ФЕРЫМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім пры т-ры ніжэй Кюры пункта існуе ферымагнітны парадак магн. момантаў іонаў (гл. Ферымагнетызм). Значная частка Ф. — дыэлектрычныя ці паўправадніковыя іонныя крышталі, якія маюць магн. іоны розных элементаў або аднаго элемента, але ў неэквівалентных вузлах крышт. рашоткі.
Да Ф. адносяцца іонныя і інтэрметалічныя злучэнні пераходных элементаў (ферыты, фтарыды, сульфіды, селеніды і інш.), а таксама шэраг упарадкаваных і аморфных сплаваў. Па магн. уласцівасцях Ф. падобныя да ферамагнетыкаў адрозніваюцца меншымі электраправоднасцю і стратамі на віхравыя токі. Вырабляюцца ў выглядзе мона- і полікрышталёў, мона- і полікрышт. плёнак, а таксама ў выглядзе керамікі. Выкарыстоўваюцца для вырабу пастаянных магнітаў, стрыжняў вагальных контураў, трансфарматараў, магн. антэн і інш. Гл. таксама Ферыты.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)