КО́НЁВІЧ (Konjović) Петар (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),

сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МАЎ Леў Уладзіміравіч (24.11. 1905, г. Разань, Расія — 23.11.1977),

бел. і расійскі дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1955). Праф. (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас К.Ігумнава). З 1925 працаваў у оперных т-рах Масквы, Свярдлоўска, Горкага. У 1951—64 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Л. вызначалі дырыжорская воля, глыбокае пранікненне ў партытуру, імкненне падпарадкаваць усе кампаненты спектакля раскрыццю аўтарскай задумы. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены нац. оперы і балеты: «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага (1953), «Надзея Дурава» А.​Багатырова (1956), «Яснае світанне» А.​Туранкова (1958), «Калючая ружа» Ю.​Семянякі (1960), «Мара» Я.​Глебава (1961), «Святло і цені» Г.​Вагнера (1963); класічныя оперы «Страшны двор» С.​Манюшкі (1952), «Мазепа» (1952) і «Чарадзейка» (1958) П.​Чайкоўскага, «Аіда» (1953) і «Трубадур» (1955) Дж.​Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1955), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава (1957).

Літ.:

Маралёў А. Музычны кіраўнік // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Л.У.Любімаў.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХ Леў Палікарпавіч (н. 12.6.1937, г. Новарасійск Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах харавога (1964, клас М.Маслава) і оперна-сімф. (1971, клас К.​Ціханава і В.Катаева) дырыжыравання. З 1955 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1971 адначасова дырыжор творчага аб’яднання «Нац. акад. Вялікі т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Творчасці Л. характэрны пранікненне ў маст. канцэпцыю твора, адчуванне яго стыліст. асаблівасцей. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены: оперы «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (2-я рэд., 1992), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (упершыню ў Беларусі), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (абедзве 1989, у канцэртным выкананні), опера-казка «Чароўная музыка» М.​Мінкова (1997), балеты «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Жызэль» А.​Адана (1987). Дырыжыруе операмі і балетамі класічнага рэпертуару і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НБЕРГ Міхаіл Якаўлевіч (н. 21.2.1947, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Нар. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. кансерваторыю (па класах трамбона, 1970; арк. дырыжыравання, 1981). З 1987 маст. кіраўнік-дырэктар створанага ім Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь. Адначасова з 1971 (з перапынкамі) выкладае ў Бел. АМ (з 1997 праф.). Прапагандыст музыкі бел. кампазітараў. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор фестываляў: Міжнар. джазавага (з 1994, Мінск), рэсп. — камернай музыкі «Музы Нясвіжа» (з 1996, г. Нясвіж), у гарадах Заслаўе (з 2000), Мсціслаў (2002); бел. паэзіі і песні (г. Маладзечна, з 1993; Мінск, 1995); бел. эстр. аркестраў (Мінск, 1997, 1998, 1999); дзіцячай бел. эстр. песні «Спяваем з аркестрам» (Мінск, 1998, 1999, 2000); джаза і песні «Нарачанскія хвалі» (2002). Удзельнік міжнар. фестываляў, у т. л. «Славянскі базар у Віцебску». Член Савета Рэспублікі Нац. сходу Беларусі (з 2000). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

М.Я Фінберг.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРА́УС (Strauß) Рыхард (11.6.1864, г. Мюнхен, Германія — 8.9.1949),

нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. Берлінскай (1909), ганаровы чл. Венскай (1944) АМ. У 1886—1924 дырыжор у оперных т-рах Мюнхена, Веймара, Берліна, Вены, адначасова ў 1917—20 выкладаў у Берлінскай АМ. У 1933—35 прэзідэнт Імператарскай муз. палаты ў Берліне. Працаваў з рознымі аркестрамі Еўропы, ЗША. Прыхільнік праграмнага сімфанізму, экспрэсіўнай вобразнасці. У творчасці зазнаў уплыў кампазіцыйнай тэхнікі Р.​Вагнера, развіваў эстэт. прынцыпы неарамантызму, экспрэсіянізму. Асн. творчыя здабыткі ў сімф. і оперным жанрах: оперы «Саламея» (паводле О.​Уайльда, паст. 1905), «Электра» (паводле Сафокла, паст. 1909), «Кавалер ружы» (паст. 1911); сімф. паэмы «Дон Жуан» (1889), «Тыль Уленшпігель» (1895), «Жыццё героя» (1898); сімф. варыяцыі «Дон Кіхот» (1897), «Дамашняя сімфонія» (1903), «Альпійская сімфонія» (1915). Зрабіў уклад у фарміраванне неарамантычнай стылістыкі ў гармоніі і аркестроўцы.

Літ.:

Краузе Э. Рихард Штраус: Пер. с нем. М., 1961;

Крауклис Г. Симфонические поэмы Р.​Штрауса. М., 1970;

Ступель А.М. Рихард Штраус. Л., 1972.

Т.​А.​Дубкова.

Р.Штраус.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗРО́ДНЫ Ігар Сямёнавіч (н. 7.5.1930, Тбілісі),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (праф. з 1972). У 1970 дэбютаваў у Маскве як дырыжор. Выступае як саліст і ансамбліст. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Я.​Кубеліка (Прага, 1949), імя І.​С.​Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ Ісідар Германавіч (28.12.1906—1944),

бел. харавы дырыжор і педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). У 1922—25 кіраваў самадз. хорам у Гомелі. З 1934 у Мінску, выкладчык дырыжорска-хар. ф-та Бел. кансерваторыі, у 1937—41 маст. кіраўнік хору Бел. філармоніі. Аўтар партыз. песень, у т. л. «Баявая партызанская».

Г.​П.​Зелянкова.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́АН-УІ́ЛЬЯМС (Vaughan Williams) Ралф [сапр. Уільямс

(Williams) Ралф Воан; 12.10.1872, Даўн-Ампні, графства Глостэршыр, Вялікабрытанія — 26.10.1958], англійскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў новай англ. кампазітарскай школы («англ. муз. адраджэння»). Праф. (1921) Каралеўскага муз. каледжа. У 1905—53 гал. дырыжор муз. фестывалю «Літ-Хіл», у 1920—28 — Бахаўскага хору. Шырока выкарыстоўваў англ. муз. фальклор. Найб. дасягненні — сімф. і харавыя творы, адметныя маштабнасцю, драматызмам, меладычнасцю, майстэрствам аркестроўкі. Сярод твораў: оперы «Х’ю-гуртаўшчык» (1924),

«Закаханы Сэр Джон» (1929), «Шлях паломніка» (1951); 3 балеты; араторыі, кантаты; 9 сімфоній (1909—58), 3 Норфалкскія рапсодыі (1906), сюіты, п’есы для сімф. аркестра; Фантазія на тэму Таліса для падвойнага стр. аркестра (1910); канцэрты для розных інстр. з сімф., малым і стр. аркестрамі; хары з аркестрам і а капэла (у т. л. культавыя) песні; музыка да драм. спектакляў, радыёпастановак і кінафільмаў. Аўтар тэарэт. прац, у т. л. «Станаўленне музыкі» (рус. пер. 1961).

Літ.:

Конен В.Д. Ралф Воан-Уильямс. М., 1958;

Kennedy M. The works of R.V.Williams. 2 ed. London, 1980.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус. нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус. нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац. вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоў Вял. Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус. вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.

Літ.:

Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;

Хоровое искусство: (Сб. ст.). Вып. 2. Л., 1971.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎ Анатоль Канстанцінавіч (11.5. 1855, С.-Пецярбург — 28.8.1914),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус. муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.​Глінкі, А.​Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус. нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).

Літ.:

Михайлов М. А.​К.​Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.

А.К.Лядаў.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)