пярэ́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта плямамі, палосамі рознага колеру, які складаецца з чаго‑н. пафарбаванага ў розныя колеры; стракаты, рознакаляровы. Пярэсты дыван. Пярэстая тканіна. □ Марынка была ў шэрай вязанай кофтачцы, надзетай паверх сіняй, паношанай ужо сукенкі, на галаве — пярэстая хустачка, ражкі якой былі завязаны пад падбародкам. Хадкевіч. Вясною захапляюся ўсім: Зялёны бор шуміць над галавой, У новым гомане пярэстыя палі. Броўка.

2. перан. Неаднолькавы па свайму складу; мяшаны, неаднародны. У асноўным жа часопіс [«Трыбуна мастацтва»] налягаў на рэкламу пярэстага рэпертуару тых часоў, даваў разнастайную інфармацыю. Ліс.

3. З вялікімі плямамі, крапінамі; плямісты (пра масць жывёл). [Вінцук] адчыніў хлеў. Адтуль паважна выйшла пярэстая Рагуля, за ёй малодшая чорная Ліпка, а потым выскачыла сёлетняя цялушачка Зорка. Чарнышэвіч. У Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саю́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў. Саюз рабочых і сялян. □ Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Чорны. Настаўніца глядзела паверх галоў дзяцей і думала: якую яна дапусціла памылку і як цяпер устанавіць саюз між навічком і класам. Сіняўскі. / Пра шлюб. Сямейны саюз.

2. ‑у. Пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў. Ваенны саюз. Гандлёвы саюз.

3. ‑у. Аб’яднанне ў адно цэлае некалькіх зямель, плямён і пад. з агульнай уладай. Саюз гарадоў. Саюз плямён.

4. ‑а. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прафесіянальны саюз. Саюз архітэктараў БССР. □ Прыехала.. [Паранька] ў вобласць і заяўляецца ў спажывецкі саюз. Да самага высокага начальніка. Ракітны. — Трэба ў раённы саюз паляўнічых пазваніць, — сказаў.. [старшыня]. Якімовіч.

•••

Герой Савецкага Саюза гл. герой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узляце́ць сов.

1. в разн. знач. взлете́ть; взви́ться; (о птицах — ещё) вспорхну́ть;

самалёт узляце́ў — самолёт взлете́л;

мяч узляце́ў вышэ́й перакла́дзіны — мяч взлете́л вы́ше перекла́дины;

з травы́ ўзляце́ла мале́нькая пту́шка — из травы́ вспорхну́ла ма́ленькая пти́чка;

верабе́й ~це́ў на страху́ — воробе́й взлете́л на кры́шу;

2. разг. взлете́ть, взбежа́ть;

у. на другі́ паве́рх — взлете́ть (взбежа́ть) на второ́й эта́ж;

◊ у. у паве́тра — взлете́ть на (в) во́здух

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.

1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.

2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,

састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.

Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш. Бел. нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.

З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц. нар. галаўны ўбор.

Літ.:

Гл. пры арт. Адзенне.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Галаўныя ўборы: 1 — маладуха ў каптуры. Маладзечанскі раён; 2 — жанчына-мяшчанка ў галовачцы. Давыд-Гарадок Столінскага раёна; 3 — жанчына ў намітцы. Маларыцкі раён; 4 — хлопец у саламяным брылі. Лепельскі раён.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.​А.​Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.​Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.​М.​Аляксееў з удзелам К.​І.​Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.​Кларк). Пасля набыцця палаца І.​Ф.​Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.​Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.​Панятоўскага (скульпт. Б.​Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.​Ф.​Марозаў, В.​Р.​Анціпаў.

Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Да арт. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пачаў фарміравацца пасля 1622. У комплекс уваходзілі касцёл, будынкі калегіума, б-ка, Гродзенскай аптэкі будынак, друкарня, жылыя карпусы і гасп. пабудовы. Першы «касцёльчык» Пятра і Паўла быў драўляны і існаваў з 2-й чвэрці 17 ст. да 1700. Езуіцкая рэзідэнцыя будавалася пасля 1664 (калі атрымала статус калегіума), мураваны касцёл — з 1678 (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы; набажэнства ў касцёле пачалося ў 1700). У 1725 на вежы-званіцы касцёла ўстаноўлены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча, раней знаходзіўся на вежы калегіума), які выконваў ролю гарадскога. У 1750—52 надбудаваны вежы. Стары мураваны калегіум будавалі ў 1677—83, новы — у 1691 (1-ы паверх) і ў 1740—44 (2-і і 3-і паверхі). Касцёл (з 1783 наз. фарны) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (выш. 53,6 м, у плане 30×60 м). Двухвежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, 2 ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (разьбяр Г.​Гіс, 1768). У цэнтры фасада вял. акно і балкон для аркестра. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і 2 вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), асветлены вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі, перакрыты крыжовымі скляпеннямі.

Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, арх. пластыкай і фрэскамі. Гал. драўляны 3-ярусны алтар (выш. 21 м) створаны ў 1736 у стылі позняга барока, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У касцёле 12 бакавых алтароў: 2 у капліцах, 4 у трансепце і 6 кулісных. Інтэр’ер касцёла дапаўняюць помнік А.​Тызенгаўзу (пач. 20 ст.), мемар. дошка праф. Ягелонскага ун-та З.​Ф.​Урублеўскаму (1845—88), творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. Кляштар займаў цэлы квартал (120 × 160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіум. Складаўся з гал. 3-павярховага (новы калегіум), зах. 2-павярховага і ўсх. 3-павярховага (стары калегіум) крылаў. На стыку старога і новага калегіумаў была трапезная, над якой размяшчалася б-ка з сенцамі, над імі — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гасп. двары з флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні, вазоўні. Пры гал. браме стаяла бурса. Побач з касцёлам будынак аптэкі, на Пн ад яго была мураваная школа, дзе размяшчаўся т-р. Астатнюю тэр. займаў вял. сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, б-ка, майстэрні, стайні, вазоўні.

А.​У.​Міленкевіч, Е.​Пашэнда.

Гродзенскі кляштар езуітаў. Галоўны фасад касцёла.
Гродзенскі кляштар езуітаў. Інтэр’ер касцёла.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш. нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.

У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна ​2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 см шыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш. бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

story

I [ˈstɔri]

n., pl. -ries

1) раска́з -у m.

to tell a story — апавяда́ць, раска́зваць

Tell us the story of your life — Раскажы́ нам пра сваё жыцьцё

as the story goes — як раска́зваюць

to make a long story short — ко́ратка ка́жучы

2) апавяда́ньне n., апо́весьць f.

3) апо́вед -у m., фа́була f. (апо́весьці, п’е́сы)

4) informal вы́думкі pl., хлусьня́ f., вы́мысел -слу m.

5) газэ́тны арты́кул, рэпарта́ж

II [ˈstɔri]

n., pl. -ries

паверх -у m.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Нарва 1 ’нарыў, болька’ (Бяльк.). Ад нарвиць, гл. нарыў; паводле Мяркулавай (Этимология–1978, 97), прасл. *пагъиа ’гнайнік’ ад дзеяслова *narbvati ’нагнойвацца, тузаць (пра боль) ’.

На́рва 2, мн. на́рвы ’намаразь’ (карэл., Шатал.), нарай ’прыстасаванне, якое кладуць на малыя санкі пры вывазцы бярвення’ (навагр., Сцяшк. Сл.), нарвіна ’тс’ (пін., Шатал.; Бяльк., Мат. Гом.), ’дошка, якая набіваецца паверх вязоў’ (Маслен.), ст.-бел. нарвина (1684) ’перакладзіна’, укр. нарвина ’перакладзіна, што утрымлівае канцы палазоў у загнутым стане пры вырабе саней’, палеск. наврина ’бервяно, што ляжыць на сохах і служыць асновай грэбеня страхі’ (Полесский этнолингв. сб. М., 1983, 161), рус. нарва ’папярэчная дошка для ўмацавання; перакладзіна, што злучае часткі сахі, воза і інш.’ Паводле Фасмера (з літ-рай), з с.-н.-ням. narve, бавар. närb, närw ’засаўка’ (Фасмер, 3, 44; Булыка, Лекс. запазыч., 97). Запазычана таксама ў славенскую мову: narba ’затычка, засаўка’, гл. Бязлай, 2, 214. Пры адсутнасці ў польскай мове застаюцца няяснымі шляхі пранікнення ва ўсходне-славянскія; для беларускіх слоў не выключана другасная сувязь з навіриць ’насаджваць’, асабліва для абазначэння намаразняў, што насаджваюцца на капылы (нарвы < *наўры?, параўн. прыведзены вышэй прыклад з метатэзай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)