ПТАЛАМЕ́Й ((Ptolemaios) Клаўдзій) (каля 90 — каля 160),
старажытнагрэчаскі вучоны-энцыклапедыст з Александрыі. Праводзіў навук. даследаванні па астраноміі, матэматыцы, геаграфіі, картаграфіі, оптыцы і храналогіі. Распрацаваў геацэнтрычную сістэму свету. Даў сістэматычнае выкладанне тагачасных геагр. ведаў з асновамі тэорыі картаграфічных праекцый. Рашыў шэраг задач прамалінейнай і сферычнай трыганаметрыі, даказаў адну з тэарэм геаметрыі (гл. Пталамея тэарэма), сфармуляваў элементы тэорыі пераламлення святла і астр. рэфракцыі. У творы «Вялікая матэматычная пабудова астраноміі ў 13 кнігах» (арабізаваная назва «Альмагест») сістэматызаваў астр. веды і некат. матэм. звесткі, прывёў каталог 1022 зорак. У «Дапаможніку па геаграфіі» (8 кніг) змясціў агульную і 26 спец. карт з каардынатамі 8 тыс. геагр. пунктаў. Яго «Храналагічны канон цароў» і інш. творы — своеасаблівыя энцыклапедыі ант. свету па розных галінах ведаў.
Літ.:
Идельсон Н.И. Этюды по истории планетных теорий // Николай Коперник. М.; Л., 1947;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
А.І.Болсун.
т. 13, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)