СТАФАНО́ВІЧЫ,
бел. музыканты 19 ст., браты. Дамінік Рыгоравіч (Восіпавіч; 21.5.1797 — каля 1870), піяніст, педагог, дырыжор. У 1820—37 кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра, у 1848—65 выкладаў музыку і хар. спевы ў Мінскай гімназіі і прыватным узорным жаночым пансіёне, адначасова з 1856 наладжваў сімф. канцэрты. Сярод вучняў С.Манюшка, К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскі. Вікенцій Рыгоравіч (16 8.1804 — ?), дырыжор, педагог. У 1837—62 і ў 1869 кіраўнік Мінскага гар. аркестра, пры ім арганізаваў муз. школу для сірот і дзяцей беднякоў, дзе навучаў іх ігры на розных інструментах. Удзельнічаў у паст. аперэт «Рэкруцкі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 1852) Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча.
Літ.:
Кісялёў Г. Настаўнік Станіслава Манюшкі // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;
Ахвердова Е.И. Из истории фортепианного искусства Белоруссии XIX в. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Коротеев А.Л. Из истории духовых оркестров Белоруссии XIX в. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1986. Вып. 5.
А.І.Ахвердава.
т. 15, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)