від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.
Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.Вертава, У.Гардзіна, У.Ерафеева, У.Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.Гібера, Э.Цісэ, А.Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.
На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял.Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.Корш-Саблін і М.Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.Голуб, Корш-Саблін, С.Сплашноў, І.Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.Аліфярэнка, В.Дашук, Ю.Лысятаў, І.Пікман, Б.Сарахатунаў, У.Стральцоў, У.Сукманаў, С.Фрыд, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,
горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б.Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.
Літ.:
Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.
Т.Л.Чарняўская.
Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.Драздовіча. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ.«Северо-Западный край», мінскаядэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.
У Расіі адвакатура заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.
Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінскаягар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),
бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. З ліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.
Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў Сінод Рус.правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.
Літ.:
Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;
Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмы Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст. творы айч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел.дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст.абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінскаяб-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл.б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн.экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНЯ,
асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр.СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.
ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр.БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш.акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.