ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),
асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),
украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.Купалы, К.Кірэенкі.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),
бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.Чачота, Я.Купалы і інш.
т. 9, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНЧУ́К»,
кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.У.Куштэлян, У.І.Самойла, С.В.Скандракоў, А.А.Шабуня, К.Б.Шпакоўскі. Разам з газ. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.
т. 10, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Купа́цца 1 ’абмывацца, плаваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Я руш., Бяльк., ТС, Касп.). Укр. купати, рус. купать, балг. къпя, серб.-харв. ку́пати, славен. kópati, польск. kąpać, чэш. koupati, славац. kupať, в.-луж. kupać, н.-луж. kupaś ’тс’. Прасл. kǫpati не мае этымалагічна задавальняючага тлумачэння. Вельмі праблематычна сувязь з назвай канапель (параўн. Бернекер, 600), з германскай назвай мора (ст.-ісл. haf) (Якабсон, KZ, 42, 161), з прасл. kǫpa ’звязка’ і інш. Здаецца, што прыведзеная вышэй этымалогія купалы пралівае святло і на гэты тэрмін (гл. купала). Калі дапусціць дублет kupěti/kǫpati (параўн. аб такіх дублетах: Брукнер, KZ, 42; Лер-Сплавінскі, Studia; Слаўскі, SO, 18), можна звесці купаць (у адрозненне ад мыць) да першапачатковага ’ачышчацца агнём’. Пакуль што, аднак, гэта этымалогія вельмі праблематычная.
Купа́цца 2 ’пералівацца, зіхацець (пра сонца)’ (ТС). Параўн. купець (гл.) і купіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
імя́, імя́ і імені, Д імю і імені, мн. імі і імёны, імяў, імён і імёнаў, н.
1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні.
Уласнае і.
Яго і. — Сяргей.
2. Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам.
Завуць Раман, а і. па бацьку Пракопавіч.
3. Спадчыннае афіцыйнае найменне, якое паказвае на прыналежнасць чалавека да пэўнай сям’і, напр., у беларусаў: Брыль, Гарэцкі, Дубоўка, Карскі, Мележ, Насовіч, Шырма, Янчук.
4. Асабістая вядомасць, рэпутацыя.
Вучоны з сусветным імем.
5. Назва прадмета, з’явы.
Расліна альяс вядома пад імем сталетнік.
6. У выразе: у імя́ каго-чаго — у памяць, у гонар каго-, чаго-н. (высок.).
У і. дружбы.
7. у знач. прыназ. з Р. Названы ў гонар каго-, чаго-н.
Тэатр і.
Янкі Купалы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.
2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),
від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.Гальдоні, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Я.Купалы, У.Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.Ільінскі, Г.Глебаў, П.Малчанаў.
т. 3, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТ,
1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.
Часта мае форму дыялогу.
2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і інш.).
Публ.:
Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;
Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;
Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.
А.С.Фядосік.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
В.П.Рагойша.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)