шланг, ‑а, м.

Гнуткая труба або рукаў для адводу, перадачы і пад. вадкасцей, сыпучых рэчываў, газу. Дзядзька Ігнат стаяў.. перад домам, глядзеў, як нейкі таўставаты чалавек у піжаме паліваў са шланга газон з кветкамі. М. Стральцоў. Побач ляжаў другі, шырокі шланг гідраманітора, які засмоктваў чорную зямлю і выкідаў яе на паверхню. «ЛіМ».

[Ням. Schlange.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асо́ба, -ы, мн. -ы, асо́б, ж.

1. Асобны чалавек у грамадстве, індывідуум.

Роля асобы ў гісторыі.

2. Чалавек, які трымае сябе важна, ганарліва; персона.

Дзядзька наш — а.!

3. Сукупнасць уласцівасцей пэўнага чалавека, яго характару, паводзін і пад.

Усебаковае развіццё асобы.

4. Чалавек, імя якога не хочуць называць (часцей пра жанчыну).

Званіла адна а.

5. Граматычная катэгорыя, якая паказвае аднесенасць да таго, хто гаворыць (першая асоба), з кім гаворыць (другая асоба) ці да таго, хто не з’яўляецца ні тым, хто гаворыць, ні субяседнікам (ці да неадушаўлёнага прадмета) (трэцяя асоба).

Асобы дзеяслова.

Давераная асоба — чалавек, якому што-н. давяраецца, які можа дзейнічаць ад імя таго, хто давярае.

Дзеючая асоба — персанаж у тэатры, персанаж у драматычным творы.

Зацікаўленая асоба — асоба, якая мае інтарэс да якой-н. справы.

Службовая асоба — асоба, якая займае пасаду ў дзяржаўнай установе.

|| прым. асабо́вы, -ая, -ае (да 5 знач.).

А. займеннік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

здубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў рухомасць, адчувальнасць ад холаду (пра цела, часткі цела). Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. В. Вольскі. // Зацвярдзелы, злубянелы (пра адзенне). Соня пакінула на сябе здубянелы ад сырасці плашч. Гроднеў. Дзядзька памалу закасаў заскарузла-здубянелую зрэбную калашыну, агаліў рану. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палу́днаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Тое, што і абедаць; есці полудзень. [Сяргей] успомніў, што сёння наспех снедаў і зусім не палуднаваў. Адамчык. Дзядзька Коля разаслаў на зямлі каля камбайна плашч, злазіў на сядзенне і дастаў клуначак з харчамі. Мы селі палуднаваць. Хадкевіч. // Есці паміж абедам і вячэрай. Тут вячэраюць, а мы яшчэ не палуднавалі. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачы́м, прысл.

Разм.

1. пытальнае. Колькі каштуе? Па якой цане? — Вам нічога Вольга не казала? — звярнуўся дзядзька да Марыны Сцяпанаўны. — Пачым яна тварог прадала? Корбан.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў даданым дапаўняльным сказе; адпавядае словам: «за якую цану», «колькі каштуе». Ён спытаў, пачым кілаграм сліў.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарамя́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. — Эх, вы: сарамяжлівая дзяўчына! — прамовіў Сухавараў крыху зняважліва. Колас. Сарамяжлівы і як бы нечым заклапочаны, хлапчук схаваўся за матчыну спіну. Сачанка. // Які выяўляе збянтэжанасць, хваляванне, нясмеласць. Чутны сарамяжлівы голас: — І чаго вы, дзядзька Сілівон, упікаеце нас [хлопцаў] дарэмна. Лынькоў. Вусны.. [Міхася] кранула сарамяжлівая ўсмешка. Аношкін. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці. Сарамяжлівая радасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сустрэчны. Дзядзька збіўся з ног, шукаючы на калгасным жарэбчыку хлопца: злётаў на паром, быў на станцыі, перачытаў усіх стрэчных... Сачанка.

стрэ́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Абл. Тое, што і стрыечны. [Гаруе:] — Я ж ужо тады гаварыў вам, як гаварыў, што ведаю пра вас з ліста вашай стрэчнай сястры Галены. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускалма́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускалмаціць.

2. у знач. прым. Растрапаны, непрычасаны (пра валасы, шэрсць). Дзядзька Міша, праходзячы міма, пагладзіць ускалмачаныя валасы хлапчука і з усмешкай запытае: «Ну, як справы, Алік?» Хадкевіч. // З непрычасанымі, растрапанымі валасамі, шэрсцю. Пятро пазіраў на дзверы хаты. Нарэшце яны расчыніліся, паказалася ўскалмачаная галава без кепкі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укарані́цца, ‑ранюся, ‑рэнішся, ‑роніцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пусціць глыбока карэнне, добра ўрасці ў зямлю. Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Трывала замацавацца, атрымаць шырокае распаўсюджанне, увайсці ў звычай, звычку. У калгасе ўкараніўся строгі парадак ва ўсім. Дуброўскі. Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Навуменка. Яго звычка, што ўкаранілася яшчэ ў тыя часы, калі ён [Сцяпан Фёдаравіч] камандаваў ротай ці батальёнам, — быць у самым пекле бою. Мележ.

3. Асталявацца дзе‑н., умацаваць сваё становішча. [Генадзь] уладзіў .. [Вікторыю] працаваць на тэлебачанне і чакаў, калі яна там укарэніцца, каб звязаць з ёй сваё жыццё. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмысло́вы, ‑ая, ‑ае.

Своеасаблівы, адметны, непаўторны. Адмысловы танцор. □ Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. Хто б падумаў, здагадаўся, Што ў такіх аковах Быў Тарас багаты скарбам, Скарбам адмысловым. Купала. // Спецыяльны, асобага прызначэння. Адмысловыя прысмакі. □ [Хлопцам] ужо шыюць маткі трусы, рыхтуюць рукзакі, падбіраюць адмысловую посуду. Якімовіч. // Цудоўны, выдатны. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)