ПАЛЕАА́НТРАПЫ (ад палеа... + грэч. anthrōpos чалавек),
выкапнёвыя людзі, якія жылі ў эпоху ніжняга (ранняга) і сярэдняга палеаліту (150—35 тыс. г. назад). Гл. Неандэртальцы.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ..., полі... (ад грэч. poly многа, многае), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае мноства, усебаковасць, разнастайны састаў чаго-н., напр., паліандрыя, паліглот, поліартрыт.
т. 11, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОНТ (ад грэч. Pontos мора),
старажытная вобласць у М. Азіі на ўзбярэжжы Понта Эўксінскага, на тэр. якой у 301 да н.э. ўтварылася Пантыйскае царства.
т. 12, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭІ́НЫ (ад грэч. prōtos першы),
простыя бялкі, якія складаюцца з астаткаў амінакіслот, злучаных паміж сабой пептыднай сувяззю. Тэрмін «П.» ўжываюць і як сінонім бялкоў.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТЭРАНДРЫ́Я, пратандрыя (ад прота... + грэч. andreios мужчынскі),
выспяванне пыльнікаў раней за рыльцы песцікаў у кветках (напр., у складанакветных, парасонавых). Перашкаджае самаапыленню. Гл. таксама Протэрагінія.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАРА́КСІЯ (ад грэч. ataraxia спакойнасць),
паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКАТЭ́Й МІЛЕ́ЦКІ (грэч. Hekataios Milēsios; каля 546 — 480 да н. э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, географ. Аўтар адной з першых геагр. прац краіназнаўчага характару «Землеапісанне» (складаецца з 2 частак: «Еўропа», што ўключала Еўропу і Паўн. Азію, і «Азія», што ўключала Азію, Егіпет і Лівію). Паводле сведчання Герадота, да «Землеапісання» была прыкладзена карта з відарысам вядомай на той час населенай ч. сушы — айкумены. Карта не знойдзена, часткова яна адноўлена па ўрыўках з твораў Г.М., Герадота і інш. Другі яго твор «Генеалогія» (захаваліся фрагменты) змяшчае стараж.-грэч. міфы і паданні, сістэматызаваныя накшталт гіст. апісання.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІМА́Х (Kallimachos; 310 да н.э., г. Кірэна, цяпер г. Шахат, Лівія — каля 240 да н.э.),
старажытна грэчаскі паэт і філолаг; прадстаўнік александрыйскай паэзіі. Жыў пры егіп. двары Пталамеяў, узначальваў Александрыйскую бібліятэку.
Стваральнік новага літ. жанру — паэзіі малых форм: паэма «Гекала» (эпілій — малы эпас); зб-кі апавяд. элегій у 4 кн. «Прычыны», вершаў «Ямбы». Аўтар шматлікіх эпіграм, гімнаў, «Табліц» — першага каталога грэч. пісьменнікаў і іх твораў з біягр. звесткамі. Творчасць К. паўплывала на больш познюю грэч. і рым. паэзію.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Александрийская поэзия. М., 1972.
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРСІ́Ў (ням. Kursiv ад позналац. cursivus літар. які бяжыць),
1) адзін з абрысаў друкарскага шрыфту з нахілам асн. штрыхоў літар направа. Нагадвае рукапісны почырк. Выкарыстоўваецца пераважна для выдзялення асобных частак набору, найб. шырока — у энцыклапедычных і інш. даведачных выданнях. Упершыню ўжыты ў т.зв. альдзінах — выданнях венецыянскіх друкароў 15—16 ст. Выкарыстоўваўся ў бел. кірылічных выданнях друкарні Мамонічаў у канцы 16 ст. 2) Скарапісны почырк лац. і грэч. пісьма. Найб. стараж. ант. К. 1—2 ст.; у візант.-грэч. пісьме быў пашыраны ў 9 ст. ў канцылярскай, дыпламат. і гандл. перапісцы.
т. 9, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭ́КІ (грэч. metoikos літар. перасяленец, чужаземец),
іншаземцы, якія перасяліліся ў стараж.-грэч. полісы. Сярод М. былі і адпушчаныя на волю рабы. Мелі асабістую свабоду, але былі пазбаўлены паліт. правоў, не маглі выступаць на судзе і не валодалі нерухомасцю. Кожны М. павінен быў мець апекуна — грамадзяніна поліса (прастата), штогод плаціць дзяржаве спец. даніну — метэкіён (мужчына 12, жанчына 6 драхм), несці вайсковую службу. Займаліся пераважна гандлем, рамёствамі, ліхвярствам. Сярод іх былі вельмі багатыя гараджане. У 5—4 ст. да н.э. адыгрывалі важную ролю ў эканоміцы гарадоў.
т. 10, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)