БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.​І.​Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́РТАВА СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,

прамалінейная сістэма каардынат на плоскасці ці ў прасторы. Названа ў гонар Р.Дэкарта. Бывае прамавугольная (восі каардынат узаемна перпендыкулярныя) і косавугольная (вугал паміж каардынатнымі восямі адрозны ад прамога).

Прамавугольную Д.с.к. на плоскасці вызначаюць 2 каардынатныя восі — перпендыкулярныя прамыя, на кожнай з якіх пазначаны дадатны напрамак і зададзены адрэзак адзінкавай даўжыні (OE1=OE2=1). Пункт 0 іх перасячэння наз. пачаткам каардынат, вось Ox — воссю абсцыс, вось Oy — воссю каардынат. Прамавугольнымі дэкартавымі каардынатамі пункта М наз. ўпарадкаваная пара лікаў (x, y), вызначаных формуламі: x=OMx, y=OMy (прамыя MM і MMy паралельныя адпаведна восям Oy і Ox). У выпадку агульнай Д.с.к. (афінная сістэма каардынат) маштабныя адрэзкі на кожнай восі розныя (OE1 ≠ OE2) і каардынатныя восі не перпендыкулярныя. Аналагічна вызначаецца Д.с.к. у прасторы (дадаецца вось аплікат Oz).

Дэкартава сістэма каардынат: а, б, в — прамавугольная, косавугольная, афінная на плоскасці; г — прамавугольная ў прасторы.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІЗНА́ ў геаметрыі,

велічыня, якая характарызуе адхіленне крывой (паверхні) у наваколлі дадзенага яе пункта ад датычнай прамой (датычнай плоскасці). Вызначае скорасць павароту датычнай пры руху па крывой.

Няхай на крывой ёсць пункт М, дзе датычная стварае вугал α з воссю абсцыс, і пункт M′, аддалены ад M на адлегласць AS. Калі вугал датычнай у M′, роўны α+Δα, το сярэдняя К. дугі MM′ роўная Δα ΔS . Граніца сярэдняй К. пры ΔS→0 (калі яна існуе) наз. К. у пункце M. Велічыня К. акружнасці радыуса R адваротная радыусу, г. зн. 1 R . К. крывой y=y(x) роўная k = y″ [1 + (y′)​2]​−3/2. Аналагічна вызначаецца К. прасторавай крывой. Поўная К. паверхні роўна здабытку найб. і найменшай К. сячэнняў паверхні плоскасцямі, што праходзяць праз нармаль у зададзеным пункце. Поўная К. плоскасці роўная нулю, сферы — дадатная, аднаполасцевага гіпербалоіда — адмоўная.

Да арт. Крывізна.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).

Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спіра́ль

(фр. spirale, ад гр. speira = выгіб)

1) мат. незамкнутая крывая лінія, якая ўтварае шэраг завіткоў вакол пункта на плоскасці або вакол восі;

2) спружына або дрот у выглядзе віткападобнай лініі (напр. с. электрычнай пліткі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРАВЭ́ РАШО́ТКА від прасторавай рашоткі крышталёў. Прапанавана А.Бравэ ў 1848, які выказаў гіпотэзу, што прасторавыя рашоткі крышталёў пабудаваны з заканамерна размеркаваных у прасторы пунктаў (вузлоў, дзе размешчаны атамы), якія можна атрымаць у выніку паўтарэння дадзенага пункта паралельнымі пераносамі (трансляцыямі). Правядзеннем прамых ліній праз гэтыя пункты прасторавая рашотка разбіваецца на роўныя паралелепіпеды (ячэйкі).

Адрозніваюць 4 тыпы Бравэ рашоткі: прымітыўныя (вузлы — толькі ў вяршынях элементарных паралелепіпедаў), гранецэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах усіх граняў), аб’ёмнацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтры паралелепіпедаў), базацэнтраваныя (у вяршынях і цэнтрах процілеглых граняў). Існуе 14 відаў Бравэ рашоткі, якія размеркаваны па 7 сінганіях (сістэмах): трыкліннай (1 від Бравэ рашоткі), манакліннай (2), тэтраганальнай (2), рамбічнай (4), трыганальнай (1), гексаганальнай (1), кубічнай (3). Бравэ рашотка выкарыстоўваецца пры апісанні атамнай структуры крышталёў (складаныя структуры, калі элементарная ячэйка змяшчае некалькі атамаў, апісваюць як некалькі Бравэ рашотак, устаўленых адна ў адну).

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. М., 1979.

П.​А.​Пупкевіч.

Пабудова прымітыўнай Бравэ рашоткі паралельнымі пераносамі.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВЕЛІ́РАВАННЕ,

вызначэнне вышынь пунктаў зямной паверхні адносна некаторага выбранага пункта (умоўнага нуля) або ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца для стварэння вышыннай апорнай геадэзічнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапаграфічных здымак і здымак рэльефу, пры інжынерна-буд. і геал. работах, пры вывучэнні фігуры Зямлі, сучасных тэктанічных і тэхнагенных рухаў зямной паверхні і інш. Адрозніваюць Н. геаметрычнае, трыганаметрычнае, фізічнае і механічнае. Геаметрычнае Н. выконваецца гарызантальным візірным праменем нівеліра. Перавышэнне вылічваецца як рознасць узятых адлікаў па нівелірных (геадэзічных) рэйках, якія вертыкальна ўстаноўлены на геадэзічных пунктах. Трыганаметрычнае Н. выконваецца нахільным візірным праменем геадэзічных прылад з вертыкальным кругам для вымярэння вугла нахілу зямной паверхні і адлегласці да пунктаў. Фізічнае Н. падзяляецца на бараметрычнае Н. (засн. на залежнасці атмасфернага ціску ад вышыні) і гідрастатычнае Н. (засн. на ўласцівасці вадкасці займаць аднолькавы ўзровень у сазлучаных сасудах). Механічнае Н. выконваецца з дапамогай аўтам. нівеліраў на трансп. сродках (аўтаматычна рэгіструюць вышыні і будуюць профіль). Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя прылады і інструменты, Геадэзія, Нівелірная сетка.

П.​П.​Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шырата́, ‑ы, ДМ ‑раце; мн. шыроты, ‑рот; ж.

У геаграфіі — адна з каардынат, якая вызначае месцазнаходжанне пункта па зямной паверхні; адлегласць ад экватара па мерыдыяну, якая выражаецца ў градусах. 1 студзеня 1820 года шлюпы.. дасягнулі 69°21′ паўднёвай шыраты. «Беларусь». // толькі мн. (шыро́ты, ‑рот). Месца, мясцовасць, якія знаходзяцца на той ці іншай адлегласці ад экватара. Высокія шыроты. □ Радыст з Беларусі, змакрэлы ад поту, лавіў галасы незнаёмых шырот. Вялюгін. Некаторыя відныя кіраўнікі і нават вучоныя пярэчылі ўкараненню новага незвычайнага ў нашых шыротах тыпу будынкаў. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канча́лі Крайнія вуліцы ў вёсцы; канец вуліцы, край населенага пункта (Слаўг.). Тое ж кончыцы (Пін.), канча́не (Дзятл. вол. Гом. пав. Радч. стар. XVIII).

Канчалі — вуліца на краю в. Церахоўка Слаўг., в. Канчані Гарад., в. Кончыцы Пін.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

во́ддаль,

1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.

2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.

3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)