быль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.

2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́ліч, ‑ы, ж.

1. Што‑н. надзвычай вялікіх памераў; гмах. Начныя змрокі.. зусім ужо ахуталі лес, над якім узвышаецца чорная веліч дрэва. Лынькоў. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль.

2. Грандыёзнасць, незвычайная сіла праяўлення чаго‑н., што выклікае вялікую павагу. Мы стаім з Васілісай і доўга-доўга маўчым, супакоеныя і ў той жа час глыбока ўсхваляваныя веліччу і хараством прыроды. Васілевіч.

3. Вялікае значэнне каго‑, чаго‑н. Веліч перамогі. Веліч дружбы. □ Хай славіцца век, чалавек, бязмежная веліч твая. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́ткі, ‑ая, ‑ае.

Здольны лёгка гнуцца; гібкі. Гнуткае вецце. Гнуткая піла. □ Пад хатай тонкая рабіна Да клёна хіліць гнуткі стан. Ляпёшкін. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Часта схілялі нізка, над самай муравой, свае доўгія белыя гнуткія шыі і, выцягваючы іх на ўсю даўжыню, сіпелі ў бок на дзяцей. Галавач. // перан. Багаты адценнямі, зменлівы ў сваім руху (пра голас, мову і пад.). Гнуткі голас артыста лёгка зліўся з цудоўным вакальным малюнкам вобраза. «Беларусь». Антон Корж — чалавек гнуткага розуму і дыялектычнага мыслення. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зні́зіць, зніжу, знізіш, знізіць; зак., што.

1. Зменшыць вышыню чаго‑н., апусціць уніз, ніжэй. Знізіць самалёт над аэрадромам.

2. Зрабіць ніжэйшым, малым (ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыць. Знізіць цэны. Знізіць хуткасць. Знізіць патрабаванні. // Зрабіць ніжэйшым (якасць або значнасць, важнасць чаго‑н.). Знізіць літаратурнае майстэрства. // Зрабіць (гук, голас і пад.) ніжэйшым па тону, менш гучным. [Паненка] знізіла голас да шэпту: — Не хадзі, Казюня. Чарнышэвіч.

•••

Знізіць тон — пачаць гаварыць больш спакойна. Апанас знізіў тон і горача зашаптаў нешта Вадалею і Сучку. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́ба, ‑ы; Р мн. жаб; ж.

1. Бясхвостая чатырохногая земнаводная жывёліна з бародаўчатай слізкай скурай бурага колеру, якая водзіцца ў цёмных сырых месцах; рапуха. У адным месцы рука яго патрапіла на штосьці халоднае і агіднае... гэта была жаба-рапуха. Сачанка.

2. Разм. Тое, што і лягушка. У лагчыне над Нёманам дружна і заложна кракталі жабы. Колас. // Пагардлівае або дакорлівае абзыванне дзяцей. — Жаба ты малая, — з прыкрасцю замармытаў Сцепуржынскі. Чорны.

•••

Грудная жаба (уст.) — сардэчная хвароба, якая суправаджаецца моцным болем у грудзях; стэнакардыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Месяца (у 1 знач.). Пад месячным святлом іскрыўся іней, і звонкая цішыня стаяла над сусветам. Чарнышэвіч. // Асветлены Месяцам. Толькі аднаму Музыку Ноччу месячнай не спіцца. Танк.

2. Які працягвацца месяц. Месячны адпачынак. // Якому споўніўся адзін месяц. Месячныя шчаняты. // Які належыць за месяц. Месячная зарплата. Месячная пенсія. // Разлічаны на месяц. Месячны план. □ — Пакуль вы будзеце эксперыментаваць, мы месячны план завалім, — рэзка перабіў Булай. Шыцік.

3. у знач. наз. ме́сячныя, ‑ых. Разм. Тое, што і менструацыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.

2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.

3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.

•••

Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люк, ‑а, м.

1. Адтуліна (звычайна з векам) для пранікнення ўнутр або на паверхню чаго‑н. Каналізацыйны люк. □ Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Мележ. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй .. [Зося] прынесла прасціну, падушку, коўдру. Шамякін.

2. Тое, што і амбразура (у 1 знач.). Пасажырскі «дуглас» быў пераабсталяваны на ваенны лад. Наверсе зрабілі вежу.. Уздоўж бартоў — люкі для кулямётаў. Новікаў.

3. Адтуліна ў сценках машын, труб (для загрузкі або разгрузкі чаго‑н., асвятлення і пад.). Люк для засыпання хімікатаў.

[Гал. luik.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

1. Тое, што і люстра ​1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.

2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.

2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.

3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)