знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся на правабярэжжы ніжняга цячэння р. Прыпяць, у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Працягваецца з ПнЗ (раён вусця р. Пціч) на ПдУ да в. Барбароў прыблізна на 50 км. Шыр. 3—14 км. Выш. 160—200 м, найб. 221 м. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўн. і паўн.-ўсх. схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. М.г. мае выгляд слабавыгнутых у паўд.-зах. напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м.Паўн. і ўсх. схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя выш. над урэзам вады 50—70 м.Паўд. схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна расчлянёная (гушчыня 1000—1800 м/км²). Глыбіня яроў да 40—60 м (каля г. Мазыр, ландшафтны заказнік Мазырскія Яры). На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Пад лесам 36% тэр., пераважна на ПдУ. Лясы хваёвыя, дубровы. Пад ворывам 22% тэр. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове глеб ад воднай эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАВО́ДКА,
бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНЯГА ВО́ЗЕРА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,
каля зах. краю Верхняга воз., пераважна ў ЗША (штат Мічыган, Вісконсін і Мінесота) і Канадзе (прав. Антарыо); адзін з буйнейшых жалезарудных басейнаў свету. Працягласць басейна з З на У каля 600 км, з Пн на Пд каля 300 км. Жал. руды прымеркаваны да пратэразойскай жалезаруднай фармацыі, магутнасць яе 15—300 м, прадстаўлены таканітамі і звязанымі з імі багатымі гематытавымі рудамі (колькасць Fe 51—57%) і беднымі рудамі — магнетытавымі кварцытамі (Fe каля 27%). Здабыча з 1854. Руда абагачаецца. Асн. спажыўцы — металургічныя з-ды ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.
Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),
гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыянерым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасцьРым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ ЭНЕ́РГІЯ, гідраэнергія,
энергія вады, якая рухаецца ў патоках па зямной паверхні або назапашана ў азёрах і вадасховішчах, што знаходзяцца на некаторай вышыні над узр. м. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы; выражаецца ў кілаватах. Адрозніваюць поўную або кадастравую магутнасць воднай энергіі, якая залежыць ад расходу, вышыні падзення і ўдзельнай шчыльнасці вады, і тэхн. магчымую для выкарыстання. Энергетычныя рэсурсы рэк Беларусі адносна невялікія: поўная (патэнцыяльная) энергія іх каля 1 млн.кВт, або 7,5 млрд.кВт∙гадз за год. Тэхн. рэсурсы складаюць 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутр. згарання, які пераўтварае хім. энергію газаў (у т. л. сціснутых і звадкаваных) у мех. энергію. Бывае з іскравым запальваннем і з запальваннем сумесі вадкім палівам (гл.Газавадкасны рухавік). Генератарны газ для газавага рухавіка атрымліваюць у газагенератарах. Стацыянарныя газавыя рухавікі выкарыстоўваюцца на металург. з-дах, у нафтавай і газавай прам-сці, на электрастанцыях. Іх магутнасць да 15 МВт, ккдз 0,42. Транспартныя газавыя рухавікі ўстанаўліваюць на суднах, газагенератарных аўтамабілях і газабалонных аўтамабілях. Перспектыўнае выкарыстанне (асабліва для аўтамабіляў) вадароду, які пры згаранні ў сумесі з паветрам утварае малатаксічныя газы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,
у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн.м³, перспектыўныя 50,1 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СТАЎ IВаза
(Gustaf I Vasa; 12.5.1496, г. Рудбухальм, Швецыя — 29.9.1560),
кароль Швецыі [1523—60], заснавальнік дынастыі Ваза. Прымаў удзел у вайне супраць дацкага караля Крысціяна II, які імкнуўся аднавіць Кальмарскую унію. Пасля перамогі нар. паўстання, якое вызваліла краіну ад дацкага панавання, у 1523 абраны каралём Швецыі. Скасаваў Кальмарскую унію, аслабіў эканам.магутнасць каталіцкай царквы, правёў у Швецыі каралеўскую Рэфармацыю. У 1544 дамогся ад рыксдага прызнання спадчыннага права сваёй дынастыі на шведскі прастол. Жорстка задушыў шэраг нар. паўстанняў (1524—25, 1542—43). У канцы жыцця вёў беспаспяховую вайну з Маскоўскай дзяржавай (1555—57).