МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр.падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НКА (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 13.3.1936, г. Гомель),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел.АМ. Аўтар манум. твораў з А.М.Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскай вобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (1908, Віцебск — 1942),
бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Чл. Віцебскага філіяла Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (1928—30). Удзельнічаў у скульпт. афармленні Дома ўрада (1933), Акруговага Дома афіцэраў (1935), Палаца піянераў (1936; усе ў Мінску), бел. павільёна на Усесаюзнай с.-г. выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў у фаш. канцлагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЙРА́М»
(«Свята»),
штоквартальны гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выходзіць у Мінску з 1991 на бел. мове. Выдаецца Бел. згуртаваннем татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Друкуе матэрыялы па гісторыі татараў з часу іх пасялення на бел. землях у канцы 14 ст., пра жыццё татараў Паволжа і Крыма, мусульманскіх і цюркскіх краін свету, асновы мусульманскай веры і этыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАШЫ́НСКІ (Андрэй Станіслававіч) (н. 4.5.1970, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),
бел. спартсмен (ручны мяч). Скончыў у Мінску школу алімп. рэзерву (1987). Алімп. чэмпіён (1992, Барселона), чэмпіён свету сярод юніёраў (1989), СССР (1989), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1991), у складзе клуба СКА (Мінск), уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1989), Кубка СССР (1989). Член зборнай каманды Беларусі з 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ (Ісідар Германавіч) (28.12.1906—1944),
бел. харавы дырыжор і педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). У 1922—25 кіраваў самадз. хорам у Гомелі. З 1934 у Мінску, выкладчык дырыжорска-хар. ф-та Бел. кансерваторыі, у 1937—41 маст. кіраўнік хору Бел. філармоніі. Аўтар партыз. песень, у т. л. «Баявая партызанская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЕКЦЫЯНЕ́Р»,
газета для калекцыянераў. Выдаецца з ліст. 1990 у Оршы, з сак. 1995 у Мінску на бел. мове. Перыядычнасць адвольная. Інфармуе бел. калекцыянераў пра выяўленне, збор, вывучэнне, сістэматызацыю і захаванне розных калекцыйных матэрыялаў. Друкуе матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. Паказвае рэпрэзентацыю Беларусі ў свеце сродкамі філатэліі, нумізматыкі, філакартыі, фалерыстыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЗЕМЛЯ́»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася ў 1918 у Мінску на рус. мове. Афіц. выдавец — Саюз бел. арг-цый, фактычна была органам Народнага сакратарыята Беларусі. Першы нумар выйшаў 1.3.1918. Друкавала дакументы выканкома Савета Усебел. з’езда, пастановы, загады і аб’явы Нар. сакратарыята Беларусі і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў нац. руху. Выйшла некалькі нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛФАКСВЫДАТГРУ́П,
недзяржаўнае выдавецтва. Засн. ў 1990 у Мінску. Выдавала календары-альбомы, тэматычныя календары, маст., мед., тэхн. л-ру. З 1993 у супрацоўніцтве з выд-вамі Еўропы і Амерыкі выдае замежную л-ру для дзяцей у перакладзе на рус. мову (у т. л. серыі «Энцыклапедыя залатых казак», «Міфалогія», «Свет жывёл», «Як стаць дарослым» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,
часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.