вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.
Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ.правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́КІ,
вёска ў Сеніцкім с/с Мінскага р-на. За 12 км на Пд ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пціч. 1483 ж., 528 двароў (2000).
Вядомы з 16 ст. ў складзе ВКЛ, уласнасць Горскіх, Роскіх, Агінскіх, Сянькевічаў, Іваноўскіх, Оштарпаў, Горватаў і інш., з 1872 Чапскіх. У 1635 заснаваны мужч. манастыр (згарэў у 1868), у 1763 пабудавана Свята-Пакроўская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав. Да 1864 тут паштовая станцыя на тракце Мінск—Навагрудак. У 1865 пабудавана царква Раства Багародзіцы, з 1879 пры ёй існавала нар. вучылішча. Замалёўку П. зрабіў Н.Орда. У 1886 у П. бровар, піваварня, млын., у 1897 у вёсцы 50 ж., 8 двароў, 2 кузні, хлебазапасны магазін, царква. З 1924 вёска ў Самахвалавіцкім р-не БССР, з 1935 у Сеніцкім с/с Мінскага р-на.
Прадпрыемства аэрафотагеадэзічных пошукаў, цэх дзярж. інспекцыі па электрасувязі, Бел.НДІ аховы раслін. Сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Прылуцкі палацава-паркавы комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял.кн.Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн.Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастырсв. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастырсв. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл.манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).