ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАШЭ́ВІЧ (Уладзімір Максімавіч) (17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супрацьням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.Путраманта «Верасень» (з Я.Міско), апавяданні К.Федзіна, Ю.Нагібіна, У.Салаухіна і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1977;
Выбр. творы. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;
Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;
Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ, Дзяржынскі антыфашысцкі камітэт «Смерць фашызму». Дзейнічаў са жн. 1941 да ліп. 1944 у г. Дзяржынск і Дзяржынскім р-не ў Вял.Айч. вайну пад кіраўніцтвам Мінскага падп. абкома КП(б)Б і Дзяржынскага падп. райкома КП(б)Б у кантакце з Мінскім патрыятычным падполлем. Яднала 120 чал. Першая падп. група створана па ініцыятыве І.А.Жукаўца, Г.В.Будая і П.М.Хмялеўскага. Існавалі групы ў вёсках Вял. Навасёлкі, Кукшавічы, Станькава, Баравое, Касілавічы, Нявелічы, Шацілы і інш. У канцы жн. 1941 створаны Дзяржынскі антыфаш. к-т «Смерць фашызму» ў складзе Будая (кіраўнік), Жукаўца, Хмялеўскага, С.Ф.Юховіча (з вясны 1942). Падпольшчыкі збіралі звесткі аб варожым гарнізоне, карных аперацыях супраць насельніцтва і партызан, забяспечвалі падпольшчыкаў, партыз. сувязных, былых ваеннаслужачых пашпартамі, пропускамі (аўсвайсамі), вялі антыфаш. прапаганду сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газ. «Звязда», збіралі разведданыя для партызан, накіроўвалі да іх людзей, перадавалі зброю, медыкаменты, адзенне, прадукты, сарвалі намер акупантаў стварыць атрады «самааховы», выратавалі больш за 400 чал. ад вывазу ў Германію, палілі і ўзрывалі масты і эшалоны, знішчалі жывую сілу і баявую тэхніку ворага, парушалі тэлеграфна-тэлефонную сувязь і інш. У крас. 1942 на базе некалькіх падп. груп створаны партыз. атрад. Пасля арыштаў у кастр. 1942 к-т перастаў дзейнічаць, большасць падпольшчыкаў перайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,
антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.
Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.
У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс.чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав.ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел.паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ФРОНТ,
тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супрацьфаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),
выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.
Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр.прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ВЫ,
устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб.стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супрацьт.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.