філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук.галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Т,
гнуткі выраб з стальнога дроту або нітак пражы (каболак) расліннага, мінер. ці сінт. паходжання. Падзяляюцца на кручаныя (вітыя), някручаныя і плеценыя.
Стальныя К. робяць з высокатрывалага дроту дыяметрам 0,3—4 мм. Кручаныя атрымліваюць адзінарным (спіральныя К.), двайным (тросавыя) і трайным (кабельтавыя) звіваннем. Для эластычнасці ў сярэдзіну К. ўплятаюць валакністы або метал. асяродак. Звіванне бывае аднабаковае (дрот у пасмах і самі пасмы скручаны ў адзін бок) і крыжовае (у розныя бакі). Някручаныя К. складаюцца з шчыльна ўкладзеных груп стальнога дроту або спіральных К., змацаваных спіральнай абмоткай ці заціскачкамі. Плеценыя К. робяць з цотнага ліку (звычайна 4) пасмаў, скручаных у розных напрамках. Неметалічныя К. звіваюць з доўгіх натуральных (пяньковых, баваўняных, джутавых, сізалевых, азбеставых) або сінтэтычных (капронавых, нейлонавых, поліпрапіленавых і інш.) валокнаў (з кароткіх пяньковых і баваўняных валокнаў уюць вяроўкі, шпагат і да т.п.). Канатна-вяровачныя вырабы з валакністых матэрыялаў і стальнога дроту наз.тросамі (пра іх злучэнне гл. ў арт.Вузлы марскія). К. выкарыстоўваюць на транспарце (на канатных дарогах, фунікулёрах, у суднавым такелажы і інш.), у буд-ве (у вісячых канструкцыях, грузападымальных машынах), горнай (у шахтавых пад’ёмніках, каменярэзных машынах), рыбалоўнай (у тралах. невадах), лясной і інш.галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́КІ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
эластычныя сінт. палімеры, якія могуць быць перапрацаваны ў гуму. Атрымліваюць полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй.
Прыняты класіфікацыя і назва К.с. па манамерах, якія выкарыстоўваюць для атрымання каўчукоў (ізапрэнавыя, бутадыенавыя, бутадыен-стырольныя і да т. п.), ці па характэрнай групоўцы (атамах) у асн. ланцугу ці (і) бакавых групах макрамалекул (напр., полісульфідныя, крэмнійарган., фторкаўчукі). Паводле спосабу полімерызацыі падзяляюць на эмульсійныя і растворныя, па выпускной форме — на цвёрдыя, парашкападобныя, вадкія каўчукі, латэксы сінтэтычныя (водныя дысперсіі К.с.), па галінах выкарыстання — на каўчукі агульнага і спец. прызначэння. К.с. агульнага прызначэння (напр., ізапрэнавыя каўчукі, бутадыенавыя каўчукі, бутадыен-стырольныя каўчукі) выкарыстоўваюць для вытв-сці гумавых вырабаў (як і каўчук натуральны). Да каўчукоў спец. прызначэння адносяць масла- і бензаўстойлівыя (напр., бутадыен-нітрыльныя каўчукі), тэрмаўстойлівыя (напр., крэмнійарганічныя каўчукі), устойлівыя да ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя (напр., поліізабутылен), з высокай газанепранікальнасцю (напр., бутылкаўчукі) і К. с. з інш. ўласцівасцямі, якія адсутнічаюць у натуральным каўчуку і забяспечваюць выкарыстанне вырабаў з іх у спецыфічных (звычайна экстрэмальных) умовах Прамысл.вытв-сць К.с. (натрыйбутадыенавага) распачата ў 1932 у СССР паводле спосабу С.В.Лебедзева.
Літ.:
Догадкин Б.А., Донцов А.А., Шершнев В.А. Химия эластомеров. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз.мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл.Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл.Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв.галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАЗА́ЛЬНІК,
пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл.Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.
Літ.:
Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;
Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧАў машынах,
механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).
Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л.галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л.глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл.Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш.Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс.аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадаваць вял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл. таксама Сілавая перадача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.