го́ні, ‑ей; адз. няма.

Вялікая, доўгая ніва. Ад відна араў хлапчына гоні, Ветрам ён усмак надыхаўся сягоння. Зарыцкі. Алена асталася дажынаць гоні ячменю. Чарнышэвіч. // Паэт. Прастор, зямля. Цябе, Беларусь, я шчасліваю бачыў, Як ты расквітнела на гонях сваіх. Броўка. Дзень добры, юная вясна! Дзень добры вам, лясы і гоні! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грыбны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да грыба, грыбоў, уласцівы ім. Грыбны пах. Грыбная пара. // Багаты на грыбы. Грыбны лес. Грыбное лета. □ Баравічкі мае любыя! Якою слаўнаю сям’ёю Вы ўстаяце перада мною! Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Колас. // Прыгатаваны з грыбоў, з грыбамі. Грыбны суп. Грыбная ікра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грымо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае гром, грымоты; з грымотамі. Грымотны молат. □ Над пажатым полем і яшчэ непрыбраным лугам пацягнуліся грымотныя хмары. Колас.

2. Моцны, аглушальны. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам. Якімовіч. І спалохаўся вораг, І ўцёк, Не крануўшы дзяцей, І забыў пра намеры, Грымотнае ўчуўшы Ура. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дане́сціся, ‑нясецца; пр. данёсся, ‑неслася; зак.

Пашырыўшыся, наблізіўшыся, зрабіцца чутным (пра гукі, пахі і пад.). Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся.. шчэбет дзіцячых галасоў. Колас. Да Злобіча данеслася конскае тупанне, парыпванне драбінак — ехаў абоз. М. Ткачоў. // Зрабіцца вядомым (пра чуткі, весткі і пад.). Да людзей данеслася радасная вестка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безыме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае імя, назвы або яны не вядомыя. [Яраш:] — Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Шамякін. Безыменнай, безгалосай Ты была, краіна. Колас. // Аўтар якога невядомы; ананімны. Песня Шаўчэнкі безыменнай жыла ў беларускім народзе многія дзесяткі год. Купала.

•••

Безыменны палец гл. палец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галы́ш, ‑а, м.

Разм.

1. Голы чалавек, голае дзіця.

2. Бедны чалавек. Хто Якім? Галыш, без роду, сын убогага, батрак! Колас.

3. Круглы гладкі камень. На галышах, ля стромкай кручы Расце самшыт з каравым суччам. Грахоўскі. Анечка ішла, увесь час баязліва паглядаючы на ваду, чаплялася жоўтымі сандалікамі за вапенныя галышы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганары́сты, ‑ая, ‑ае.

Які пагардліва ставіцца да людзей, лічыць сябе лепшым за іншых; фанабэрысты, самаўпэўнены. Ехалі ўладары багаццяў, біржавікі-спекулянты, іх слугі — гвардзейцы і ўрадавыя чыноўнікі, іх каханкі — ганарыстыя выпеставаныя арыстакраткі. Самуйлёнак. Рыгорка — хлопчык здольны і вельмі ганарысты. Колас. // Які выражае пагарду. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула яе [Чэсі] румяныя вусны. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гату́нак, ‑нку. м.

Разрад, катэгорыя якога‑н. тавару па якасці, расцэнцы і пад.; сорт. Мука першага гатунку. Чай вышэйшага гатунку. □ У.. [Алтара] ёсць дарагое сукно лепшага гатунку, тоненькае, як шоўк. Чарнышэвіч. // Разнавіднасць якога‑н. тавару. Цукеркі розных гатункаў. □ Стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Колас.

[Польск. gatunek з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

Смеласць, рашучасць, бясстрашнасць. Хваліць за адвагу. Набрацца адвагі. Не хапае адвагі. □ Для Алёнкі была вялікая спакуса прачытаць той верш, але адвагі нехватала. Колас. І гэтай песні нельга сутрымаць, Мы з ёю стрэнем наш вясёлы май: Адвагу сіл у росквіце гадоў, Усмешку нашых новых пабудоў. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́лак, ‑лка, м.

Крайняя дошка, выпуклая з аднаго боку, якая атрымліваецца пры апілоўцы бярвенняў. Ля дзвярэй прыбудоўка з аполкаў, нешта накшталт сянец, два акны, з аднаго боку і другога. Чорны. А дзядзька моўчкі стаў збірацца: Дастаў сякерку і свярдзёлак, Пад паху сунуў ён аполак На латакі і на падстаўкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)