МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт. Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).
т. 10, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ (Самуіл Іванавіч) (1580?, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1642),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Адукацыю атрымаў, відаць, у Навагрудку. У перапынках паміж вайск. службаю (1601—21) служыў пры дварах магнатаў А.Вішнявецкага і Радзівілаў. У 1617—18 дэпутат трыбунальнага суда ад Навагрудскага пав., потым навагрудскі гарадскі пісар. У час вайск. службы пабываў у Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Ваен.-паліт. ўражанні ляглі ў аснову яго «Дыярыуша» — мемуараў (ахопліваюць 1594—1621) на польск. мове. У іх звесткі пра вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і яе вынікі, бытавыя замалёўкі, партрэты суайчыннікаў. Успаміны вызначаюцца высокім маст. майстэрствам, даюць аб’ектыўнае ўяўленне пра падзеі і факты ваен.-паліт. і грамадскага жыцця таго часу.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów. Wrocław, 1961.
А.Ф.Коршунаў.
т. 10, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТОРЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ РАСІ́ЙСКІХ,
першае навук. гіст. т-ва ў Расіі ў 1804—1929. Засн. пры Маскоўскім ун-це для вывучэння і публікацыі дакументаў па рас. гісторыі, фактычна разгарнула дзейнасць пасля вайны 1812. Найб. размах дзейнасць т-ва (выданне летапісаў, стараж. актаў і г.д.) набыла з 1840-х г. пад кіраўніцтвам В.М.Бадзянскага, І.Дз.Бяляева, А.М.Папова, Е.В.Барсава і інш. Аб’ядноўвала б.ч. рас. гісторыкаў і археографаў. У сваіх выданнях «Записки и труды» (1815—37), «Русские достопамятности» (1815—44), «Русский исторический сборник» (1837—44), «Временник» (1849—57), «Чтения» (1846—1918) і інш. выдала вял. колькасць каштоўных гіст. крыніц і даследаванняў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнасць т-ва паступова згарнулася, афіц. скасавана ў 1929. Архіў рукапісных дакументаў т-ва захоўваецца ў Рас. дзярж. бібліятэцы.
т. 10, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),
яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.
Тв.:
Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.
Г.В.Сініла.
т. 10, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус. правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.
Літ.:
Кучкин В.А. Повести о Михаиле Тверском. М., 1974.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ (Леў Дзмітрыевіч) (24.7.1928, с. Яшкіна Кемераўскай вобл., Расія — 30.7.1980),
расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1953), з 1970 выкладаў у ім. З 1953 рэжысёр, гал. рэжысёр Новасібірскага т-ра оперы і балета, з 1960 — маскоўскага Муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Упершыню паставіў некалькі опер У.Рубіна, А.Тактакішвілі, В.Губарэнкі. Сярод найб. значных пастановак: «Ярмак» А.Касьянава (1957), «Яе падчарка» Л.Яначака (1958), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Хары Янаш» З.Кодая (1963), «Вірынея» С.Сланімскага (1968), «Цаной жыцця» А.Нікалаева (1965), «Вайна і мір» (1975) і «Любоў да трох апельсінаў» (1979) С.Пракоф’ева, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1976), «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (1980). Аўтар кн. «Сем раздзелаў пра тэатр» (1985).
т. 10, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛЬЧАНКА (Ала Анатолеўна) (н. 3.7.1957, Масква),
расійская артыстка балета. Засл. арт. Узбекістана (1981). Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1976, клас С.Галоўкінай). З 1976 у Вял. т-ры ў Маскве. Яе танец вылучаецца высокай тэхнікай, пластычнасцю, вытанчанасцю ліній, псіхал. глыбінёй. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Рыта («Залаты век» Дз.Шастаковіча), Анастасія («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Ніна Зарэчная («Чайка» Р.Шчадрына) і інш. 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета ў Маскве (1976), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1976) і Маскве (1977). Знялася ў тэлеэкранізацыях балетаў «Гэтыя чароўныя гукі...» (1981), «Фрагменты адной біяграфіі» і «Я хачу танцаваць» (абедзве 1985).
т. 10, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
В.І.Мялешка.
т. 10, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМ,
горад, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. Расіі. 126 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Ака. Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (цепла- і электравозы, халадзільнікі), прыладабудаванне, дрэваапр. прадпрыемствы (фанерны з-д, мэблевая ф-ка), харч., лёгкая (баваўняны камбінат, абутковая ф-ка): вытв-сць буд. матэрыялаў. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка. Царква Касьмы і Даміяна (16 ст.), Троіцкі манастыр (17 ст.).
Першапачаткова слав. паселішча на тэр. фіна-угорскага племя мурама Летапісныя звесткі з 862. З 1097 сталіца Мурама-Разанскага княства, у сярэдзіне 12 — пач. 15 ст. — Мурамскага княства. У 1088 разбураны волжска-камскімі булгарамі, у 1239, 1281, 1293 — мангола-татарамі. Заняпаў. Адноўлены ў 1351. З сярэдзіны 15 ст. ў складзе Маскоўскага вял. княства, з 1708 — Маскоўскай губ., з 1778 павятовы горад Уладзімірскага намесніцтва (з 1796 губерні).
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
т. 11, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)