ВЕ́БЕР ((Weber) Карл Марыя фон) (18.11.1786, г. Ойтын, Германія — 5.6.1826),
нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў ням.муз. рамантызму, стваральнік ням.рамант. опернага т-ра. З 1801 выступаў як піяніст і дырыжор у ням. гарадах. З 1813 дырыжор оперных т-раў у Празе, Дрэздэне. Оперы Вебера «Вольны стралок» (1821), «Эўрыянта» (1823), «Аберон» (1826) далі пачатак развіццюрамант. оперы 19 ст. У найб. папулярнай оперы «Вольны стралок» Вебер развіў традыцыі зінгшпіля, пераўтварыў і ўзбагаціў яго ў духу рамант. эстэтыкі. Опера «Эўрыянта», якая сродкамі вял.рамант. оперы ўвасабляе нац.-гераічныя ідэі, моцна паўплывала на развіццё ням.муз.т-ра. Як піяніст-віртуоз Вебер у фп. творах сцвярджаў бліскучы канцэртны стыль. Аўтар муз.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, вершаў, рамана «Жыццё музыканта» (незакончаны, рус.пер. у час. «Советская музыка», 1935, № 7—8, 10).
Тв.:
10 опер, 9 кантат, у т. л. «Бітва і перамога» (1815);
5 мес, 2 сімфоніі, 3 уверцюры, канцэрты для розных інстр. з арк., у т. л. Канцэртшцюк для фп. з арк. (1821), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 6 санат для скрыпкі і фп.;
4 санаты і інш. п’есы для фп., у т. л. «Запрашэнне да танца» (1819);
хары, вак ансамблі, рамансы і песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт.Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),
біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.
Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.Кетле, англ. вучоных Ф.Гальтана і К.Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.Н.Бернштэйна, А.Я.Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.
Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк.праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш.царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЕ ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
першае ў Расіі навук.-эканам.т-ва ў 1765—1919. Засн. ў С.-Пецярбургу па ініцыятыве Кацярыны II. Задачы і метады работы, статут распрацаваны М.В.Ламаносавым. Вывучала эканам. стан у дзяржаве, прапагандавала перадавыя спосабы апрацоўкі зямлі, укараняла лепшыя сарты збожжа і тэхн. культур, спрыяла развіццю жывёлагадоўлі, пчалярства, шаўкаводства і інш. Аб’яўляла конкурсныя задачы палітэканам. і навук.-гасп. характару. Праводзіла гасп. анкетныя абследаванні, выстаўкі. Выдавала навук. і навук.-папулярную л-ру, навуч. дапаможнікі, «Труды», «Экономические известия», «Лесной журнал», «Русский пчеловодный листок», «Почвоведение» і інш. Апублікавала больш за 160 работ па розных галінах ведаў, у якіх змешчаны матэрыялы і з Беларусі: пра асваенне балот Палесся, ураджайнасць с.-г. культур, клімат, вынікі навук. і практычнай дзейнасці Горы-Горацкай земляробчай школы, справаздачы Мінскага і інш.с.-г. т-ваў Беларусі. Сярод дзеячаў А.Т.Болатаў, А.І.Сінявін, Г.Р.Дзяржавін, К.Дз.Кавелін, Дз.І.Мендзялееў, В.В.Дакучаеў, А.М.Бутлераў і інш. У 2-й пал. 1880-х г. у Вольным эканамічным таварыстве пачалі пераважаць сілы ліберальнай апазіцыі. У 1915 т-ва забаронена, але працягвала працу. Распалася пасля спынення фінансавання ўрадам.
Літ.:
Орешкин В.В. Вольное экономическое общество в России, 1765—1917: Ист.-экон. очерк. М., 1963;
Гриценко Н.Ф. Вольное экономическое общество и земское либеральное движение в последней четверти XIX в. // Общественное движение в России XIX в.: Сб. ст.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),
востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км². Нас. каля 700 тыс.чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-растудз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс.ж., 1988).
Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам.развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццюнац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Channel Islands),
група астравоў у праліве Ла-Манш, каля ўзбярэжжа Нармандыі; у складзе Вялікабрытаніі. Нас. 133 тыс.ж. (1991). Пл. 196 км². Асн. а-вы: Гернсі і Джэрсі. Выш. да 148 м. Лугі. Агародніцтва, кветкаводства (пераважна ў цяпліцах). Рыбалоўства. На Н.а. выведзены гернзейская і джэрсейская пароды буйн. раг. жывёлы. Кліматычныя курорты. Порт Сент-Хеліер — буйны банкаўскі цэнтр (на в-ве Джэрсі). Падзяляюцца на 2 акругі, у якіх брыт. манархію прадстаўляе нам. губернатара. Пытанні міжнар. палітыкі і абароны ў кампетэнцыі брытанскіх, а адм., судовыя, гасп. і фін. — мясц. улад. Іх узначальваюць прызначаныя манархам чыноўнікі — байліфы. Н.а. маюць свой акр. парламент.
У старажытнасці населены галамі. У 1 ст.н.э. заваяваны рымлянамі. З канца 8 ст. на астравы пачаліся набегі нарманаў. У 933 іх правадыр Ралон далучыў Н.а. да герцагства Нармандыя, якое ў 1066 аб’яднана Вільгельмам 1 Заваёўнікам з Англіяй (гл.Нарманскае заваяванне Англіі 1066). Пасля адваявання Нармандыі Францыяй з 1204 астравы засталіся брыт. уладаннем. У 1336 іх беспаспяхова імкнуўся заваяваць шатл. кароль Роберт Брус. Рэфармацыя, якая прыйшла сюды з Францыі, перамагла ў форме кальвінізму (прэсвітэрыянства), з 17 ст. пашырылася англіканства. У 19 ст. гандаль і турызм садзейнічалі хуткаму развіццю Н.а. У 1852—70 тут жыў В.Гюго. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны (1940) ням. войскамі, якія стварылі тут ваен. ўмацаванні, т. зв. Заходні вал. Вызвалены брыт. войскамі 9.5.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,
інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццюінш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл.Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).
Літ.:
Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;
Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.
І.М.Ананьева.
Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.