ЛЕ́ДЭРМАН (Lederman) Леон Макс (н. 15.7.1922, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1965). Скончыў Калумбійскі ун-т (1948), дзе працаваў у 1951—79 (з 1958 праф.). З 1978 у Нац. паскаральнікавай лабараторыі, з 1989 у Чыкагскім ун-це, з 1992 у Ілінойскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Разам з інш. адкрыў доўгажывучы нейтральны каон (1956), мюоннае нейтрына (1962), эпсілон-часціцу і зачараваны (ніжні) кварк (1977). Пад яго кіраўніцтвам сінтэзавана ядро антырэчыва — антыдэйтрон (1965). Нобелеўская прэмія 1988 (разам з М.Шварцам і Дж.Штэйнбергерам).

Тв.:

Рус. пер. — Наблюдения в физике частиц: от двух нейтрино к Стандартной модели // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Ледэрман.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ (Lwoff) Андрэ Мішэль (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),

французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл. Франц. АН (1977). Замежны чл. АМН СССР (1967), Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.​Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).

А.​Львоў.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІ́НІ (Mabini) Апалінарыо (23.7.1864, г. Талага, Філіпіны — 13.5.1903),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. Скончыў ун-т у г. Маніла. Юрыст. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў тайнай патрыят. арг-цыі Філіпінская ліга (1892—93). У жн. 1896 далучыўся да антыісп. паўстання на чале з ген. Э.Агінальда. Напісаў канстытуцыю Філіпінскай Рэспублікі 1898—99. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 рашучы прыхільнік незалежнасці Філіпін. У студз.—маі 1899 прэм’ер і міністр замежных спраў філіпінскага ўрада. У снеж. 1899 узяты ў палон амер. войскамі, са студз. 1901 у ссылцы на в-ве Гуам. У лют. 1903 згадзіўся прызнаць уладу ЗША над Філіпінамі і быў вернуты на радзіму. Аўтар кн. «Філіпінская рэвалюцыя» (т. 1—2, надрук. 1951).

Літ.:

Левтонова Ю.О. Мабини — национальный герой Филиппин. М., 1970.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЖАЕ́ЎСКАЯ (Modrzejewska) Гелена [сапр. Місэль

(Misel) Ядвіга; 12.10.1840, г. Кракаў, Польшча — 8.4.1909], польская актрыса. Брала прыватныя ўрокі драм. мастацтва. З 1861 выступала на сцэнах правінцыяльных т-раў. З 1865 на сцэне Кракаўскага, з 1869 Варшаўскага т-раў. З 1876 у ЗША, у 1877 дэбютавала ў Сан-Францыска. У 1880—85 выступала ў Вялікабрытаніі. Творчасці ўласцівы рамант. адухоўленасць, арганічнасць і жыццёвая пераканаўчасць вобразаў. Сярод роляў: Джульета («Рамэо і Джульета»),

Кардэлія («Кароль Лір»), Афелія («Гамлет»), Ганна («Рычард III»), лэдзі Макбет («Макбет»; усе У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Федра («Федра» Ж.​Расіна). Адна з лепшых выканаўцаў роляў у драмах С.​Выспянскага: Марыі («Варшавянка»), Лаадаміі («Пратэсілай і Лаадамія») і інш. Аўтар кніг «Успаміны і ўражанні» (1910), «Пісьмы» (т. 1—2, 1965).

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЯ́НІ (Magnani) Ганна (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),

італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.​Феліні) і інш.

Г.​М.​Малей.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая вырабляе лек. сродкі, мед. інструменты, прыборы, апараты, абсталяванне і інш. мед. вырабы для лекава-прафілакт. устаноў і патрэб насельніцтва. Уключае хіміка-фармацэўтычную прамысловасць, медыцынскай тэхнікі прамысловасць і вытв-сць мед. вырабаў са шкла, фарфору і пластмас (аб’ядноўвае прадпрыемствы па вырабе аптэчнага посуду, штучных зубоў, зубаўрачэбных і пратэзных матэрыялаў). Найб. развіта М.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі.

На Беларусі ў 1998 на долю М.п. прыпадала 0,6 % валавой прадукцыі яе прам-сці, 0,5 % — прамысл.-вытв. персаналу і рабочых і 0,4 % — кошту асн. сродкаў; працавала 66 прадпрыемстваў і вытворчасцей, звязаных з М.п. У вытв-сці мед. вырабаў са шкла, фарфору і пластмас было задзейнічана 11 прадпрыемстваў, найб. шклозавод «Нёман», дзе гэтая вытв-сць існуе як дапаможная.

П.​І.​Рогач.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕІ́Р (да 1956 Меерсан) Голда

(3.5.1898, Кіеў — 8.12.1978),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Жыла ў Кіеве і Пінску. З 1906 у ЗША. Працавала настаўніцай. Актывістка сіянісцкага рабочага руху. З 1921 у Палесціне, удзельнічала ў стварэнні кібуцаў. З 1924 прадстаўнік свайго кібуца ва Усеагульнай канфедэрацыі працы (Гістадруце), у 1928—31 сакратар Жаночага рабочага к-та Гістадрута. З пач. 1940-х г. працавала ў Паліт. аддзеле Яўр. агенцтва, выконвала розныя дыпламат. даручэнні агенцтва. У 1948—49 пасол Ізраіля ў СССР. З 1949 дэп. парламента (кнесета), у 1949—56 міністр працы і сац. забеспячэння, 1956—66 міністр замежных спраў. У 1966—68 ген. сакратар Рабочай партыі Ізраіля, з 1969 старшыня Ізраільскай партыі працы. У 1969—74 прэм’ер-міністр Ізраіля.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь: [Автобиография]. Чимкент, 1997.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕА́ПАЛІС (Minneapolis),

горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота. Каля 380 тыс. ж., з г. Сент-Пол і агульнымі прыгарадамі 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна паміж воз. Мічыган і Скалістымі гарамі. Буйнейшая ў свеце збожжавая біржа. Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі. Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, электронных кампанентаў, быт. радыё- і тэлевізійнай апаратуры і інш.), эл.-тэхн., прыладабуд., аўтазборачная. Вытв-сць дарожна-буд., с.-г. машын, рознага прамысл. абсталявання. Ваенная, нафтаперапр., хім., папяровая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Ун-т. Планетарый. Музеі і маст. галерэі, у т. л. Ін-т мастацтва (з багатай калекцыяй еўрап. жывапісу і дакалумбавага мастацтва). Сімф. аркестр Мінесоты (з 1903).

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр. Уофард

(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),

«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.

Тв.:

Рус. пер. — Песнь Соломона. М., 1982.

Літ.:

Писатели США. М., 1990;

Стулов Ю.В. 100 писателей США Мн., 1998.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Т.Морысан.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага гелю крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),

мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію Al2O3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію K2O — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.

Нефелін.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)