найбуйнейшы ў старажытнасці збор рукапісных кніг (ад 100 да 700 тыс. тамоў). Засн. ў пач. 3 ст. да н.э. ў г. Александрыя пры Александрыйскім мусеяне. Пераважалі творы стараж.-грэч. л-ры і навукі, былі і кнігі на ўсх. мовах. Узначальвалі Александрыйскую бібліятэку буйнейшыя вучоныя: Эратасфен, Зенадот, Арыстарх Самоскі, Калімах. Пры б-цы працавала шмат капіістаў-перапісчыкаў кніг. Частка Александрыйскай бібліятэкі згарэла ў 47 да н.э. ў час Александрыйскай вайны. Пазней адноўлена і папоўнена за кошт Пергамскай б-кі. Частка кнігазбору знішчана ў 391 н.э., апошнія рэшткі загінулі ў 7—8 ст. у час арабскіх заваёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІКСО́СЫ,
група качавых плямён, якія каля 1700 да н.э. ўварваліся з Пярэдняй Азіі праз Суэцкі перашыек у Егіпет, захапілі яго і валодалі ім да 1570 да н.э. Пасяліліся ў Ніжнім Егіпце і заснавалі там сваю сталіцу Аварыс. Упершыню ўвялі ў Егіпце конегадоўлю і колавы транспарт (магчыма, вертыкальны ткацкі станок, аліву і гранат), спрасцілі егіпецкую пісьменнасць, стварылі алфавітнае пісьмо. Гіксосы парушылі ізаляванасць Егіпта і стварылі ўмовы для росквіту культуры Новага царства. У пач. 16 ст. да н.э. правіцелі Фіваў пачалі вызвал. барацьбу супраць гіксосаў і прымусілі іх адступіць у Палесціну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕАМЕ́Н III (Kleomenēs; каля 260—219 да н.э.),
цар Спарты [235—221 да н.э.]. З дынастыі Агіядаў. Пасля смерці Агіса IV прадоўжыў пачатыя ім рэформы, імкнуўся аднавіць магутнасць Спарты і яе гегемонію ў Стараж. Грэцыі. Пры ім скасаваны даўгі, рэарганізаваны армія і сістэма дзярж. выхавання, вырасла колькасць паўнапраўных грамадзян, скасаваны герусія і пасады эфораў, уся зямля аб’яўлена дзярж. уласнасцю. У вайне з Ахейскім саюзам захапіў Фліунт, Трэзен, Клеоны, Аргас і інш. гарады. Пасля паражэння ў бітве каля Селасіі (221 да н.э.) з аб’яднанымі войскамі Арата і Антыгона III Досана ўцёк у Егіпет, дзе скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ЙЦЫ,
народ, які насяляў в-аўКрыт у бронзавым веку. Назва ад імя легендарнага цара Мінаса, прапанавана англ. археолагам А.Эвансам. М. — першыя цывілізаваныя еўрапейцы, якія характарызаваліся высокім узроўнем развіцця прадукцыйных сіл. Як культ. група М. паявіліся каля 2500 да н.э. і, магчыма, уяўлялі сабой сінтэз імігрантаў з Анатоліі і мясц. неаліт. насельніцтва. Каля 2000 да н.э. на Крыце пачаўся працэс урбанізацыі, раслі гарады, будаваліся палацы (Кнос, Малія і Фест). Пашыраўся заморскі гандаль. Пасля 1450 да н.э. М. трапілі пад кантроль Мікенаў (гл. таксама Крыта-мікенская культура). Тэрмін М. мае строга культурнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАЎ,
комплекс археал. помнікаў (3 гарадзішчы, бескурганны і 2 курганныя могільнікі) каля в. Мохаў Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішчы мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры датуюцца 5—4 ст. да н.э. і 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў, гліняны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Бескурганны могільнік належаў мілаградцам. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання, інвентар — кавалкі керамікі, трапляюцца камяні. Адзін з курганных могільнікаў належаў дрыгавічам, датуецца 10—12 ст. Пахавальны абрад у ім — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены металічныя і шкляныя пацеркі, бранзалеты, драцяныя кольцы, нажы, сякеры, гаршкі, шыйная грыўня, крэсіва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬ,
3 стаянкі і крамянёвая майстэрня каменнага веку каля в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Стаянка 1-я належыць носьбітам свідэрскай культуры (9—5-е тыс. да н.э.), 2-я адносіцца да эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), 3-я — да нёманскай культуры (8—5-е тыс. да н.э.). Крамянёвая майстэрня адначасовая з 2-й стаянкай. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, разцы, скрэблы, нажы, макралітычныя сякеры, трохгранныя пікі, скоблі, грубыя разцы, шмат крамянёвых адшчэпаў, нуклеусаў і інш. Каля 1-й стаянкі выяўлены рэшткі могільніка жал. веку з пахавальным абрадам трупаспалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАМЕ́Н (Alkamenēs),
старажытнагрэчаскі скульптар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Працаваў у Афінах. Вучань Фідыя, ад якога пераняў прынцып адзінай пластычнай трактоўкі цела і вопраткі («Афрадыта ў садах», копія). Захаваліся копіі статуі Гермеса Прапілейскага, скульпт. група «Прокна і Ітыс».