Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырапо́сны: сырапосная нядзеля ’апошні тыдзень перад Вялікім пастом’ (Ян.). Параўн. укр. сиропу́ст ’тс’, сиропу́сний ’належны да гэтага перыяду’, рус. сыропу́ст ’запусты’, стараж.-рус. сыропустъ ’калі дазваляецца есці сыр і іншыя малочныя прадукты’, сыропустьныи ’звязаны з запустамі’, серб. сиропусна ’маслянічны тыдзень’, макед. сиропасна ’тс’. Запазычана са ст.-слав. сыропоустьнъ, што ўтворана ад сыръ і поустити ’дазволіць, дапусціць’, і калькуе грэч. ό τυροφάγος ’сырная’; паводле Німчука (Давньорус., 61), народнай назвай было стараж.-рус. масльнаꙗ недѣлꙗ. Збліжана да пост, посны, гл. таксама сырніца2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трамце́ць ’мігцець, дрыжаць’ (Скарбы, Сцяшк.), ’калаціць’, ’дрыжаць ад жадання’ (брагін., З нар. сл.), ’брынкаць, бразджаць (аб паколатым посудзе)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ляскаць’ (брагін., Шатал.), ’пакрывацца пухірамі, пячы’ (навагр., Сл. ПЗБ), тромце́ць ’дрыжаць, трапятаць’ (ТС). Укр. тремті́ти ’дрыжаць, трымцець, трапятацца’, польск. дыял. trzemcieć ’хістацца’, ст.-чэш. třměti ’тс’. Прасл. *trьmtěti ’дрыжаць’ роднаснае прасл. tręsti ’трэсці’, лац. tremere ’тс’, tremare ’дрыжаць’, ст.-грэч. τρέμω ’трасуся’, літ. trinksė́ ’грукаць, пастукваць’, лат. trimēt ’рухацца’, trīcēt ’дрыжаць, трэсціся’ (Махэк₂, 659; ЕСУМ, 5, 629). Гл. таксама трымцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням. Thema, якое, у сваю чаргу, з лац. thema < грэч. θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус. тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт. тема́т (Вруб.) з польск. temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),

1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.

2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).

3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.​В.​Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная канцэпцыя тлумачэння сусвету, прыроды, грамадства і мыслення праз паняцце «чалавек» як асн. светапоглядную катэгорыю. Пры гэтым чалавек уяўляецца пераважна як з’ява прыроды, г.зн. натуралістычна.

Мае псіхічныя і гнасеалагічныя высновы. У старажытнасці пры адсутнасці дастатковых ведаў у чалавека была псіхічная патрэба пераадолець сваю адчужанасць і залежнасць ад рэальнасці ачалавечваннем гэтай рэальнасці, «насяляючы» яе чалавекападобнымі фантомамі (багамі, духамі і інш.). З пашырэннем ведаў усталявалася сцвярджэнне, што чалавек як вышэйшая істота на лесвіцы эвалюцыі — «мера ўсіх рэчаў». Адсюль і навакольны свет, адлюстраваны ў думках чалавека, можа ўспрымацца як уласнае тварэнне (суб’ектыўны ідэалізм). Вытлумачэнне суб’ектам аб’екта па аналогіі з самім сабой — самы просты і даступны спосаб у пазнанні. Старажытным мадэльным вытокам антрапалагізму быў антрапамарфізм.

Сутнасць антрапаморфных фантомаў думкі адным з першых асэнсаваў стараж.-грэч. філосаф Ксенафан (вобразы багоў людзі лепяць з сябе). Найб. вядомыя прадстаўнікі матэрыяліст. антрапалагізму — К.​Гельвецый, Л.​Феербах, М.​Г.​Чарнышэўскі, ідэалістычнага — Ф.​Ніцшэ, В.​Дзільтэй, Г.​Зімель, М.​Шэлер. Як метадалаг. прынцып антрапалагізму пашыраны ў філасофіі, сацыялогіі (гл. Антрапасацыягенез), этыцы, эстэтыцы і інш. Марксізм адмаўляў навуковасць антрапалагізму, ажыццяўляў сацыяліст. канструяванне грамадства без усебаковага ўліку асаблівасцяў чалавека, што прывяло да краху яго сац.-паліт. дактрыны.

Літ.:

Чернышевский Н.Г. Антропологический принцип в философии // Чернышевский Н.Г. Избр. филос. соч. М., 1951. Т. 3;

Ницше Ф. По ту сторону добра и зла;

К генеалогии морали: Пер. с нем. Мн., 1992.

А.​В.​Ягораў.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)