вір, ‑у, М у віры; мн. віры, ‑оў; м.
1. Кругавы, лейкападобны рух вады, які ўзнікае ад сутыкнення сустрэчных плыней. Сама рака цякла спакойна, толькі вір управа ад лодкі ўсё бурліў і пераліваўся. Кулакоўскі. // Месца ў рацэ, звычайна глыбокае, з ямай, дзе адбываецца завіхрэнне вадзяной плыні. Завівалася на вірах цёмная вада. Грахоўскі.
2. перан. Бурлівы, імклівы рух чаго‑н. Вір падзей. Вір пачуццяў. □ З першых дзён.. [Люба] з галавой акунулася ў вір студэнцкага жыцця. Васілевіч.
•••
У віру на калу — а) пра няўстойлівае, няпэўнае жыццё; б) далёка, невядома дзе.
Хоць у вір галавою — пра цяжкае, безвыходнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́дбліск, ‑у, м.
1. Адбітае святло; бляск. Водбліск сонца. □ Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Дзесьці злева гарэла вёска, і на вершалінах дрэў мігцелі водбліскі пажару. Хомчанка. // Адценне колеру, адліў. Паласа вады з цьмяным металёвым водбліскам ляжала перад.. [Шаманскім], як нейкая лінія, як нейкі рубеж. Дуброўскі.
2. перан. Адлюстраванне, след чаго‑н. Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.
Разм.
1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.
2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інсты́нкт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Прыроджаная здольнасць жывёльных арганізмаў рабіць бессвядомыя мэтанакіраваныя дзеянні ў адказ на змены ўнутранага або знешняга асяроддзя. Інстынкт самазахавання. □ Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. В. Вольскі.
2. Неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго‑н. Мацярынскі інстынкт.
3. перан. Чуццё; прадчуванне чаго‑н. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася. Чорны. Інстынкт падказваў мне, што юнак збольшага ведае мяне. Кулакоўскі. І, разгубленая, збянтэжаная, кіруючыся хутчэй не розумам, а жаночым інстынктам, Вера Андрэеўна вырашыла мяняць тактыку. Арабей.
[Ад лац. instinctus — пабуджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.
2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.
3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.
4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.
5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.
•••
Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).
Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́ншаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Ды і ростам.. [Яцкевіч] нібы паменшаў: ну што гэта за мужчына, мне па плячо? Карпюк. Зблажэў не толькі матчын дом. Як бы папрысядалі, паменшалі памерамі ўсе навакольныя дамкі, хаціны, панадворкі, да дробязей знаёмыя з маленства. Навуменка. / у безас. ужыв. Парадзеў лес на берагах С[а]жа, паменшала і вады. Дуброўскі. // Стаць меншым па сіле, інтэнсіўнасці. У пакоі пацямнела, агонь у лямпе паменшаў — відаць, дагарала газа. Шахавец. Калі ж нарадзіліся Соня і Леначка, рэўнасць.. [Юркава] не толькі не паменшала, але стала яшчэ больш лютая. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш нізкім, меншым па вышыні. Панізіць ўзровень вады.
2. Паменшыць ступень, узровень, інтэнсіўнасць і пад. чаго‑н. Панізіць ціск. Панізіць цэны. // Пагоршыць, аслабіць. Панізіць якасць прадукцыі.
3. Зрабіць больш ціхім (голас, гук і пад.). Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін. // Набыць больш нізкае гучанне. Вось гармонік панізіў тон, і ў марозную цішыню ўрэзаўся тонкі дзявочы голас. Шашкоў.
4. Перавесці на больш нізкую пасаду. Аднаго і другога [афіцэраў] панізілі на рабоце. М. Ткачоў. — На той час мяне, праўда, трошкі панізілі. На райпрамкамбінат кінулі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няя́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.
2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.
3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́рхня, ‑і, ж.
1. Вонкавы бок (звычайна верхні) чаго‑н. Паверхня металу. Паверхня кары галаўнога мозга. □ Вячэрняе сонца свяціла ў пакой, і на паліраванай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Шыцік. // Верхні пласт, слой чаго‑н. Паверхня вады. Паверхня снегу. □ [Дождж] ласкава барабаніў па парусіне, шамацеў па паверхні ракі. Шамякін. // Сукупнасць гор, нізін; рэльеф. Раўнінная паверхня. Паверхня Беларусі. □ Паверхня Марса фатаграфавалася ў праменях рознага колеру. «Беларусь».
2. У геаметрыі — мяжа, якая аддзяляе геаметрычнае цела ад знешняй прасторы або ад іншага цела. Паверхня шара. Цыліндрычная паверхня.
•••
Выйсці (усплыць) на паверхню гл. выйсці.
Слізгаць па паверхні гл. слізгаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падво́дны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад вадой, ніжэй паверхні вады. Падводныя скалы. □ Бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей. В. Вольскі. // Які жыве, расце пад вадой. Падводная расліннасць.
2. Які прызначаны для дзеяння пад вадой. Падводнай лодкі перыскоп На ўсходзе з-пад хваляў вынырнуў і знік назад. Аўрамчык. // Які праводзіцца, адбываецца пад вадой. Падводныя работы. Падводныя здымкі. Падводнае плаванне. // Які што‑н. робіць пад вадой. Падводны плывец.
•••
Падводная плынь гл. плынь.
Падводныя камяні гл. камень.
падво́дны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падводы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)