ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),
савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам.гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Георгій Лявонцьевіч) (3.5.1918, в. Прыганка Круціхінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 9.8.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Вучыўся ў Новасібірскім пед. ін-це (1940—41). З 1946 ваен. журналіст, у газ. «Калгасная праўда», з 1959 адказны сакратар, у 1966—78 намеснік гал. рэдактара час. «Нёман». Друкаваўся з 1943. Пісаў на рус. мове. Першы зб. апавяданняў — «У родным палку» (1956). Асн. тэма кніг апавяданняў «Паводка» (1958), «Гусі-лебедзі» (1968), апавяданняў і аповесцей «Паездка ў Трасцёну» (1977), «Памяць» (1978), аповесцей «За трыдзевяць планет» (1976), «Першае лета» (1985) і інш. — жыццё вёскі і горада, маральна-этычныя праблемы. Аповесці, што ўвайшлі ў трыпціх «На тым, на волжскім беразе» (1986) пра падзеі Вял.Айч.вайны. На рус. мову пераклаў асобныя творы М.Багдановіча, Я.Брыля, З.Бядулі, Я.Коласа, Б.Мікуліча, А.Савіцкага і інш.
Тв.:
В шести часах на автобусе: Рассказы и повести. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСРЭ́ДНІЦТВА,
1) спрыянне дасягненню згоды, вырашэнню спрэчных пытанняў паміж бакамі, аказанне паслуг ва ўстанаўленні кантактаў і заключэнні здзелак, кантрактаў паміж вытворцамі і спажыўцамі, прадаўцамі і пакупнікамі тавараў і паслуг; адзін з відаў прадпрымальніцтва.
2) У міжнар. практыцы — адзін з мірных сродкаў вырашэння міжнар. спрэчак, канфліктаў. Уяўляе сабой вядзенне перагавораў дзяржавай (групай дзяржаў, асобай, напр., кіраўніком дзяржавы) або міжнар. арг-цыяй з дзяржавамі, паміж якімі ўзнікла спрэчка, з мэтай знаходжання кампрамісных шляхоў мірнага яе ўрэгулявання. Можа ажыццяўляцца па просьбе тых, хто спрачаецца, або па ўласнай ініцыятыве, але пры згодзе бакоў, якія спрачаюцца. Прапанова П. не павінна разглядацца як умяшанне ў справы тых, хто спрачаецца. Пры ўдзеле ў перагаворах спрэчных бакоў пасрэднік закліканы садзейнічаць выпрацоўцы прымальнага для абодвух бакоў мірнага вырашэння канфлікту шляхам прапановы свайго варыянта або фармулёўкі такога рашэння. Прапанова пасрэдніка не з’яўляецца абавязковай для спрэчных бакоў. Правілы выкарыстання П. ёсць, напр., у Гаагскіх канвенцыях аб законах і звычаях вайны 1899 і 1907 і інш.міжнар. дагаворах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛЮС ((Paulus) Фрыдрых) (23.9.1890, г. Гуксхаген, Германія — 1.2.1957),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1943). У арміі з 1910. Скончыў кадэцкі корпус (1911). Удзельнік 1-й сусв.вайны. У 1935—39 нач. штаба танк. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба 4-й арміі ў час Польск. кампаніі 1939, нач. штаба 6-й арміі ў перыяд Франц. кампаніі 1940, 1-ы обер-кватармайстар (нач. аператыўнага ўпраўлення) Генштаба сухап. войск (з вер. 1940), са студз. 1942 каманд. 6-й арміяй на сав.-герм. фронце. Трапіўшы ў акружэнне ў раёне Сталінграда, 31.1.1943 капітуляваў з паўд. групай сваёй арміі (гл.Сталінградская бітва 1942—43). У сав. палоне пасля 20.7.1944 (няўдалы замах у Германіі на А.Гітлера) уступіў у антыфаш. Саюз ням. афіцэраў і Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія». У 1946 сведка абвінавачання на Нюрнбергскім працэсе. Пасля вызвалення з палону (1953) жыў у г. Дрэздэн. Аўтар твора «Я знаходжуся тут па загадзе» (апубл. ў 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАВА́ННЕ,
спосаб хаваць нябожчыка. З мусцьерскага часу (палеаліт) вядомы П. ў пячорах і інш. жытлах, пазней у вадзе, на дрэвах і інш. Пры пераходзе да бронзавага веку ўзніклі абрады трупаспалення (гл.Крэмацыя), трупапалажэння, потым муміфікацыі (гл.Мумія). Часта ў магілу клалі ежу, прылады працы, зброю, упрыгожанні. З усталяваннем маёмасных адносін у некаторых народаў з нябожчыкам клалі забітых жонак, рабоў, жывёлу. Рабілі дальмены, скляпы, будавалі піраміды, маўзалеі, калумбарыі, храмы, пахавальні. На Беларусі вядомы курганныя і бескурганныя могільнікі. У раннім жал. веку на Пд шмат П. у урнах. З канца 10 — пач. 11 ст. ўсталявалася П. хрысціянскае (у зямлі ў дашчанай дамавіне, з царк. адпяваннем), якое суправаджалася галашэннямі, памінкамі. Для П. адводзяцца спец. месцы (могілкі), на магілах ставяць помнікі. Пашыранай з’явай перыяду Вял.Айч.вайны сталі брацкія магілы: П. ў адным доле да некалькіх соцень воінаў, жыхароў, якія загінулі ў баях, ад рук ням.-фаш. захопнікаў. У наш час хаваюць пераважна ў зямлі або крэміруюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́Д,
1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛАльгерд і Вітаўт (гл.Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.В.Сувораў (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.
2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Віцебску.
Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.Бельскі, В.Данілаў, З.Конаш, З.Озерава, А.Расейкін, А.Фрыдман, Ю.Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.Данілава, З.Даўгяла, Р.Княжышча, інж.-азеляніцель Л.Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял.Айч.вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,
атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс.чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс.чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.
Літ.:
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;
Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;
Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),
цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш.тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.