група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.
Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)×(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прылада для назапашвання электрычных зарадаў. Мае 2 ці больш электродаў (абкладкі), раздзеленых дыэлектрыкам, таўшчыня якога значна меншая за памеры абкладак. Асн. характарыстыкі — электраёмістасць і тангенс вугла страт (гл.Дыэлектрычныя страты). Адрозніваюць К.э. папяровыя, керамічныя, паўправадніковыя, слюдзяныя, электралітычныя (дыэлектрык — вокіс алюмінію ці танталу), з вадкім ці газападобным дыэлектрыкам і інш.; пастаяннай, паўпераменнай (настроечныя — трымеры) і пераменнай ёмістасці. К.э. і іх батарэі выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, тэлебачанні, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш.Гл. таксама Варыкап, Варыконд.
Будова кандэнсатараў электрычных: а — папяровых; б — слюдзяных; в — паветраных; 1 — абкладка (фольга); 2 — дыэлектрык; 3 — ротарныя пласціны; 4 — статарныя пласціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз),
міякардыясклероз, разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш.Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШТА́Б (ням. Maßstab ад Maß мера, памер + Stab палка),
адносіны даўжыні лініі на чарцяжы, плане ці карце да даўжыні адпаведнай лініі ў натуры. Адрозніваюць: лікавы М. — дроб, у якім лічнік 1, а назоўнік паказвае, у колькі разоў паменшаны адлюстраваныя памеры; лінейны М. — графік для пераводу даўжынь, якія вымяраюцца на карце, у адпаведныя адлегласці на мясцовасці (падзеленая на роўныя адрэзкі прамая лінія з подпісам, што паказвае даўж. лініі ў натуры); галоўны — М. мадэлі эліпсоіда або шара, адлюстраванага на плоскасці; прыватны — М. у пэўным пункце па пэўным напрамку, які адрозніваецца ад галоўнага ў выніку скажэнняў, абумоўленых картаграфічнай праекцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСАВА́ННЕ,
1) тэхналагічны працэс апрацоўкі розных матэрыялаў ціскам з мэтай ушчыльнення, змены формы, аддзялення вадкай фазы ад цвёрдай, змены мех. і інш. уласцівасцей. П. атрымліваюць загатоўкі і вырабы з металаў, пластмас, драўняных матэрыялаў і інш. 2) Спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім метал выціскаецца з замкнёнай поласці кантэйнера праз канал матрыцы, форма і памеры якога вызначаюць сячэнне прасаванага профілю.
3) Спосаб атрымання вырабаў з пластмас і гумы ў прэс-формах, пры якім размякчаюць матэрыял награваннем і фіксуюць форму вырабу вытрымкай пад ціскам.
4) Разгладжванне бялізны, адзення, тканін і інш. прасам. Для П. карысталіся духавымі, наплітнымі, пазней эл. прасамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́ДАВЫЯ (Sarcodina),
падтып прасцейшых; 3 кл.: караняножкі, прамянёвікі і сонечнікі (па інш. класіфікацыях С. — падтып з 8 кл. або клас з 4 падкл.). Больш за 11 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах, глебе, ёсць паразітычныя формы. Удзельнічаюць ва ўтварэнні асадкавых парод. Выкапнёвыя (фарамініферы) вядомы з кембрыйскага перыяду.
Памеры ад некалькіх да сотняў мікраметраў. Арганелы руху і захопу корму — часовыя цытаплазматычныя адросткі — псеўдаподыі. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальныя вакуолі, некат. — унутраны і вонкавы мінер. шкілет. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажэнне бясполае (дзяленне напалам, розныя формы пачкавання) і палавое (узнікаюць жгуцікавыя ці амёбападобныя гаметы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
станок для свідравання адтулін у метал. і неметал. загатоўках.
Асн. характарыстыкі С.с. — найб. ўмоўны дыяметр свідравання, памеры конуса шпіндэля, вылет шпіндэля, найменшая і найб. адлегласць ад тарца шпіндаля да стала і да фундаментнай пліты. Тыпы універсальных С.с. у металаапрацоўцы: настольна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), вертыкальна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), радыяльна-свідравальныя, мнагашпіндэльныя, С.с. для глыбокага свідравання. Канструкцыі С.с. для дрэваапрацоўкі — свідравальна-пазавальныя і свідравальна-даўбёжныя (гл.Даўбёжны станок). Выкарыстоўваецца таксама для чыставой апрацоўкі (зенкеравання, разгортвання) адтулін, для наразання ўнутр. разьбы, для зенкавання паверхняў.
На Беларусі вертыкальна- і настольна-свідравальныя станкі вырабляе Маладзечанскі станкабудаўнічы завод.