буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).
Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).
Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.
Літ.:
Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;
Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;
Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁД,
вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кг∙К) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн.км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.
Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусусац.паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОДу раслін,
орган размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін, што развіваецца з кветкі і мае насенне. Функцыя П. — фарміраванне, ахова і распаўсюджванне насення. Марфал. аснова П. — завязь (завязі), але часта ва ўтварэнні П. прымаюць удзел і інш.ч. кветкі: калякветнік, кветаложа (суніцы), кветкавыя лускавінкі (злакі) і інш. Структурныя адзнакі П. звязаны пераважна са спосабам рассейвання насення. Адрозніваюць П. сухія і сакавітыя, шматнасенныя і аднанасенныя. Сухія шматнасенныя, што раскрываюцца — каробачка, лістоўка, стручок, боб; што распадаюцца — віслаплоднік, двухкрылатка, членісты стручок; сухія аднанасенныя — жолуд, зярняўка, сямянка, арэх. Сакавітыя шматнасенныя — яблык, ягада, аднанасенныя — касцянка. Эканам. значэнне П. вельмі вял.: з іх атрымліваюць алей, крухмал, сыравіну для тэкст. прам-сці, гатуюць лек. прэпараты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд.Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел.Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ваЧырв. Крыжа БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел.нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраваннедзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр.БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел.прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраваннебел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.