нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
юрыдычная форма фактычнага валодання зямлёй. Права землеўладальніка вытворнае і залежнае ад права зямельнай уласнасці.
Аб’ектам гэтага права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца зямельны ўчастак, дадзены для мэт, замацаваных у заканадаўстве. Кодэкс аб зямлі замацоўвае 2 віды З.: пажыццёвае спадчыннае валоданне зямлёй грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаяннае валоданне калгасаў, саўгасаў, інш.дзярж., каап., грамадскіх прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, рэліг. арг-цый. Зямельныя ўгоддзі даюцца грамадзянам у пажыццёвае спадчыннае валоданне з мэтай вядзення сялянскай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома, дачнага буд-ва, садаводства, жывёлагадоўлі і традыц.нар. промыслаў. У законе ўстаноўлены найб. нарматывы плошчы зямельных участкаў для кожнай мэты (напр., для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 гас.-г. угоддзяў). У пастаяннае валоданне зямля даецца для 2 мэт — для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі. Ва ўсіх астатніх выпадках юрыд. асобам зямля даецца ў карыстанне або арэнду. Кожны землеўладальнік можа быць адначасова і землекарыстальнікам, але не наадварот. У адрозненне ад прыватнага ўласніка землеўладальнік пазбаўлены права распараджацца зямельным участкам. Паводле закону землеўладальнік мае права самастойна гаспадарыць на зямлі, мае права ўласнасці не толькі на пасевы і вырабленую с.-г. прадукцыю, але і на даходы ад яе рэалізацыі і, у выпадку адабрання зямлі або добраахвотнага адмаўлення ад зямельнага ўчастка, мае права атрымаць поўную кампенсацыю затрат на павышэнне ўрадлівасці глебы. У астатнім іх правы ідэнтычныя правам і абавязкам землекарыстальнікаў (гл.Землекарыстанне). Падставы ўзнікнення, пераходу і спынення права З. таксама адзіныя.
У феад. перыяд на Беларусі было шырока распаўсюджана ўладанне няўласнымі землямі (пасесія), формамі яго былі падараванне, арэнда, заклад (застава), пажыццёвае кіраванне (трыманне). У пасесійным уладанні, пераважна ў форме падаравання буйным феадалам, часта знаходзіліся дзярж. землі. У заклад і арэнду паступалі ў асноўным прыватнаўласніцкія землі — ва ўладанне магнатаў і найб. прадпрымальніцкай ч. буйной і сярэдняй шляхты. У ролі трымальніка зямель выступала і царква. У 16 ст ў ВКЛ прыватнае З. складала каля 65%, дзяржаўнае — 30, царкоўнае — 5%. У выніку пераразмеркавання ўладання зямлёй на Беларусі ў апошняй чвэрці 18 ст. на прыватнае З. прыпадала 79,8% зямельнай плошчы, дзяржавы — 7,6, царквы — 12,6%. Памешчыкі часта закладвалі зямлю ў крэдытных установах. Пасля рэформы 1861 уладальнікамі зямельных надзелаў сталі і сяляне, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці і пераведзеныя на выкуп. Купля-продаж і дарэнне зямлі былі моцна абмежаваны. Сялянам забаранялася закладваць надзельныя землі нават пасля выкупу. Яны былі абмежаваны і ў правах распрацоўкі нетраў на надзельнай зямлі. Абмяжоўвалася права сялян на надзельную зямлю, замацаваную ў асабістую ўласнасць у выніку Сталыпінскай аграрнай рэформы (продаж гэтай зямлі толькі сялянам, заклад яе толькі ў Сялянскім пазямельным банку). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 уласнікам зямлі з’яўлялася Сав. дзяржава, якая валодала і правам З. Грамадзяне і арг-цыі маглі валодаць зямлёй толькі ў выпадках, калі яе давалі ў карыстанне сав. органы. У сувязі з нацыяналізацыяй зямлі ў СССР у зямельных адносінах былі выключаны купля-продаж зямлі. Зямля не магла быць аб’ектам таварнага абароту, пазыкі, арэнды, дарэння і завяшчання; забараняўся абмен зямлі без ведама і дазволу дзяржавы.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ,
юрыдычны тэрмін у прававых дакументах ВКЛ 15—18 ст. (у 18 ст. ўжываўся рэдка), якім абазначаліся некалькі дзесяткаў розных катэгорый насельніцтва, часам вельмі вузкія групы. Найб. пашыраныя тэрміны: Л. народу хрысціянскага, пенежныя, простага стану, прыказныя, свавольныя, лёзныя.
Л. народу хрысціянскага — грамадзяне (абывацелі) хрысціянскай веры; насельніцтва ВКЛ, якое поўнасцю карысталася палажэннямі Статутаў 1529, 1566 і 1588. Спец. артыкул ва ўсіх Статутах забараняў нехрысціянам мець нявольнікаў-хрысціян. Купля хрысціяніна ці хрысціянкі ў няволю яўрэем, татарынам і «кождым бесурмяниным» лічылася незаконнай. Перавод з хрысціянства ў інш. рэлігію забараняўся і караўся аж да спалення на кастры.
Л. пенежныя (Л. «в пенязех») — катэгорыя сялян у 15—1-й пал. 16 ст., якія, пераходзячы да новых феадалаў, бралі ў іх пазыку і абавязваліся выконваць сял. службу да моманту яе выплаты. «Л. пенежнымі» наз. таксама і жаўнераў, наёмных салдат у войску ВКЛ у 15—16 ст., якія атрымлівалі за сваю службу грашовае жалаванне (пенязі). Тэрміны «Л. пенежныя» і «Л. служэбныя» сустракаюцца ў шматлікіх дакументах Літоўскай метрыкі. Л. служэбныя падзяляліся на Л. езных (конніцу) і Л. пешых (пяхоту).
Л. простага стану — мяшчане і сяляне ў ВКЛ. Тэрмін сустракаецца ўжо ў Статуце ВКЛ 1529. У Статуце ВКЛ 1566 у 1-м артыкуле 12-га раздзела ўпамінаюцца панцырныя і путныя слугі, бортнікі, цяглыя сяляне, парабкі. Часцей тэрмін «Л. простага стану» сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588, дзе пералічаны іх катэгорыі: «бояре панцерные, путные, мещане, або люди тяглые». 12-ы раздзел Статута ў загалоўку мае тэрмін «людзі простыя». Гэты тэрмін часта ўжываўся і ў інш.афіц. актах 16 ст.
Л. прыказныя (слугі прыказныя) служылі па вольным найме ці былі аддадзены на службу вотчыннікам. Юрыдычна былі ўраўнаваныя з Людзьмі «пахожымі» вольнымі. Таму ўжываўся і тэрмін «Л. вольныя, прыказныя, пахожыя».
Л. свавольныя — разбойнікі, якія хаваліся ў стэпах паўд. часткі ВКЛ, рабавалі маёнткі магнатаў і шляхты, нападалі на пагранічнае насельніцтва суседніх краін. Законы ВКЛ абавязвалі старостаў і гетманаў лавіць іх і караць смерцю. У дакументах 16—17 ст. тэрмін ужываўся і для абазначэння людзей лёзных, а таксама казакоў-паўстанцаў.
Л. лёзныя, люзныя, гультаі — сацыяльная і юрыдычная катэгорыя насельніцтва, якая існавала ў ВКЛ у 16—17 ст. Паходзілі пераважна з вольных сялян, людзей «пахожых», якія страцілі сваю гаспадарку і ў пошуках заробку пераходзілі з вёскі ў вёску, а ў канцы 16—17 ст. — з горада ў горад. Яны папаўнялі гарадскі плебс, выконвалі часовыя работы ў рамеснікаў ці гандляроў, наймаліся матросамі на гандл. судны. На перыяд жніва і сенакосу ці ў час вайны Л. лёзныя прымусова выкарыстоўваліся на с.-г. работах. У 1-й пал. 17 ст. Л. лёзныя складалі ў некат. гарадах Беларусі каля 10—13% насельніцтва (Слонім, Мінск, Чавусы, Слуцк, Магілёў, Віцебск, Полацк). Па меры запрыгоньвання сялянства катэгорыя Л. лёзных у 2-й пал. 17 ст. знікае.
Літ.:
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975. С. 221—223;
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 57—61.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел.шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц.шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІФІКА́ЦЫЯ,
гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац.Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас.дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкіСав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр.БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).
Літ.:
Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;
Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АНСССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд.Мн., 1993;
Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;
Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел.шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхтыВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.