АТАЦЮ́РК (Ataturk) Мустафа Кемаль (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),

дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.

М.К.Атацюрк.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЕ́ЎСКІ Язэп Пятровіч (11.1.1888, г. Заслаўе Мінскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР, педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1914). З 1915 выкладчык Мінскага настаўніцкага ін-та, чл. культ.-асв. гуртка «Наш край», з 1917 — арг-цыі «Маладая Беларусь» пры ін-це. Удзельнік 1-га Усерас. з’езда па асвеце (жн. 1918, Масква). З 1919 чл. пед. рады Мінскага бел. пед. ін-та. У 1919—20 выкладчык Мінскай бел. гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі, з жн. 1920 чл. КП(б)Б, заг. аддзела сац. выхавання Наркамасветы БССР. З 1926 нам. старшыні і чл. Прэзідыума Інбелкульта, у 1929—31 рэктар БДУ, канд. у чл. ЦВК БССР. З 1932 нам. дырэктара Ін-та чырв. прафесуры (Масква). 15.6.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Э.​М.​Карніловіч, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКДО́НАЛЬД (Macdonald) Джэймс Рамсей (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл. Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв. вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Вадзім Аляксандравіч (н. 5.7.1940, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1971), Мінскую ВПШ (1984). Працоўную дзейнасць пачаў у 1961 механікам саўгаса ў Алтайскім краі. З 1964 выкладчык Крычаўскага СПТВ-38, інструктар, заг. аддзела, 2-і сакратар Крычаўскага, 1-ы сакратар Краснапольскага райкомаў, інструктар Магілёўскага абкома ЛКСМБ. У 1972—76 і 1992—93 дырэктар саўгаса ў Краснапольскім, нам. старшыні калгаса ў Магілёўскім р-нах. З 1977 інструктар с.-г. аддзела ЦК КПБ, 1-ы сакратар Асіповіцкага гаркома, заг. с.-г. аддзела, 2-і, 1-ы, сакратар Магілёўскага абкома КПБ. З 1993 нам. ген. дырэктара ВА «Магілёўаблаграснаб», з 1995 ген. дырэктар холдзінга «Аграмашсэрвіс». У 1999—2000 1-ы нам. міністра, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. З ліст. 2000 старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

В.А.Папоў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХА́РТА (Suharto; н. 8.6.1921, Кемусу, каля г. Салатыга, Інданезія),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Інданезіі. Скончыў ваен. школу ў г. Гомбанг. Ген. арміі. У 1945—49 удзельнік узбр. барацьбы Інданезіі супраць нідэрл. акупантаў. У 1962—63 камандаваў аперацыямі па выгнанні галандцаў з Зах. Ірыяна, у 1963—65 — стратэгічным рэзервам сухапутных войск. У 1965 задушыў спробу дзярж. перавароту, заняў пасады міністра абароны і камандуючага сухапутнымі войскамі. З 1966 нам. прэм’ер-міністра Інданезіі, з 1967 — в.а. прэзідэнта, з 1968 прэзідэнт Інданезіі. Ажыццяўляў палітыку «новага ладу», якая прадугледжвала развіццё рыначных адносін і арыентацыю на краіны Захаду пры жорсткім аўтарытарным рэжыме, што прывяло да эканам. ўздыму краіны ў 1970—80-я г. Аднак рост знешняй запазычанасці і карупцыя сталі прычынай фін. крызісу ў сярэдзіне 1990-х г. Пад націскам масавых нар. выступленняў у маі 1998 падаў у адстаўку.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),

дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл. Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.​Я.​Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ШНІГ (Schuschnigg) Курт фон (14.12.1897, г. Рыва, Італія — 18.11.1977),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстрыі. Юрыст. Вучыўся ў Інсбрукскім ун-це. З 1927 дэп. Нац. савета. У 1932—34 міністр юстыцыі, адначасова ў 1933—34 міністр асветы. Пасля забойства Э.Дольфуса з 30.7.1934 федэральны канцлер Аўстрыі, адначасова міністр асветы (1934—36), абароны (1934—38), замежных спраў (1936—38). З 1936 узначальваў Айч. фронт. Пад націскам А.​Гітлера і ва ўмовах неспрыяльных унутр. і знешнепаліт. абставін змушаны заключыць аўстра-герм. пагадненні 1936 і 1938, якія прывялі да яго адстаўкі (11.3.1938) і аншлюсу Аўстрыі. У 1941—45 зняволены ў канцлагеры Заксенхаўзен. У 1947—67 жыў у ЗША (з 1948 праф. Каталіцкага ун-та ў г. Сент-Луіс). Аўтар твора «Рэквіем у чырвона-бела-чырвоным» (1978).

Літ.:

Hopfgartner A Kurt Schuschnigg: Ein Mann gegen Hitler. Graz, 1989.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАШЭ́ВІЧ (Jaroszewicz) Пётр (8.10.1909, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 1.9.1992),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, ген. дывізіі (1950). Скончыў Нясвіжскае пед. вучылішча (1929), Вышэйшыя настаўніцкія курсы, афіцэрскае вучылішча. Да 1940 настаўнічаў на Палессі, потым у Расіі. Са снеж. 1943 у польскай пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, якая фарміравалася на Разаншчыне. Да 1945 нам. камандзіра палка, дывізіі, арміі, нам. нач. Гал. паліт. ўпраўлення Войска Польскага, ген. брыгады. Пасля 2-й сусв. вайны віцэ-міністр нац. абароны, чл. Польскай рабочай партыі, з 1948 Польскай аб’яднанай рабочай партыі. З 1950 нам. старшыні Камісіі планавання. З 1952 нам. старшыні, у 1970—80 старшыня СМ Польскай Нар. Рэспублікі (ПНР), адначасова ў 1954—56 міністр горнай прам-сці. Да канца 1970 пастаянны прадстаўнік ПНР у Савеце эканамічнай узаемадапамогі. З 1947 дэп. сейма ПНР. У 1971 наведаў Нясвіж.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́РКІН Віктар Іванавіч (9.12.1889, в. Дзякоўскае Тутаеўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1902—05 чл. арг-цыі анархістаў-камуністаў на Пуцілаўскім з-дзе (Пецярбург). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (1915—17). У 1918 старшыня зах. абл. ЧК (г. Смаленск), са студз. 1919 старшыня ЧК БССР, адначасова ў сак.—крас. 1919 старшыня Мінскага гарсавета. З мая 1919 на чэкісцкай рабоце ў Паволжы, з 1921 у сістэме Наркамата шляхоў зносін СССР. З 1935 нач. службы Днепра-дзвінскага параходства ў Гомелі. Дэлегат I з’езда КП(б)Б (снеж. 1918), I Усебел. з’езда Саветаў (лют. 1919). Чл. ЦБ КП(б)Б, ЦК КП(б)ЛіБ, ЦВК БССР і Літ.-Бел. ССР. У 1937 арыштаваны і выязной сесіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967.

т. 18, кн. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭР, Блейр (Blair) Энтані (Тоні) Чарлз Лінтан (н. 6.5.1953, г. Эдынбург, Вялікабрытанія), дзяржаўны і палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1975), да 1983 прыватны адвакат у Лондане. З 1983 дэп. парламента ад Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі, з 1994 яе лідэр. Пад яго кіраўніцтвам лейбарысцкі рух паступова адмаўляецца ад «сацыяліст. атрыбутаў мінулага» (напр., ад ідэі аб прыярытэце грамадскай уласнасці) і перамяшчаецца з левага паліт. фланга краіны да цэнтра. У 1988—97 чл. ценявога кабінета міністраў, у 1997 прэм’ер-міністр і 1-ы лорд-казначэй Лондана. З мая 1997 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Б. асн. ўвагу аддае ўдасканаленню сістэмы падаткаабкладання, скарачэнню колькасці беспрацоўных, паляпшэнню сістэм адукацыі і аховы здароўя; у знешняй палітыцы выступае за ўмацаванне еўрап. бяспекі, цеснае ваен.-паліт. супрацоўніцтва Вялікабрытаніі з НАТО. Падтрымаў ваен. акцыі ЗША ў Югаславіі (1999), Афганістане (2001) і Іраку (2003).

Э.Блэр.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)