ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),
1) у Візантыі любы наёмны воін.
2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл.Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).
Літ.:
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст.адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр.абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст.старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст.валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж.адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б.дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл.Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял.кн.ВКЛАльгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял.кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял.кн.Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ў Расіі ў 15 ст.,
міжусобная вайна ў 1425—53 (з перапынкамі) за прастол Маскоўскага вялікага княства паміж вял. князем маскоўскім Васілём II [1425—62] і звенігародска-галіцкімі ўдзельнымі князямі — яго дзядзькам Юрыем Дзмітрыевічам з сынамі Васілём Косым і Дзмітрыем Шамякам. У гады малалецтва і маладосці Васіля II княствам кіравала яго маці вял. княгіня Соф’я Вітаўтаўна. У час Ф.в. (паводле формы — дынастычнай спрэчкі) фактычна адбывалася барацьба паміж дзвюма ідэалогіямі развіцця дзяржаўнасці ў Паўн.-Усх.Русі — цэнтралізатарскай вакол Масквы (Васіль II) і ўдзельна-княжацкай (Юрый Дзмітрыевіч з сынамі). Пасля смерці Васіля I (1425) яго брат Юрый Дзмітрыевіч пачаў аспрэчваць правы на маскоўскі прастол у 10-гадовага Васіля 11. У 1433 і 1434 ён на кароткі час захопліваў Маскву, але не знайшоў там падтрымкі ў баяр і гараджан. Пасля смерці Юрыя (1434) гал. праціўнікам Васіля II стаў Васіль Касой (у 1436 яго войскі разбіты, ён схоплены і аслеплены). У лют. 1446 яго брат Дзмітрый Шамяка з дапамогай цвярскога князя захапіў Маскву, асляпіў Васіля II і пасля зняволення ў г. Угліч саслаў яго на княжанне ў Волагду. Шамяка аднавіў вял. Суздальска-Ніжагародскае княства, гарантаваў незалежнасць Ноўгараду, пашырыў правы феад. знаці. Аднак у канцы 1446—пач. 1447 ён скінуты Васілём II, які з дапамогай Цверы вярнуў сабе Маскву. Вайна спынілася ў 1453 са смерцю Дзмітрыя Шамякі. Яе вынікам стала амаль поўнае скасаванне ўдзелаў у Маскоўскім вял. княстве і рэзкая перамена на яго карысць становішча ў Паўн.-Усх.Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КІНГІ,
скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.
Судна вікінгаў. Рэканструкцыя паводле рэшткаў судна з кургана ў Гокстадзе (Нарвегія, 9 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЖЫ́ЦКІ (Giżycki) Ян Марэк Антоній [псеўд.Валыняк
(Wołyniak); Марэк Газдава (Marek Gozdawa),
Конрад Мазавецкі (Konrad Mazowiecki); 7.5.1844, мяст. Міхноўка Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1925], гісторык каталіцкай царквы ў ВКЛ. Скончыў Дэрпцкі (цяпер Тартускі) ун-т (1870). Выкладаў у гімназіях, з 1895 у адстаўцы. Жыў у Кракаве, вывучаў гісторыю манаскіх ордэнаў, карыстаўся архівамі кляштараў. Аўтар артыкулаў «З мінулага базыльянскага ордэна на Літве і Русі» (1904), «Базыльянскія уніяцкія манастыры ў беларускай правінцыі» і інш.
Тв.:
Terytoryum dawnej ziemi Brzeskiej. Warszawa, 1889;
Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Kraków, 1917;
Z przeszłości karmelitów na Litwie i Rusi. Т. 1—2. Kraków, 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОСЦЬ,
буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж.Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),
1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн.Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЦКІ,
1) у Стараж.Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.
2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял.кн.ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.