распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. ЗаканадаўстваВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ЎНУ́ТРАНАГА ПРАЦО́ЎНАГА РАСПАРА́ДКУ.
На Беларусі рэгламентуюцца Тыпавымі П.ў.п.р. (зацверджаны пастановай Дзярж.к-та па працы і сац. абароне насельніцтва 19.5.1994). Складаюцца з 7 раздзелаў. Уключаюць паняцці ўнутр.прац. распарадку, рэгламентуюць парадак прыняцця галіновых і мясц. правіл, вызначаюць правы і абавязкі наймальніка і інш. службовых асоб, парадак прыёму і звальнення работнікаў, абавязкі работнікаў і наймальніка, рабочы час і яго выкарыстанне, меры заахвочвання, адказнасць за парушэнне прац. дысцыпліны. На аснове прац.заканадаўства і Тыпавых правіл мін-вы, дзярж. к-ты і ведамствы з удзелам галіновых прафсаюзаў могуць распрацоўваць і зацвярджаць галіновыя правілы. Пры адсутнасці мясцовых дзейнічаюць галіновыя або Тыпавыя П.ў.п.р. У асобных галінах нар. гаспадаркі (напр., транспарт, авіяцыя) унутр.прац. распарадак рэгулюецца статутамі або палажэннямі аб дысцыпліне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА З АБМЕЖАВА́НАЙ АДКА́ЗНАСЦЮ,
таварыства, заснаванае дзвюма і больш асобамі, статутны фонд якога падзелены на долі, вызначаныя ўстаноўчымі дакументамі. Удзельнікі такога т-ва не адказваюць па яго абавязацельствах, але нясуць рызыку страт, звязаных з дзейнасцю т-ва ў межах вартасці ўнесеных імі ўкладаў. Удзельнікі т-ва, якія ўнеслі ўклады не поўнасцю, нясуць салідарную адказнасць па яго абавязацельствах у межах вартасці нявыплачанай часткі ўкладу кожнага з удзельнікаў. Фірменнае найменне такога т-ва павінна ўтрымліваць у яго назве словы «з абмежаванай адказнасцю». Прававое становішча такога т-ва, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў вызначаюцца нормамі заканадаўства, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Устаноўчымі дакументамі т-ва з’яўляюцца ўстаноўчы дагавор, падпісаны яго заснавальнікамі, і зацверджаны імі статут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАШЭ́НКА Сяргей Аляксандравіч (н. 15.8.1962, в. Стайкі Магілёўскага р-на),
бел. юрыст. Д-рюрыд.н. (2001). Скончыў БДУ (1989), дзе і працуе (у 1999—2002 дэкан ф-та кіравання і сац. тэхналогій, з 2002 дэкан юрыд. ф-та). Навук. працы па праблемах кіравання і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнага заканадаўства і агульнай тэорыі экалагічнага права. Чл. кваліфікацыйнай камісіі па адвакацкай дзейнасці Мін-ва юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Вопросы общей теории экологического права. Мн., 1991 (разам з А.І.Бабылёвым);
Международно-правовая охрана окружающей среды и права человека. Мн., 1999 (разам з Т.І.Макаравай);
Экологическое право. Мн., 1999 (разам з Дз.М.Дземічавым);
Государственное управление в области охраны окружающей среды. Мн., 2000;
Обзор экологического законодательства Республики Беларусь. Мн., 2003 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРБ,
1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш.), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
Ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Мясц. Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі органамі дзярж. улады на тэр. адпаведных адм.-тэр. адзінак і асн. звяном мясц. самакіравання, якое забяспечвае на сваёй тэр. ўзгодненую дзейнасць органаў тэр. грамадскага самакіравання. Адзіную сістэму мясц. Саветаў дэпутатаў складаюць сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя і абласныя Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на адпаведнай тэр., тэрмінам на 4 гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991 (у рэдакцыі закона ад 10.1.2000) да выключнай кампетэнцыі мясц. Саветаў належаць: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця (жыллёвага і дарожнага буд-ва, добраўпарадкавання, камунальна-быт. і сац.-культ. абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды і інш.), мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; кантроль за выкарыстаннем зямель, іх нетраў, вод, лясоў, паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і інш. прыродных рэсурсаў; вырашэнне пытанняў адм.-тэр. ўладкавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; назначэнне мясц. рэферэндумаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, а таксама для кантролю за выкананнем рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў з дэпутатаў выбіраюцца пастаянныя камісіі. Рэкамендацыі камісій аддаюцца на разгляд адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арганізацыямі.
Органамі мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі і адначасова выканаўчымі і распарадчымі органамі мясц. Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты з правамі юрыд. асобы. Яны падсправаздачныя і падкантрольныя вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама падсправаздачныя мясц. Саветам дэпутатаў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі. У сістэму органаў выканаўчай улады ўваходзяць таксама мясц. адміністрацыі, утвораныя на тэр. раёнаў у гарадах, дзе не выбіраюцца раённыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясц. Саветамі дэпутатаў. На аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзян па іх ініцыятыве, па ініцыятыве Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта могуць стварацца органы тэр. грамадскага самакіравання (саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і інш.) з мэтай вырашэння праблем сац.-эканам. развіцця сваёй тэр., задавальнення духоўных і культ. патрэбнасцей насельніцтва. На адпаведнай частцы адм.-тэр. адзінкі можа быць створаны толькі адзін орган тэр. грамадскага самакіравання. Мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству або абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адмяняюцца паводле існуючага заканадаўства або могуць быць абскарджаны ў суд. парадку. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясц. Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧА (ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),
народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭНТА́НА (Brentano) Луё (Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».
Тв.:
Рус.пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;