ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),

медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л. цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.

Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.

Л.​П.​Ражкіна.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,

скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл. Генетычная інжынерыя).

У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.

А.​Т.​Купцова.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

форма арганізацыі навуч. працэсу для асоб, якія спалучаюць атрыманне адукацыі з прац. дзейнасцю; частка сістэмы бесперапыннай адукацыі. Прадугледжвае самаст. праходжанне навучэнцамі асобных раздзелаў навуч. курсаў у адпаведнасці з праграмамі і планамі, выкананне кантрольных заданняў і здачу экзаменаў у навуч. установе. Сістэма З.н. сфарміравалася і развілася на аснове завочных школ (груп), курсаў, завочных аддзяленняў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў. Выпускнікі завочных навуч. устаноў маюць тыя ж правы, што і выпускнікі дзённых і вячэрніх. З.н. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША, калі былі створаны першыя прыватныя школы для З.н. замежным мовам. У канцы 1960-х г. з’явіліся дзярж. і прыватныя вышэйшыя і сярэднія спец. навуч. ўстановы, спецыялізаваныя на завочнай форме навучання. Ствараюцца міжнар. аб’яднанні (кансорцыумы) завочных навуч. устаноў. Запісы лекцый і інш. заняткаў трансліруюцца па навуч. сетках і з дапамогай спадарожнікавай сувязі камплектуюцца ў відэабібліятэкі. Пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжнар. савет па З.н.

У Беларусі першыя завочныя аддзяленні створаны ў 1931 пры Віцебскім, Магілёўскім, Мінскім пед. ін-тах, у 1933 — пры Бел. політэхн. ін-це. У 1997/98 навуч. г. ў Беларусі пры агульнаадук. школах і вячэрніх (зменных) агульнаадукацыйных школах 168 груп завочнага навучання (больш за 3 тыс. навучэнцаў), у сярэдніх спец. навуч. установах 23,8 тыс. навучэнцаў-завочнікаў, у дзярж. ВНУ — 62,6 тыс., недзярж. — 17,5 тыс. студэнтаў-завочнікаў.

В.​С.​Болбас.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першай гіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).

А.​І.​Ківейша.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЕРАДЗЯЛЕ́ННЕ ў тэхніцы,

раздзяленне выпрамянення складанага спектральнага складу, вылучанага (ці адбітага) аб’ектам фота- або кіназдымкі, на некалькі (звычайна 3) спектральных дыяпазонаў у адпаведнасці з зонамі адчувальнасці элементарных слаёў колерафатаграфічнага матэрыялу. К. таксама наз. першую стадыю каляровага фатагр. працэсу (гл. Каляровая фатаграфія), якая забяспечвае атрыманне аднаколерных відарысаў на мнагаслойным матэрыяле. У шматкаляровым друку такія відарысы атрымліваюць на асобных святлоадчувальных слаях, якія наз. колерападзеленымі негатывамі. У каляровым тэлебачанні для атрымання сігналаў асн. колераў выкарыстоўваюцца 1-, 2- ці 3-трубачныя перадавальныя камеры (у т. л. на ПЗС-матрыцах), дзе агульны светлавы паток падзяляецца на 3 колерападзеленыя патокі з дапамогай святлопадзяляльнай оптыкі, якая мае набор дыхраічных фільтраў (ці прызмаў), карэкціровачных фільтраў і невыбіральных люстэркаў. Пры ідэальным К. спектральная вобласць выпрамянення падзяляецца на ўчасткі, якія мяжуюць, але не перакрываюцца адзін адным. Рэальнае К. ажыццяўляецца з дапамогай селектыўна паглынальных асяроддзяў (фарбавальнікаў у элементарных слаях фотаматэрыялу, святлафільтраў і інш.) і адрозніваецца ад ідэальнага, напр., з-за перакрывання зон прапускання гэтых асяроддзяў.

Літ.:

Артюшин Л.Ф. Основы воспроизведения цвета в фотографии, кино и полиграфии. М., 1970;

Джадд Д., Вышецки Г. Цвет в науке и технике: Пер. с англ. М., 1978.

А.​П.​Ткачэнка.

Да арт. Колерадзяленне: 1, 2, 3 — колерныя трохвугольнікі для вымярэння колеру, свячэння люмінафораў кінескопаў у тэлевізарах сістэмы НТСЦ і еўрапейскага стандарту; 4,5 — контуры колернасці ў каляровай фатаграфіі друку.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’Я́К (лац. Arsenicum),

арсенік, As, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 33, ат. м. 74,9216. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​75As. У зямной кары 1,7∙10​−4% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе мінералаў (гл. Мыш’яковыя руды). Як мікраэлемент ёсць у раслінных і жывёльных арганізмах (у арганізме чалавека 0,08—0,2 мг/кг). Злучэнні М. вядомыя з глыбокай старажытнасці; атрыманне метал. М. прыпісваюць Альберту Вялікаму (каля 1250). Лац. назва паходзіць ад грэч. arsin — моцны, рус. — магчыма, ад «мышь» (злучэнні М. яшчэ ў Стараж. Русі выкарыстоўвалі для знішчэння мышэй і пацукоў).

Вядома некалькі алатропных мадыфікацый М.; найб. устойлівая — метал. ці шэры М. (a = -As). Кампактны шэры М. мае выгляд серабрыстага буйнакрышт. металу, шчыльн. 5740 кг/м³, пры 615 °C узганяецца, плавіцца (tпл 817 °C) пры ціску пары 3,7 МПа. У вільготным паветры і пры награванні лёгка акісляецца. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі азотнай і сернай к-тамі, з галагенамі (утварае лятучыя трыгалагеніды AsHal3, а з фторам і пентафтарыд AsF5). Пры сплаўленні з металамі ўтварае арсеніды, са шчолачамі — арсін AsH3 і арсенаты (гл. таксама Мыш’яку злучэнні). Метал. М. атрымліваюць аднаўленнем сэсквіаксіду As2O3 вугалем, ачышчаюць сублімацыяй. Элементарны М. выкарыстоўваюць як дабаўку да сплаваў на аснове медзі, свінцу і волава, асабліва чысты — для сінтэзу і легіравання паўправадніковых матэрыялаў.

Літ.:

Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 1. С. 428.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука, якая вывучае генетычныя эфекты, абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнай радыяцыі; раздзел генетыкі і радыебіялогіі. Узнікла ў 1920-я г., калі на розных біял. аб’ектах (дразафілы, грыбы, расліны), было эксперыментальна даказана, што рэнтгенаўскае апраменьванне павялічвае ўзровень генет. змен (мутацый). Кірункі: генетычны — індукцыя мутацый для вывучэння спадчыннасці і зменлівасці; селекцыйныатрыманне мутантаў для стварэння новых сартоў с.-г. раслін і неабходных штамаў мікраарганізмаў; радыебіялагічны — аналіз механізмаў уздзеяння радыяцыі на спадчыннасць. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Першыя даследаванні праводзіліся ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі пад кіраўніцтвам П.Ф.Ракіцкага. Уклад у развіццё Р.г. зрабілі У.Х.Валодзін, Р.А.Ганчарова, І.А.Гардзей, Г.​М.​Лабко, Г.А.Лазюк, В.А.Мастоўнікаў, Х.В.Масэ, А.А.Ракіцянская, У.К.Саўчанка, Я.​І.​Тарасевіч і інш. Асаблівае значэнне даследаванні ў галіне Р.г. набылі пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986), у выніку якой вял. колькасць насельніцтва атрымала хранічнае апраменьванне ў малых дозах. Найб. шкоднымі наступствамі такога ўздзеяння з’яўляюцца генет. пашкоджанні, якія могуць пераходзіць у наступныя пакаленні. У БелНДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў вывучаюць узровень генет. змен у першым пасляаварыйным пакаленні. У Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі даследуюцца сродкі аховы ад хранічнага апраменьвання і вынайдзены унікальны генапратэктар меланін, які можа быць выкарыстаны для аховы спадчыннасці ад уздзеяння малых доз хранічнага апраменьвання. Даследуецца магчымасць выкарыстання радыегенет. эфектаў у якасці «біялагічнага дазіметра». Праводзіцца генет. маніторынг прыродных папуляцый жывёл і раслін у раёнах, забруджаных радыенуклідамі.

І.​Б.​Масэ.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)