НАПРА́ЎНІК Эдуард Францавіч (24.8.1839, Бішць каля г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 23.11.1916),

рускі дырыжор, кампазітар, муз. дзеяч. З 1854 вучыўся ў Арганнай школе і Ін-це Майдэля ў Празе. З 1861 у Расіі, з 1863 пам. капельмайстра, з 1869 першы капельмайстар (гал. дырыжор) Марыінскага т-ра. У 1869—81 кіраваў сімф. канцэртамі Рус. муз. т-ва. Удзельнічаў у пастаноўцы каля 80 опер, дырыжыраваў прэм’ерамі опер Ц.​Кюі, А.​Сярова, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, А.​Рубінштэйна і інш. Паставіў тэтралогію «Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера (1900—05), «Фідэліо» Л.​Бетховена (1905), «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка (1911) і інш. Аўтар опер «Дуброўскі» (паст. 1855, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1948), «Ніжагародцы» (паст. 1868), «Гарольд» (паст. 1886), «Франчэска да Рыміні» (паст. 1902), 4 сімфоній (каля 1866—79), сімф. паэм, сюіт для сімф. арк., фантазіі на рус. тэмы для скрыпкі з арк., камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп., скрыпкі і фп., для віяланчэлі і фп., рамансаў.

Літ.:

Михеева Л.В. Э.​Ф.​Направник. М., 1985.

Э.Ф.Напраўнік.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСЕН (Nielsen) Карл Аўгуст (9.6.1895, Норэ-Люндэльсе, каля г. Одэнсе, Данія — 3.10.1931) класік дацкай музыкі, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Капенгагене (1884—86),

з 1916 выкладаў у ёй (у 1931 рэктар). У 1889—1905 скрыпач, з 1908 гал. дырыжор Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. У 1915—27 гал. дырыжор канцэртаў Муз. т-ва. Наватар дацкай музыкі. Стваральнік т.зв. новай дацкай нар. песні. Яго эстэт. погляды паўплывалі на творчасць дацкіх і інш. скандынаўскіх кампазітараў 20 ст. Сярод твораў: оперы «Саул і Давід» (паст. 1902), «Маскарад» (паст. 1906); «Гімн каханню» (1897), «Сны» (1904), «Фюнская вясна» (1921) для салістаў, хору і арк.; 6 сімфоній (1882—1925), уверцюры (1903, 1908, 1918); канцэрты для інструментаў з арк. (1911, 1926, 1928), камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., скрыпкі, аргана; хары a cappella; песні (каля 250), музыка да драм. спектакляў і інш. Аўтар мемуараў «Маё дзяцінства на Фюне» (1927). У Капенгагене праводзяцца фестывалі музыкі Н.

Літ.:

Сталь Э. Классик нашей музыки // Сов. музыка. 1970. № 8;

Мохов Н.Н. О творчестве К.​Нильсена // Там жа 1981. № 6.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФАНО́ВІЧЫ,

бел. музыканты 19 ст., браты. Дамінік Рыгоравіч (Восіпавіч; 21.5.1797 — каля 1870), піяніст, педагог, дырыжор. У 1820—37 кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра, у 1848—65 выкладаў музыку і хар. спевы ў Мінскай гімназіі і прыватным узорным жаночым пансіёне, адначасова з 1856 наладжваў сімф. канцэрты. Сярод вучняў С.​Манюшка, К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскі. Вікенцій Рыгоравіч (16 8.1804 — ?), дырыжор, педагог. У 1837—62 і ў 1869 кіраўнік Мінскага гар. аркестра, пры ім арганізаваў муз. школу для сірот і дзяцей беднякоў, дзе навучаў іх ігры на розных інструментах. Удзельнічаў у паст. аперэт «Рэкруцкі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 1852) Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча.

Літ.:

Кісялёў Г. Настаўнік Станіслава Манюшкі // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;

Ахвердова Е.И. Из истории фортепианного искусства Белоруссии XIX в. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Коротеев А.Л. Из истории духовых оркестров Белоруссии XIX в. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1986. Вып. 5.

А.​І.​Ахвердава.

т. 15, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1958 як канцэртна-эстрадны, з 1975 эстр.-сімф., з 1979 сімф. аркестр, з 1958 гал. дырыжор Ю.​Бяльзацкі, з 1961 — маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.​Райскі (у 1965 дырыжор Я.​Глебаў), з 1989 — засл. дз. маст. Украіны В.​Лявонаў, з 1993 — А.​Лапуноў. Напачатку аркестр выконваў пераважна творы лёгкай музыкі, з 1960-х г. гал. ўвагу аддаваў буйным сімф. творам. Калектыў прапагандуе музыку бел. кампазітараў. Здзейсніў фондавыя запісы опер бел. кампазітараў «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «Андрэй Касценя» М.​Аладава, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Зорка Венера» Ю.​Семянякі, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Матухна Кураж» С.​Картэса; радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова; музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Маленькі прынц» Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.​Суруса; сімфоній Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, Глебава, Ф.​Пыталева, Цесакова, а таксама творы Г.​Гарэлавай, Г.​Ермачэнкава, А.​Клеванца, В.​Кузняцова, І.​Лучанка, А.​Хадоскі і інш. Запісаў шэраг твораў класічнага рэпертуару і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца сюіты з балета «Маленькі прынц» і 5-й сімфоніі Глебава, фп. канцэрта Абеліёвіча, 3-й і 4-й сімфоній А.​Мдывані, 2-й сімфоніі У.​Дарохіна, сімфоніі-канцэрта «Каляды. Ражаство» Суруса, 4-й сімфоніі «Белая Русь» Хадоскі, скрыпічнага канцэрта Гарэлавай, кантаты «Трава-мурава» Л Шлег і інш. Значнае месца займае канцэртная і гастрольная дзейнасць. Удзельнічае ў аўтарскіх канцэртах бел. кампазітараў. З аркестрам выступалі і рабілі запісы бел. і замежныя спевакі і інструменталісты.

Літ.:

Мдзівані Т. Удзячнасць пошуку // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;

Яе ж Новые пути оркестра // Муз. жизнь. 1983. № 8;

Друкт А. Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984.

А.​А.​Друкт, В.​У.​Мазанік.

Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. 1990-я г.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІ́БІН Аляксандр Іванавіч (11.9.1911, г. Сімферопаль, Украіна — 8.6.1993),

бел. дырыжор, дзеяч самадзейнага муз. мастацтва. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў ваенна-дырыжорскі ф-т Маскоўскай кансерваторыі (1942). У 1952—62 узначальваў Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца. З 1962 маст. кіраўнік Мінскай абл. нар. філармоніі пры Бел. філармоніі, у 1968—73 дырэктар Рэсп. Дома маст. самадзейнасці Белсаўпрофа.

І.Білібін. Кулікоўская бітва. 1941.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬВЕ́Н (Alfven) Хуга (1.5.1872, Стакгольм — 8.5.1960),

шведскі кампазітар, дырыжор, скрыпач. У 1890—97 саліст Каралеўскага сімф. аркестра ў Стакгольме, у 1910—39 кіраўнік муз. аддзялення ун-та ў Упсале. Упершыню ў свецкай сімф. музыцы выкарыстаў нац. фальклор. Сярод тв.: балеты «Горны кароль» (1923), «Блудны сын» (1957); 12 кантат; 5 сімфоній; 3 рапсодыі для арк.; камерныя творы; хары; музыка да кінафільмаў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ Аляксандр Андрэевіч (23.10.1846, с. Старое Тэзікава Пензенскай вобл. — 16.11.1924),

рускі харавы дырыжор. Засл. арт. Рэспублікі (1921). Працаваў рэгентам хароў у Пензе і Пецярбургу. Упершыню ўвёў у царк. спевы жаночыя галасы (замест галасоў хлопчыкаў). У 1880 арганізаваў мяшаны хор, з якім канцэртаваў па Расіі. Аўтар хар. твораў, у т. л. духоўных, апрацовак нар. песень. Выдаў серыю «Рэпертуар канцэртаў А.​А.​Архангельскага» (1893—94).

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЧКО́ Георгій Якаўлевіч (1.1.1925, мяст. Заблудаў Падляскага ваяв., Польшча — 10.9.1977),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Сярэдняе вучылішча ваен. музыкантаў у Маскве (1946), Бел. кансерваторыю (1963, клас М.Браценнікава). З 1946 ваен. дырыжор. З 1960 артыст Дзярж. сімф. аркестра Беларусі, з 1963 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртную дзейнасць як саліст і ансамбліст, у рэпертуары пераважалі творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́НКІНА Ганна Сцяпанаўна (н. 1.5.1945, г. Віцебск),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыла Бел. кансерваторыю (1971, кл. В.Роўды). З 1963 маст. кіраўнік дзіцячага і студэнцкага хароў у Віцебску, з 1966 у Мінску. З 1973 выкладае ў Брэсцкім муз. вучылішчы, адначасова з 1974 маст. кіраўнік нар. харавой капэлы Дома культуры чыгуначнікаў, з 1982 — капэлы настаўнікаў гар. Дома культуры.

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕНДРОТ (Abendroth) Герман (19.1.1883, Франкфурт-на-Майне — 29.5.1956),

нямецкі дырыжор. З 1903 кіраўнік сімф. аркестраў у Мюнхене, Кёльне, Берліне і інш., з 1934 — аркестра Гевандхаўза і праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1945 генерал-музік-дырэктар у Веймары, кіраўнік сімф. аркестраў радыё ў Лейпцыгу і Берліне. Вядомы як інтэрпрэтатар твораў Л.​Бетховена, І.​Брамса, А.​Брукнера. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (ГДР). Нац. прэмія ГДР 1949.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)