Мяша́нец, міша́нец ’патомак ад шлюбу людзей рознай нацыянальнасці, расы’, ’жывёла змешанай пароды’ (ТСБМ, Нас., Нік. Очерки; лудз., Сл. ПЗБ). Паводле націску можна дапусціць запазычанне з польск. mieszaniec ’тс’; рус. ніжагар. — ме́шанец.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЛУ́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ,
за 0,7 км на Пд—ПдЗ ад в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. — адзіны пункт на Беларусі, дзе крышт. фундамент выходзіць на паверхню. Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою і прымеркаваны да паўн. ч. Украінскага крышталічнага шчыта. Карысныя выкапні: дробна-, сярэдне-, і буйназярністыя граніты і гранадыярыты, біятытавыя і біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10.3 млн. м³, перспектыўныя 5,6 млн. м³. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання і выветраныя крышт. пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча і ўскрышныя пароды абводненыя. Граніты, гранадыярыты і гнейсы прыдатныя на выраб друзу і як напаўняльнікі бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым з-дам (в. Глушкавічы).
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЯГА́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
прасторавае размяшчэнне, форма і ўзаемаадносіны геалагічных цел у зямной кары. Вызначаецца элементамі залягання (распасціранне, напрамак і вугал нахілу слаёў або пластоў), якія вымяраюцца горным компасам. Для асадкавых парод характэрна пластападобная форма, першапачаткова блізкая да гарыз. залягання. Вулканічныя пароды залягаюць у выглядзе пластоў патокавай і покрыўнай формы. Магматычныя інтрузіўныя пароды ўтвараюць геал. целы (баталіты, штокі, дайкі, лакаліты, сілы і інш.). Метамарфічныя пароды залягаюць масівамі на вял. плошчы, ахопленай працэсамі метамарфізму. Адрозніваюць непарушанае (нармальнае) і парушанае З.г.п., а таксама згоднае (калі слаі фарміраваліся ў нармальнай узроставай паслядоўнасці) і нязгоднае (стратыграфічны перарыў або размыў горных парод; вуглавая нязгоднасць — калі маладыя асадкі залягаюць над пародамі, змятымі ў складкі, ці манаклінальна нахіленымі).
У.І.Шкуратаў.
т. 6, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
флец
(ням. Flöz)
гарызантальны пласт карыснай горнай пароды.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
экскава́цыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Выманне і перамяшчэнне пароды, грунту і пад. пры дапамозе экскаватара, экскаватарных машын. Экскавацыя залежаў торфу.
2. У медыцыне — паглыбленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МІГМАТЫ́Т (ад грэч. migma сумесь),
горная парода, якая ўтвараецца пры пранікненні магмы ва ўмяшчальныя пароды або пры метамарфічнай дыферэнцыяцыі рэчыва. Для М. характэрна палосчатая, плойчатая, плямістая і інш. тэкстуры, якія адлюстроўваюць паасобную сканцэнтраванасць цемнаколернай ч. пароды (палеасомы) і светлаколернай (неасомы). Вядомы разнавіднасці М.: артэрыты (паслойныя М.), агматыты (глыбавыя М.), веніты (жыльныя М.), небуліты (ценевыя М.) і інш. М. пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абва́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
1. Тое, што і абвальванне. У тунэлі скончылася абвалка пароды.
2. Спец. Аддзяленне мяса ад касцей. Абвалка мясной тушы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАРФІ́Р (ад грэч. porphyreos пурпурны),
палеатыпныя эфузіўныя кіслыя горныя пароды, якія маюць парфіравую структуру (буйныя крышталі-ўкрапанікі ў тонказярністай асноўнай масе). Бывае шэрага, жоўтага, ружовага, бурага і інш. колераў. Гал. разнавіднасці: ортафір — палеатыпны аналаг трахіту і кварцавы парфір — аналаг ліпарыту. П. наз. таксама гіпабісальныя і жыльныя горныя пароды, у якіх мінералы-ўкрапанікі знаходзяцца ў дробнакрышт. гранітападобнай масе (граніт-парфір). П. з высокімі дэкаратыўнымі якасцямі выкарыстоўваюцца як вырабны і абліцовачны камень.
т. 12, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),
утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,
пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.
т. 12, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)