. пры награванні гідралізуюцца да вуглевадародаў з вылучэннем сернай к-ты. Араматычныя С. атрымліваюць сульфіраваннем, аліфатычныя — сульфакісленнем і сульфхлараваннем (сульфіраванне пры сумесным дзеянні дыаксіду серы SO2 адпаведна з кіслародам ці хлорам у прысутнасці ініцыятараў або пры апрамяненні). Араматычныя С. з’яўляюцца паўпрадуктамі ў вытв-сці фенолаў, нафтолаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў (гл. Сульфанілавая кіслата), іонаабменных смол і інш. Тэхн. сумесь метан-, этан- і прапансульфонавых кіслот выкарыстоўваюць як каталізатар арган. рэакцый, растваральнік, солі алкансульфонавых кіслот — як мыйныя сродкі, паверхневаактыўныя рэчывы, эмульгатары і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)