ОТАНЕЎРАЛО́ГІЯ (ад грэч. us, otos вуха + neuron жыла, нерв + ...логія),

отарыналарынганеўралогія, раздзел отарыналарынгалогіі, які вывучае функцыі нюхальнага, смакавага, вестыбулярнага і слыхавога аналізатараў у норме і пры захворваннях ЛОР-органаў і галаўнога мозга. Пачала развівацца з сярэдзіны 20 ст. на базе нейрахірургіі.

На Беларусі аддзяленне О. сфарміравана ў 1954 на базе НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Вывучаюцца пытанні ранняй дыягностыкі пухлін слыхавога нерва, гломусных пухлін сярэдняга вуха і асновы чэрапа, хвароб унутр. вуха (напр., Меньера хвароба, вестыбулярны нейраніт); ствараюцца новыя дыягнастычныя методыкі (І.​А.​Склют і інш.).

Літ.:

Злотник Э.И., Склют И.А. Невриномы слухового нерва. Мн., 1970;

Склют И.А., Цемахов С.Г. Нистагм. Мн., 1990;

Іх жа. Вестибулярный рекруитмент. Мн., 1990.

Г.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),

эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц. фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),

інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн. г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.

У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Малаха́й 1 ’шапка з шырокімі навушнікамі’, ’шырокі кафтан без пояса’ (ТСБМ), малахайка ’зімовая шапка’ (Касп.). Укр. малахай, рус. малаха́й ’шырокае мешкаватае адзенне без пояса’, ’доўгі халат з футра’, ’неакуратна апрануты чалавек’, ’разява, расцяпа’, ст.-рус. малахай ’шапка з футрам’ (XVII ст.). Запазычана ва ўсх.-слав. мовы з тат. malaxai, марыйск. malaxai, якія з калмыц. maχlä, манг. malagai ’шапка’ (Фасмер, Этюды, 127; Яго ж, 2, 562; Аткупшчыкоў, Из истории, 208).

*Малаха́й 2, молоха́й ’хвароба ў авечак’ (мазыр., З нар. сл.). Няясна. Недастатковасць інфармацыі аб сутнасці названай хваробы дае магчымасць зрабіць толькі некаторыя дапушчэнні адносна паходжання лексемы. Можна дапусціць, што яна звязана з навагрэч. μαλακός ’мяккі’, μαλακώνω ’паслабляю, размякчаю, сціхаю’, μαλάκυνσις ’размякчэнне мозга’, якія ўзыходзяць да ст.-грэч. μαλαχία ’слабасць’. Параўн. таксама лац. malacia ’вяласць, бяздзейнасць’, ’адсутнасць апетыту’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нерв, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Адзін са шматлікіх пучкоў валокнаў у выглядзе белых канацікаў, якія ідуць ад галаўнога і спіннога мозга да органаў пачуццяў, мышцаў, залоз і інш. і даюць целу магчымасць рухацца і адчуваць.

Зрокавы н.

2. мн. Уся такая сістэма, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека.

Нервы не вытрымалі.

3. перан. Цэнтр якой-н. дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго-н.

Нёман быў нервам сяла.

◊

Выматаць усе нервы (разм., неадабр.) — змучыць, давесці да знямогі.

Іграць на нервах (разм., неадабр.) — гнявіць, нерваваць каго-н. чым-н.

Трапаць нервы (разм., неадабр.) — хвалявацца, моцна нерваваць каго-н.

|| прым. нерво́вы, -ая, -ае.

Н. цэнтр.

Нервовыя хваробы.

Нервовая сістэма.

Н. цік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),

гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),

найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям. гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн. г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.

Л.​І.​Цягака.

Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.​Бурыян.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНАВІ́ЦКІ (Аляксандр Юльянавіч) (23.3.1914, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1975),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), д-р мед. н. (1940), праф. (1948). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1941 у Іркуцку, з 1944 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі, адначасова з 1948 у Маскоўскім стаматалагічным ін-це. З 1950 дырэктар Ін-та тэарэт. медыцыны АН БССР, у 1953—59 у Ін-це аховы мацярынства і дзяцінства, у 1958—63 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемах рэактыўнасці арганізма, шоку, следавых рэакцый у паталогіі, кампенсатарных прыстасаваннях і метадалагічных пытаннях медыцыны.

Тв.:

Экспериментальная терапия некоторых форм гипоксии головного мозга // Компенсаторные приспособления при патологии сердечно-сосудистой системы. Мн., 1966.

А.Ю.Бранавіцкі.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́ХІН (Пётр Кузьміч) (26.1.1898, Валгаград — 6.3.1974),

рускі сав. фізіёлаг. Акад. АН СССР (1966), акад. АМН СССР (1945). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т мед. ведаў (1926). У 1921—30 працаваў у У.​М.​Бехцерава і І.​П.​Паўлава (Ленінград), пазней у біял. і мед. установах АМН СССР, з 1950 у Ін-це нармальнай і паталаг. фізіялогіі АМН СССР і інш. Адзін з заснавальнікаў нейракібернетыкі. Навук. працы па нейрафізіял. механізмах вышэйшай нерв. дзейнасці. Ленінская прэмія 1972. Залаты медаль імя І.​П.​Паўлава АН СССР 1968.

Тв.:

Кибернетика и интегративная деятельность мозга // Вопр. психологии. 1966. № 3;

Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.

Літ.:

Квасов Д.Г., Федорова-Грот А.К. Физиологическая школа И.​П.​Павлова. Л., 1967.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫВО́ЦІНАЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад. Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.​А.​Луп’янам);

Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.​З.​Клябанавым).

Літ.:

Б.​В.​Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)