ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),
колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬС (ад лац. pulsus удар, штуршок),
перыядычнае, падобнае на штуршок расшырэнне сценак артэрый, сінхроннае са скарачэннямі сэрца. Частата П. залежыць ад полу, узросту чалавека (жывёлы), масы цела, эмацыянальнага стану, фіз. нагрузкі, т-ры цела і навакольнага асяроддзя. Напр., у слана (маса 3000 кг) частата П. каля 25 удараў за мінуту, у землярыйкі (маса 3 г) — болей за 600. У дарослага чалавека частата П. ў сярэднім 70—80 удараў за мінуту, пры фіз. нагрузцы — 150—200. Памяншэнне частаты П. ніжэй за норму наз.брадыкардыяй, пачашчэнне — тахікардыяй. Брадыкардыя — абавязковая фізіял. рэакцыя сэрца ў жывёл, што ныраюць (напр., у некат. цюленяў пры ныранні частата П. памяншаецца ад 140 да 10 удараў за мінуту). Акрамя сярэдняй частаты П. адзначаецца шэраг інш. характарыстык: рытмічнасць, напаўненне і інш.